Свідрыгайла (у праваслаўі Леў, у каталіцтве Баляслаў)
Дата рождения:
каля 1370
Дата смерти:
10.02.1452
Краткая справка:
вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага
Варианты имени:
Баляслаў; Леў
Имена на других языках:
Болеслав (русский); Лев (русский); Свидригайло (русский);
3517 символов
Справка
Адна з буйнейшых еўрапейскіх дзяржаў перыяду Сярэдневякоўя – Вялікае Княства Літоўскае (далей – ВКЛ) адыгрывала значную ролю ў міжнароднай палітыцы тых часоў. Уладары княства заўсёды імкнуліся пашыраць тэрыторыю сваёй дзяржавы і захоўваць яе незалежнае становішча. Не стаў выключэннем і вялікі князь Свідрыгайла, які непрацяглы час узначальваў краіну ў перыяд унутрыпалітычнага крызісу 1430-х гг.
Нарадзіўся ён у сям’і вялікага князя літоўскага Альгерда і яго другой жонкі, цвярской князёўны Юльяны. Пра раннія гады жыцця княжыча вядома мала. Даследчыкі называюць яшчэ адно імя – Леў, якое ён верагодна атрымаў пры хрышчэнні па праваслаўным абрадзе. Пасля смерці бацькі і ўзыходу на велікакняжацкі пасад старэйшага брата Ягайлы (1377) як самы малодшы з сыноў, Свідрыгайла не атрымаў у спадчыну ніякіх уладанняў і выхоўваўся пры маці, хутчэй за ўсё ў Віцебску. Пасля выбрання Ягайлы каралём польскім (1386) знаходзіўся разам з ім у Кракаве (Польшча), дзе прыняў каталіцтва пад імем Баляслаў. У гэты перыяд атрымаў ва ўдзел Віцебскае княства, аднак у 1393 г. быў пазбаўлены яго вялікім князем ВКЛ і дваюрадным братам Вітаўтам. На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў Свідрыгайла імкнуўся адваяваць сабе месца ў палітычнай сістэме краіны. Дзеля гэтага ўдзельнічаў у войнах супраць крыжакоў і татар, заключаў з імі дагаворы аб узаемадапамозе, служыў у маскоўскага вялікага князя Васіля Дзмітрыевіча, некаторы час княжыў на Падоллі, у Ноўгарад-Северскім, Чарнігаўскім і Бранскім княствах, планаваў інтрыгі супраць Ягайлы і Вітаўта, усякі раз зноў прыміраючыся з братамі. У 1430 г. пасля смерці Вітаўта Свідрыгайла на з’ездзе паноў і баяр ВКЛ большасцю галасоў быў выбраны вялікім князем. Адразу пачалося абвастрэнне ўзаемаадносін паміж ВКЛ і Польшчай, якое ў 1431 г. перарасло ў вайну паміж дзвюма дзяржавамі. Уплывовыя палітычныя сілы ўнутры краіны, незадаволеныя вялікім князем, у пачатку восені 1432 г. спрабавалі яго забіць у Ашмянах, але папярэджаны Свідрыгайла ўцёк у Полацк. У выніку дзяржаўнага перавароту вялікім князем быў выбраны малодшы брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч. Яго ўладу прызналі Літва, Жамойць, Падляшша, Берасцейская і Менская землі, прынёманскія воласці. Астатнія беларускія, украінскія і рускія землі працягвалі падтрымліваць звергнутага князя.
Пазбегнуўшы смерці, Свідрыгайла ўступіў у барацьбу за велікакняжацкі пасад, намагаючыся аб’яднаць краіну пад сваёй уладай і захаваць яе незалежнасць ад Польшчы. Жорсткае супрацьстаянне паміж двума бакамі працягвалася некалькі гадоў. У верасні 1435 г. войскі Свідрыгайлы і яго саюзнікаў пацярпелі паражэнне пад Вількамірам (зараз г. Укмергэ, Літва). На працягу наступных гадоў Свідрыгайла паступова страціў уплыў у Смаленску, Віцебску, Полацку, Кіеве і іншых землях. Пасля яго ад’езду ў Малдову, а потым у Пакуцце ў 1439 г. апошнія з саюзнікаў – Валынь і Падолле прызналі ўладу Жыгімонта Кейстутавіча. У выніку гэтых падзей Свідрыгайла вымушаны быў адмовіцца ад барацьбы. Кароль Польшчы Уладзіслаў ІІІ Варненчык выдзеліў яму невялікае княства ў Пакуцці, на поўдні Галіччыны, а ў 1440 г. вялікі князь Казімір IV Ягелончык аддаў Свідрыгайлу Валынскае княства з гарадамі Луцк, Гомель, Давыд-Гарадок. Правіў князь у Луцку да сваёй смерці ў 1452 г., пасля чаго яго ўладанні па завяшчанні былі перададзены ВКЛ.
Доўгае і насычанае падзеямі жыццё Свідрыгайлы заўсёды прыцягвала ўвагу даследчыкаў. Аднак незвычайная асоба князя дагэтуль не атрымала ў гістарыяграфіі канчатковай ацэнкі, а яго дзейнасць патрабуе далейшага вывучэння.