Краткая справка:
князь крэўскі і віцебскі, вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага
Имена на других языках:
Ольгерд (русский);
3083 символа
Справка
Альгерд – нашчадак слаўнага Гедыміна – валадарыў у Вялікім княстве Літоўскім з 1345 па 1377 год. Адзін з найвыдатнейшых палкаводцаў, правіцеляў, збіральнікаў і ахоўнікаў старажытнай Літоўска-Беларускай дзяржавы, ён быў празваны Альгердам Вялікім. Мудрасцю, развагай і воінскай доблесцю здабываў ён шчасце і мір сваёй Бацькаўшчыне, свайму народу.
Ад Гедыміна Альгерд атрымаў Крэўскае княства, а пасля смерці бацькі сваёй першай жонкі Марыі Яраслаўны стаў і віцебскім князем. Альгерд лічыў сябе прадстаўніком усёй усходняй (найбольшай) часткі дзяржавы. Таму, калі Вільня і вялікакняжацкі пасад дасталіся яго малодшаму брату Яўнуту, арганізаваў супраць яго змову з братам Кейстутам, які ў хуткім часе заняў Вільню і захапіў Яўнута. Аднак вялікакняжацкі пасад дастаўся Альгерду, што азначала прызнанне Кейстутам дамінуючага месца беларускіх зямель у дзяржаве. Будучы выразнікам інтарэсаў гэтых зямель, абапіраючыся на натуральны працэс іх далейшага эканамічна-палітычнага і культурна-этнічнага збліжэння, Альгерд паспяхова вёў палітыку, накіраваную на канчатковае аб’яднанне ўсходне-славянскіх зямель у адзінай дзяржаве. Да ВКЛ было далучана Чарнігава-Северскае княства, у палітычнай залежнасці ад яго апынулася Смаленскае княства.
Альгерд паспяхова змагаўся з крыжакамі ў бітвах 1345, 1347, 1348 (каля Трокаў), 1352, 1365, 1370 (Рудаўская бітва) гадоў. З 1351 г. вёў барацьбу з татарамі. У 1361–1362 гг. адваяваў у Залатой Арды Кіеўскае княства і пасадзіў там князем свайго сына Уладзіміра. Далей шлях ляжаў у бок Паўднёвага Буга на Сінія Воды. Тут адбылася вялікая бітва, у якой татары былі разбіты. Пасля перамогі Альгерд імкліва рушыў свае войскі далей на поўдзень і захапіў Белую Царкву, Звянігарад, Пуціўль. Выбіўшы татар з іх крэпасцей, ліцвіны дайшлі да Чорнага мора. Галоўным вынікам разгрому татар было вызваленне значнай часткі ўкраінскіх зямель ад татарскага іга, пашырэнне тэрыторыі балта-славянскага Вялікага княства Літоўскага да вусцяў Дняпра і Днястра, а таксама ўключэнне ў яго склад Кіеўскага, Валынскага княстваў, Падолля і Ноўгарад-Северскай зямлі. Перамога на Сініх Водах стала прадвесніцай пазнейшых разгромаў татар на Кулікоўскім полі.
На працягу свайго жыцця Альгерд праводзіў хрысціянізацыю Вільні. Па яго загаду разбурылі паганскае капішча, якое знаходзілася ў Вышнім замку, а на яго месцы ўзвялі прыдворную царкву св. Міхаіла. Вярнуўшыся з паходу на Ноўгарад, ён заклаў новую царкву ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы, пазней узвёў Троіцкую царкву. У 1368 г. Альгерд правёў важную рэформу, накіраваную на абмежаванне ўлады жрацоў-крэваў.
1377 г. быў апошнім у жыцці славутага князя Альгерда. Хаця і памёр ён хрысціянінам, усё ж паводле старажытнага паганскага звычаю яго спалілі на вогнішчы, а прах пахавалі ў адной з пабудаваных ім цэркваў.
За час княжання Альгерда тэрыторыя ВКЛ павялічылася больш чым у два разы, што было на карысць беларускім землям, якія занялі цэнтральнае месца ў дзяржаве. Гэта асабліва спрыяла росту эканомікі, высокаму развіццю культуры і тым самым забяспечвала ім вядучае месца ў дзяржаўным жыцці.