Краткая справка:
кароль польскі, вялікі князь літоўскі
Варианты имени:
Аляксандр Казіміравіч; Ягайлавіч Аляксандр Казіміравіч; Ягелон Аляксандр Казіміравіч
Имена на других языках:
Александр Казимирович (русский); Александр Казимирович Ягелончик (русский); Александр, сын Казимира ІV (русский);
5308 символов
Справка
Прадстаўніка славутай дынастыі Ягелонаў, вялікага князя ВКЛ і караля польскага Аляксандра, сына Казіміра IV, унука Ягайлы, беларускія гісторыкі называюць заканадаўцам. У гады свайго праўлення ён удасканаліў палітычную сістэму, вызначыў асновы грамадзянскага і крымінальнага права, замацаваў прынцыпы міжнароднай палітыкі.
Аляксандр нарадзіўся ў Кракаве. Атрымаў адукацыю пад кіраўніцтвам італьянскага гуманіста Ф. Буанакорсі (Калімах) і гісторыка Я. Длугаша. Пасля смерці Казіміра IV Аляксандр быў выбраны вялікім князем літоўскім (каранаваны ў Віленскім кафедральным саборы ў ліпені 1492 г.). У гады яго праўлення (1492–1506) у ВКЛ спыніліся мяцяжы і буйныя міжшляхецкія канфлікты. Адбыўся працэс фарміравання і ўмацавання княства як прававой дзяржавы. Назіралася ўдасканаленне судовай сістэмы краіны. Адразу пасля выбрання на велікакняжацкі пасад Аляксандр выдаў 6 жніўня ў Вільні Прывілей 1492 – агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, які меў характар феадальнай канстытуцыі княства. Ён замацоўваў асновы дзяржавы і грамадскага ладу, пануючае становішча баяр і іх вярхоў – паноў. Згодна з прывілеем узрастаў палітычны ўплыў беларускіх магнатаў і шляхты, павялічылася іх роля ў кіраванні ВКЛ, пашырылася ўздзеянне на ўнутраную і знешнюю палітыку краіны. Яны захоўвалі ранейшыя або атрымлівалі новыя дзяржаўныя пасады (маршалкаў, старостаў, кашталянаў), некаторыя станавіліся намеснікамі Аляксандра ў буйных гарадах, набывалі зямельныя ўладанні на тэрыторыі княства. Ва ўнутранай палітыцы значную ўвагу надаваў вялікі князь літоўскі развіццю гарадоў і мястэчак, многія з іх атрымалі розныя прывілеі, у тым ліку і магдэбургскае права. Князь праводзіў урбанізацыйную палітыку і садзейнічаў стварэнню рынкаў; здзейсніў грашовую рэформу, у выніку якой у абарачэнне трапілі першыя ўласныя манеты ВКЛ – пенязь і паўгрош. Гэта спрыяла хуткаму папаўненню казны, якая ва ўмовах ваенных дзеянняў з Маскоўскай дзяржавай і Ардой аказалася поўнасцю апустошанай. Дзякуючы ўзважанай палітыцы Аляксандра, у ВКЛ падтрымліваўся рэлігійны і міжканфесійны дыялог, развіваліся адукацыя і асвета, умацоўвалася этнічная свядомасць беларусаў.
Вялікі князь літоўскі праводзіў актыўную знешнюю палітыку. У артыкуле 13 Прывілея 1492 былі замацаваны яе асноўныя прынцыпы: захаванне незалежнасці, добрасуседскія адносіны з іншымі дзяржавамі, захаванне папярэдніх саюзаў і пагадненняў. У часы кіравання Аляксандра актывізаваліся дыпламатычныя ўзаемаадносіны ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай, Крымскім ханствам, Заволжскай Ардой, Інфлянцкім ордэнам, Валашскім княствам, Чэшскім і Венгерскім каралеўствамі, а таксама з Турцыяй і Ватыканам. Ён заклікаў свайго брата Я. Альбрэхта, які з’яўляўся каралём Польшчы, разам выступаць супраць татараў і туркаў, а таксама мірна вырашаць спрэчкі і ўзаемныя маёмасныя прэтэнзіі паміж польскімі і беларускімі панамі і князямі, якія жылі на Валынскай, Драгічынскай і Берасцейскай землях. У знешняй палітыцы Аляксандра галоўнымі былі адносіны ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай, якая аднавіла ваенныя дзеянні супраць княства, прыпыненыя пры Казіміры IV. У 1492–1494 гг. у ходзе вайны ВКЛ страціла частку сваёй тэрыторыі з гарадамі Мцэнск, Любуцк, Вязьма, Дарагабуж і інш. Мірны дагавор на некалькі гадоў быў падпісаны ў 1495 г. і замацаваны шлюбам Аляксандра з Аленай Іванаўнай, дачкой вялікага князя маскоўскага Івана ІІІ. Аднак, у 1500 г. зноў пачалася вайна. У ходзе баявых дзеянняў 14 ліпеня адбылася бітва на Вядрошы, у якой войска ВКЛ было разгромлена, а многія яго кіраўнікі (гетман К. Астрожскі, маршалак надворны Р. Осцік, маршалак І. Храптовіч і інш.) трапілі ў палон. У гэты час актывізаваліся і крымскія татары. У 1500 г. войска хана Менглі-Гірэя напала на Валынь, Берасцейскую зямлю і Польшчу, апустошыла і абрабавала многія ўкраінскія і беларускія воласці. У 1501 г. вялікі князь літоўскі быў выбраны каралём Польшчы. Гэта спрыяла аднаўленню працэсу аб’яднання дзвюх дзяржаў пад уладай аднаго манарха. Пасля ўзыходжання на польскі трон Аляксандр атрымаў дадатковыя эканамічныя і фінансавыя магчымасці. Ён наняў у Еўропе наёмнікаў і накіраваў іх супраць маскоўскіх войскаў, якія актывізавалі наступленне на землі ВКЛ. У 1501–1502 гг. яны асаджвалі Мсціслаў, Смаленск, Віцебск і Полацк, аднак захапіць гарады не змаглі. Іван ІІІ, сустрэўшы моцнае супраціўленне, заключыў з Аляксандрам перамір’е, якое было падпісана 4 сакавіка 1503 г. Паводле дагавора ВКЛ страціла 25 гарадоў (па іншых звестках 19), у тым ліку Чарнігаў, Старадуб, Бранск, Гомель і інш. Пачынаючы з 1502 г., актывізаваліся і крымскія татары, якія здзейснілі некалькі вялікіх набегаў на землі ВКЛ. Захапілі і разбурылі Тураў, двойчы спрабавалі ўзяць Слуцк, але былі адкінуты дружынай князя С. Слуцкага. У 1506 г. праз Брагін, Мазыр і Петрыкаў падыйшлі да Мінска. Яны дзейнічалі ў розных напрамках і ў гэтым жа годзе нанеслі значны ўрон Лоеву, Ашмянам, Ваўкавыску, Гродна, Друцку, Віцебску, Полацку і іншым гарадам, абрабавалі і спалілі Навагрудак і шэраг паселішчаў. 5 жніўня 1506 г. адбылася Клецкая бітва, у час якой войска ВКЛ на чале з гетманам М. Глінскім разбіла крымскіх татараў. Пра перамогу пад Клецкам Аляксандр даведаўся ў Вільні. У гэты час ён цяжка хварэў. Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Аляксандр памёр 19 жніўня 1506 г. і быў пахаваны ў кафедральным касцёле Святога Станіслава ў Вільні.