Дата начала: 1323 Ліда, г., Гродзенская вобласць
Краткая справка: помнік абарончага дойлідства ХІV–ХV стст., унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Названия на других языках: Лидский замок (русский);
Лідскі замак – адзін з першых мураваных помнікаў абарончага дойлідства XIV–XV стст., пабудаваны па загаду Князя Гедзіміна ў 1330-я гг. з мэтай абароны зямель Вялікага Княства Літоўскага ад рыцараў-крыжакоў. На працягу пяці гадоў на штучным пагорку вышынёй 5–6 м, насыпаным з пяску і жвіру, на балоцістай нізіне ў сутоцы рэк Лідзеі і Каменкі былі ўзведзены амаль непрыступныя сцены замка. Мясцовыя будаўнікі сумесна з запрошанымі замежнымі, узяўшы за аснову рыцарскі кастэль, перапрацавалі і прыстасавалі яго да мясцовых прыродных і абарончых умоў. Збудаваны на аснове чатырохвугольнага рэгулярнага плана, замак быў вырашаны ў надзвычай строгіх і лаканічных архітэктурных формах. Даўжыня самай вялікай паўночнай сцяны – 93,5 м, паўднёвай – 80 м, а заходняй і ўсходняй – адпаведна 84 і 83,5 м. Уздоўж паўночнай сцяны праходзіў глыбокі вадзяны роў шырынёй да 20 м, які надаваў збудаванню астраўное становішча, што яшчэ больш павялічвала яго фартыфікацыйныя вартасці. Сцены мелі вышыню каля 12 м. Для забеспячэння ўстойлівасці і трываласці муры мелі значную таўшчыню – унізе была большая за 2 м, а ўверсе змяншалася да 1,5 м. У ніжняй частцы сцены выкладваліся з вялікіх валуноў, прастора паміж якімі мацавалася каменнымі клінамі і драўлянымі бэлькамі, а потым запаўнялася дробным каменнем, бітай цэглай і рошчынай. Уверсе па перыметры праходзіў пояс байніц, размешчаных праз кожныя 2,4 м. Прызначаныя для стральбы з лукаў і арбалетаў, а пазней з агнястрэльнай зброі, шчыліны байніц пашыраліся ўнутр замкавага двара. Трапіць у замак можна было толькі праз разборны драўляны мост, перакінуты цераз роў, які вёў да даволі вялікай уязной брамы для вершнікаў, зробленай ва ўсходняй сцяне і завершанай паўцыркульнай аркай, над якой размяшчаўся ляпны картуш з выявай дзяржаўнага герба ВКЛ – «Пагоні». Непадалёку ад яе знаходзілася другая, меншая па памерах, уваходная брама са спічастым завяршэннем, прызначаная, верагодна, для штодзённага карыстання. Паміж сабою брамы злучаліся драўляным памостам. У паўднёва-заходнім куце замкавага двара была ўзведзена амаль квадратная вежа 11,3 на 11,3 м. Таўшчыня сцен у падмурку (каля 3 м) сведчыць, што вежа мела значную вышыню і ўмацоўвала ўсё збудаванне.
У канцы XIV – пачатку XV ст. вялікі князь ВКЛ Вітаўт перабудаваў Лідскі замак. Ён стаў адным з самых мацнейшых ва ўсім княстве. Была ўзведзена яшчэ адна вежа на процілеглым паўночна-ўсходнім куце двара. Яна мела танчэйшыя сцены і таму адпаведна большую ўнутраную прастору. На верхніх ярусах, як лічылі даследчыкі, знаходзіліся княжацкія пакоі, на ніжніх – суд, архіў, а ў падзямеллі – турма. Пад рэшткамі вежы археолагі знайшлі кавалкі паліваных і непаліваных кафляў, а таксама глінянага і шклянога посуду. Паўднёвая сцяна была прарэзана на вышыні каля 2 м ад зямлі скразным праёмам з паўцыркульнай аркай – запасным ходам для раптоўных вылазак гарнізона або скрытага выхаду ў крытычныя моманты абароны. На тэрыторыі замкавага двара размяшчаліся праваслаўная царква, жылыя і гаспадарчыя пабудовы, у тым ліку дом каменданта, склады, казармы. Ва ўсходняй частцы знаходзіліся два калодзежы. Сярэдзіна двара была забрукавана. У XVI ст. атрымаў дадатковае ўмацаванне – штучнае возера, якое прыкрывала яго з усходу. Лідскі замак зведаў шмат аблог і штурмаў. У час Паўночнай вайны 1700–1721 гг. быў моцна пашкоджаны. Пасля чаго страціў сваё абарончае прызначэнне. На тэрыторыі замка больш ніхто не жыў, драўляныя будынкі былі спалены, калодзежы засыпаны, а сцены паступова пачалі рушыцца. Канчаткова ён пераўтварыўся ў руіны летам 1794 г., калі ў яго мурах абараняліся ад царскіх войскаў паўстанцы Т. Касцюшкі, супраць якіх арміяй была прыменена артылерыя.
