Краткая справка:
вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага
Варианты имени:
Гедымін; Кгедимин; Кгидимин; Скиндимин
Имена на других языках:
Gedimont (не определен); Giedymin (не определен); Jedimin (не определен); Гедимин (русский);
4027 символов
Справка
Вялікаму князю літоўскаму Гедзіміну ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) належыць асаблівае месца. Таленавіты палкаводзец, разважлівы палітык, выдатны дыпламат, ён зрабіў дзяржаву нашых продкаў моцнай, больш чым у два разы павялічыў яе тэрыторыю. Гедзімін заснаваў дынастыю, прадстаўнікі якой былі ўладарамі Польшчы, Чэхіі і Венгрыі, займалі высокія пасады ў Маскоўскай дзяржаве, знаходзіліся да 1572 г. на прастоле ВКЛ.
Паходжанне князя застаецца нявысветленым. З-за адсутнасці гістарычных крыніц нічога невядома пра яго дзіцячыя і юнацкія гады. Аб дзейнасці Гедзіміна дайшло больш звестак, аднак яны далёка не поўныя, некаторыя супярэчлівыя, не зусім дакладныя або легендарныя. Гэта датычыцца напісання імя, гісторыі заснавання Вільні, пытання, кім быў Гедзімін (братам ці сынам) вялікаму князю літоўскаму Віценю. Ёсць версіі, што ён паходзіў з полацкіх князёў.
Уладаром ВКЛ Гедзімін стаў пасля смерці Віценя ў 1316 г. Перад князем адразу паўсталі задачы ўмацавання княства, захавання яго цэласнасці, абароны ад знешніх ворагаў, якіх было шмат. Кіраваў дзяржавай чвэрць стагоддзя (да 1341 г.), і за гэты тэрмін ВКЛ дасягнула сапраўднай магутнасці. Гедзімін завяршыў працэс аб’яднання асноўнага масіву беларускіх зямель ад Заходняга Буга да Дняпра і Заходняй Дзвіны, што вызначыла іх дамінуючую ролю ў княстве. Асабліва важнае значэнне ў ВКЛ набыла Полацкая зямля, чым найперш і тлумачыцца перанос сталіцы княства з Новагародка ў Вільню, якая, паводле археалагічных і пісьмовых крыніц, была заснавана крывічамі. У пачатку 1320-х гг. Гедзімін аднавіў наступальную палітыку палачан у адносінах да Пскова і Ноўгарада, што прывяло да першых у гісторыі супярэчнасцей паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. Двойчы князь пасылаў на дапамогу Пскову ў яго барацьбе з крыжакамі войска на чале з Давыдам Гарадзенскім, які перамог ворагаў у 1322 і 1323 гг. У барацьбе з Лівонскім ордэнам абапіраўся на саюз з Рыгай, з якой меў цесныя гандлёвыя сувязі Полацк. Паколькі крыжацкія ордэны сваю агрэсію супраць ВКЛ апраўдвалі справай пашырэння хрысціянства сярод язычнікаў, Гедзімін у 1323–1324 гг. рабіў захады, каб ахрысціць у каталіцтва язычніцкае насельніцтва княства, але, убачыўшы адмоўныя адносіны да гэтага праваслаўных, якія складалі большасць насельніцтва краіны, і язычніцкай Жамойціі, адмовіўся ад свайго намеру. Для больш паспяховай барацьбы супраць агрэсіі крыжакоў заключыў у 1322 г. дагавор з мазавецкім князем, у 1325 г. з польскім каралём Уладзіславам І Лакеткам, а ў 1326 г. мір з Ноўгарадам і лівонскімі немцамі. Войскі ВКЛ і Польшчы перайшлі да актыўнага наступлення супраць Тэўтонскага ордэна. У 1326 і 1327 гг. былі нанесены сакрушальныя паражэнні Брандэнбургу, які з’яўляўся саюзнікам ордэна. Гедзімін клапаціўся пра ваеннае ўмацаванне дзяржавы. Па яго ініцыятыве былі пабудаваны замкі ў Вільні, Крэве, Троках, Лідзе, Медніках і іншых гарадах ВКЛ. На сталае жыхарства ў княства запрашаліся рамеснікі, гандляры, адукаваныя людзі з розных краін Еўропы, што спрыяла культурнаму развіццю дзяржавы. У гэты час з’явіліся выдатныя творы прыкладнога мастацтва, скульптуры, рукапісныя кнігі. Пры Гедзіміне ўтворана незалежная ад Маскоўскай Русі асобная літоўска-беларуская праваслаўная мітраполія з цэнтрам у Новагародку, якая падпарадкоўвалася непасрэдна канстанцінопальскаму патрыярху. Князь быў язычнікам, аднак вёў палітыку верацярпімасці (ёсць звесткі, што ў канцы жыцця прыняў хрысціянства паводле каталіцкага абраду).
Апошнія гады княжання Гедзіміна прайшлі ў барацьбе з крыжакамі. Ён узначальваў ваенныя паходы і заўсёды быў у першых радах войска. Загінуў зімой 1341 г. у баі падчас асады нямецкай крэпасці Баербург. У гістарычнай літаратуры сустракаюцца звесткі са спасылкай на чэшскія крыніцы, што князь быў атручаны пры спробе ў другі раз ахрысціць язычнікаў. Гедзімін пакінуў пасля сябе восем сыноў. Кожнаму з іх выпаў свой лёс (каму – вялікая ўлада, слава героя, некаторым – выгнанне), але аб’ядноўвала ўсіх адно – гонар называцца Гедзімінавічамі.