Краткая справка:
князь гродзенскі, трокскі, вялікі князь і адзін з самых выдатных дзяржаўных дзеячаў ВКЛ
Варианты имени:
Аляксандр; Віганд
Имена на других языках:
Александр (русский); Витовт (русский);
4715 символов
Справка
Самым магутным сярод уладароў беларуска-літоўскай дзяржавы быў вялікі князь Вітаўт, якога летапісцы ўшанавалі “Пахвалой Вітаўту”, уключанай у “Летапіс вялікіх князёў літоўскіх”. Нарадзіўся ён каля 1350 г. Бацькам быў князь Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ) Кейстут. Маці – жрыца язычніцкага храма багіні Праўрымы Бірута. Вітаўт быў чацвёртым сынам князя, але з цягам часу стаў бацькавым улюбёнцам і рыхтаваўся працягваць яго справу. З малых гадоў княжыч атрымаў добрую фізічную загартоўку, а таксама належную чалавеку яго паходжання адукацыю. Ён валодаў не толькі старабеларускай, але яшчэ нямецкай і лацінскай мовамі. З трынаццаці гадоў браў удзел у далёкіх і небяспечных паходах супраць крыжакоў. Бацька выдзеліў Вітаўту ўдзел – Гарадзенскае княства, якім той кіраваў самастойна. У 1377 г. пасля смерці вялікага князя літоўскага Альгерда, роднага брата Кейстута, вялікакняжацкі пасад заняў яго сын Ягайла, сябар маладога Вітаўта. Кейстут і Вітаўт падтрымалі Ягайлу, але хутка паміж імі наступіў разлад. Ягайла марыў далучыць да сваіх уладанняў землі Кейстута. Падманам ён захапіў дзядзьку ў палон і загадаў задушыць князя ў крэўскім каземаце. Быў зняволены ў вежы крэўскага замка і Вітаўт. Але дзякуючы мужнасці жонкі і самаахвярнасці яе служанкі князю ўдалося ўцячы з вязніцы ў жаночым адзенні. Вітаўт прагнуў помсты за смерць бацькі, за тое, што яго самога зрабілі ўцекачом-выгнаннікам. Выключныя абставіны прымусілі князя звярнуцца за дапамогай у Тэўтонскі ордэн да сваіх найпершых ворагаў – крыжакоў. Вітаўту давялося перайсці з праваслаўя ў каталіцтва, атрымаць новае імя Віганд, аддаць Жамойцію. Ён быў згодны на ўсё, нават на вайну супраць роднай краіны. У ходзе барацьбы з Ягайлам пераканаўся ў яе бесперспектыўнасці і згадзіўся на мір. Атрымаў ад яго Берасце (Брэст) і Гародню (Гродна), большасць жыхароў якіх былі праваслаўныя. Вітаўт вярнуўся ў праваслаўе. Аднак у час заключэння Крэўскай уніі (1385) разам з Ягайлам і іншымі князямі зноў прыняў каталіцтва. Вітаўт спачатку выступаў як верны васал Ягайлы і падтрымліваў таго ва ўсіх справах. Але ў 1388 г. не задаволены тым, што Ягайла прызначыў сваім намеснікам у ВКЛ не яго, а Скіргайлу, узначаліў барацьбу феадалаў ВКЛ супраць Ягайлы. У выніку двухгадовага упартага і жорсткага змагання было заключана Востраўскае пагадненне 1392 г., па якому Ягайлу належала Польшча, а Вітаўту – усё Вялікае княства Літоўскае. У час перамоў Ягайла змог навязаць як мага больш выгадных для сябе і нявыгадных для Вітаўта ўмоў. Князь ВКЛ вымушаны быў прызнаць сябе васалам польскага караля. Але паступова ён умацаваў трываласць дзяржавы. Патроху пашыраўся ўплыў і на Русь. У 1397 г. за дапамогай да Вітаўта звярнуўся выгнаны з Залатой Арды хан Тахтамыш. У саюзе з ім у 1399 г. вялікі князь ВКЛ выступіў супраць хана Цімура-Кутлука. Практычныя памылкі, якія былі дапушчаны ў гэтым паходзе, прывялі да жахлівага разгрому літоўскага войска ў бітве на Ворскле. Кіруючыя колы Польшчы скарысталі цяжкае становішча ВКЛ і прымусілі Вітаўта заключыць Віленска-Радамскую унію 1401 г. З дапамогай палякаў ён неаднойчы хадзіў на рускія землі. У апошнім паходзе, у 1408 г., войскі Вітаўта і Васіля I сышліся на рацэ Угры, дзе яшчэ да пачатку бітвы быў заключаны мір і вызначана мяжа паміж дзвюма дзяржавамі. Няроўна складваліся адносіны ВКЛ з Тэўтонскім ордэнам. Пастаянная варожасць, якая чаргавалася з кароткімі перамір’ямі, прывяла Вітаўта да высновы, што пара ўсур’ёз заняцца самым небяспечным і страшным ворагам – крыжакамі. Вызначальнай у адносінах ВКЛ з ордэнам стала бітва пад Грунвальдам у 1410 г. Беларуска-польскае войска ўшчэнт разбіла крыжакоў. Ордэн ужо ніколі не здолеў аднавіць свае сілы. Небяспека крыжацкага націску на ўсход назаўсёды была знішчана. У выніку заключэння Тарунскага міру 1411 г. у склад ВКЛ была вернута Жамойція. Перамога над Тэўтонскім ордэнам падняла міжнародны аўтарытэт ВКЛ і яе гаспадара. Саюз Польшчы з ВКЛ быў умацаваны Гарадзельскай уніяй 1413 г., якая дала палітычныя прывілеі каталіцкай шляхце ВКЛ. Разумеючы значную ролю праваслаўнага насельніцтва ў дзяржаве, Вітаўт стварыў самастойную праваслаўную мітраполію з цэнтрам у Навагрудку. Усе наступныя гады для Вітаўта былі вяршыняй магутнасці і славы. Ён умела кіраваў краінай, падтрымліваў мір і спакой. У 1429 і 1430 гг. Вітаўт спрабаваў атрымаць ад папы рымскага тытул караля і каралеўскую карону. У 1430 г. павінна была адбыцца яго каранацыя. Аднак у выніку інтрыг і здрады палякаў асвечаная папам карона была перахоплена на паўдарозе і не была давезена да Вільні. Вітаўт так і не дачакаўся яе. У 1430 г. ва ўзросце 80 гадоў ён памёр. Вітаўт шмат паспеў зрабіць для радзімы. Ён пакінуў ВКЛ у росквіце славы і велічы.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2000 г., актуалізаваны ў 2010 г.