У канцы XVIII – пачатку XIX ст. замак яшчэ ўражваў сваёй магутнасцю. Стаялі замкавыя муры з байніцамі і аркатурным поясам на паўночнай і ўсходняй сценах, дзе-нідзе рэшткі вежаў захоўваліся да ўзроўню трэцяга паверха. Канец XIX ст. стаў для яго трагічным. У 1891 г. пажар знішчыў амаль увесь горад, для аднаўлення якога наладзілі разборку замкавых сцен. Цэглу і камяні выкарыстоўвалі на будоўлю. Толькі ўмяшанне Імператарскай Археалагічнай камісіі спыніла гэтыя дзеянні. Былі выдзелены сродкі на правядзенне работ па кансервацыі старажытнага ўмацавання. У пачатку ХХ ст. выкананы некаторыя работы. Былі разабраны небяспечныя часткі каменных муроў, а верхняя частка сцен замацавана цэментнай рошчынай. У 1920-я гг. у Лідскім замку праводзіліся работы польскімі рэстаўратарамі пад кіраўніцтвам архітэктара Т. Буршэ. Былі злучаны каменнай агароджай заходняя і паўднёвая сцены, часткова закладзены разбураны паўднёва-ўсходні кут і замурованы бакавыя ўваходы. На месцы парушанага паўночна-заходняга вугла з’явіліся драўляныя вароты. Летам тут часта спыняўся вандроўны цырк ці звярынец, а зімой пасярэдзіне двара ставілі ёлку і залівалі каток. 22 студзеня 1940 г. урад БССР прыняў пастанову аб ахове помнікаў рэвалюцыі, мастацтва, старажытнасці і захаванні архіваў у заходніх абласцях. Лідскі замак атрымаў статус помніка архітэктуры. У ліпені 1941 г. на яго тэрыторыі быў лагер ваеннапалонных. З 1970 г. пачаліся археалагічныя і гістарычныя даследаванні, а з 1978 г. – комплексная рэстаўрацыя. Да 1980 г. завершаны паўночная, усходняя, часткова паўднёвая сцены і паўночна-ўсходняя вежа. У сярэдзіне 1990-х гг. рэстаўрацыйныя работы былі спынены. Маштабны новы этап у аднаўленні Лідскага замка пачаўся ў 2006 г. Да 2010 г. сцены і паўднёва-заходняя вежа былі дабудаваны, драўляная галерэя з новымі кансольнымі бэлькамі і брусам злучыла вежы, замкавы двор засыпаны пяском і друзам. Заканчэнне рэстаўрацыйных работ адбылося ў 2019 г. Дзякуючы акварэлям мастака Ю. Пешкі, гравюрам В. Дмахоўскага, Н. Орды, В. Гразнова, замалёўкам Я. Драздовіча, фотаздымкам канца XIX ст., захаваліся неацэнныя матэрыялы, якія дазволілі аднавіць выдатны старажытны помнік архітэктуры. У свой час археалагічныя даследаванні праводзілі М.А. Ткачоў (1970), А.А. Трусаў (1977–1978, 1980, 1985), А.К. Краўцэвіч (1986–1987). Сёння Лідскі замак адкрыты для турыстаў круглы год і прываблівае тысячы наведвальнікаў. Летам тут традыцыйна праходзяць тэатралізаваныя паказы і рыцарскія турніры. Зімой ва ўнутраным двары замка заліваецца каток.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.