Ягайла (у праваслаўі Якаў, у каталіцтве Уладзіслаў), сын Альгерда
Дата рождения:
1352(?)
Дата смерти:
01.06.1434
Краткая справка:
вялікі князь ВКЛ, кароль Польшчы, заснавальнік дынастыі Ягелонаў
Варианты имени:
Уладзіслаў; Якаў
Имена на других языках:
Владислав (русский); Ягайло (русский); Ягелло (русский); Яков (русский);
4075 символов
Справка
Унук славутага Гедзіміна, сын князя крэўскага і віцебскага, вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) Альгерда і цвярской князёўны Ульяны Аляксандраўны Ягайла (у праваслаўі Якаў, у каталіцтве Уладзіслаў) стаў уладаром ВКЛ у 1377 г., а каралём Польшчы ў 1386 г. Яго праўленне доўжылася 48 гадоў. Гэта быў перыяд значных палітычных, эканамічных і культурных поспехаў у гісторыі Польшчы і ВКЛ.
Міжусобная барацьба за велікакняжацкі пасад і палітычнае першынство са зводным братам полацкім князем Андрэем, з уплывовым дзядзькам князем троцкім Кейстутам і яго сынам Вітаўтам прымусілі Ягайлу з першых гадоў княжання ўмацоўваць сваю ўладу. Мудры і дальнабачны палітык, ён вёў перагаворы з Тэўтонскім ордэнам, якому нават перадаў палову Жамойці, і заключыў з ім перамір’е на чатыры гады. У той жа час Ягайла ўступіў у саюз супраць Масквы з уладаром Залатой Арды ханам Мамаем. Ён хацеў аслабіць маскоўскага князя Дзмітрыя Данскога і вярнуць страчаныя ўсходнія землі. Ягайла нават планаваў прыняць удзел у Кулікоўскай бітве 1380 г., аднак дапамогі Мамаю не аказаў. Пастаянныя пагрозы з боку крыжакоў і Маскоўскага княства вымусілі яго пайсці на саюз з Польшчай і заключыць у 1385 г. Крэўскую унію. У 1386 г. Ягайла прыняў каталіцтва, ажаніўся з польскай каралевай Ядвігай і стаў каралём Польшчы Уладзіславам II.
У 1387 г. Ягайла здзейсніў хрышчэнне літоўцаў-язычнікаў паводле каталіцкага абраду і заснаваў Віленскую рымска-каталіцкую епархію для Літвы і Беларусі (для Жамойці пазней было ўтворана ўласнае біскупства). Прыняцце каталіцтва паклала пачатак расколу паміж католікамі і праваслаўнымі, што прывяло да рэлігійнага супрацьстаяння ў ВКЛ. Праваслаўныя феадалы не маглі займаць галоўныя дзяржаўныя пасады, а гэта выклікала барацьбу ў дзяржаве, якую ўзначаліў Вітаўт. Вайна паміж князямі вялася некалькі гадоў і скончылася Востраўскім пагадненнем 1392 г., паводле якога Вітаўт прызнаваўся пажыццёвым намеснікам караля і вялікім князем літоўскім (фармальна з 1401 г.). Улада Ягайлы ў ВКЛ станавілася намінальнай, хаця ён меў тытул вярхоўнага князя. Частыя канфлікты з Тэўтонскім ордэнам прывялі да стварэння ваеннага саюзу паміж Польшчай і ВКЛ, вынікам якога стала Віленска-Радамская унія 1401 г. Саюзнікі атрымалі перамогу ў Вялікай вайне 1409–1411 гг. з ордэнам, а ў вырашальнай Грунвальдскай бітве (1410) беларуска-польскае войска пад камандаваннем Ягайлы ўшчэнт разбіла крыжакоў. Ордэн ужо ніколі не здолеў аднавіць свае сілы, і небяспека крыжацкага націску на ўсход знікла назаўсёды. У выніку заключэння Тарунскага міру 1411 г. Жамойць перадавалася пажыццёва Вітаўту. Гарадзельская унія 1413 г. замацавала саюзныя адносіны паміж Польшчай і ВКЛ.
Пасля смерці Вітаўта ў 1430 г. Ягайла прызнаў абранне на велікакняжацкі трон у Вільні свайго роднага брата Свідрыгайлы, што выклікала незадавальненне польскіх паноў. У 1431 г. адбыўся ваенны канфлікт: палякі спрабавалі захапіць Валынь. Як сведчыў вядомы польскі даследчык Я. Длугаш, “горшай за смерць была гэтая вайна для Ягайлы”. Пры набліжэнні польскага войска да якога-небудзь горада або замка кароль патаемна пасылаў туды вестуноў з папярэджаннем. Ягайла сарваў штурм Луцка, чым заслужыў горкія дакоры палякаў. Ён жа першым паспяшаўся заключыць перамір’е са Свідрыгайлам і спыніў паход польскага войска на ВКЛ. У 1432 г. у выніку перавароту вялікім князем літоўскім стаў Жыгімонт Кейстутавіч (брат Вітаўта). Пачалася феадальная вайна (1432–1439), у якой Ягайла падтрымаў Жыгімонта. Ён аддаў яму ў пажыццёвае праўленне ВКЛ і разглядаў як свайго намесніка, а сябе па-ранейшаму тытулаваў вярхоўным князем Літвы.
Ягайла памёр на 86-м годзе жыцця ў час міжусобіц паміж Свідрыгайлам і Жыгімонтам. Пасля чатырох шлюбаў толькі ад апошняй жонкі Соф’і Друцкай меў двух сыноў – Уладзіслава і Казіміра. Першы сын у 10-гадовым узросце быў выбраны каралём Польшчы (пад апекаю маці) пад імем Уладзіслава III, у 1440 г. стаў каралём Венгрыі. Загінуў у баі супраць туркаў пад Варнай (адсюль мянушка Варненчык). Другі сын у 1447 г. пад імем Казіміра IV стаў каралём Польшчы.