Дата рождения:
03.09.1731 Свіслацкі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерти:
13.12.1826
Краткая справка:
вучоны, які працаваў у галіне гісторыі, філалогіі, медыцыны і інш., дзеяч Рымска-каталіцкай Царквы, заснавальнік Магілёўскай друкарні, член Расійскай АН і Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі, узнагароджаны ордэнамі Святога Андрэя Першазванага, Святога Аляксандра Неўскага, Белага Арла, Святога Уладзіміра IV ступені і інш.
Имена на других языках:
Богуш-Сестренцевич Станислав Иванович (русский);
3507 символов
Справка
Станіслаў Іванавіч Богуш-Сестранцэвіч – знакавая асоба ў гісторыі Беларусі. Ён вядомы ў нашай краіне і за яе межамі як палітык, рымска-каталіцкі царкоўны дзеяч, гісторык, пісьменнік, філолаг, мецэнат. Яго жыццё і дзейнасць выклікаюць цікавасць шырокіх навуковых колаў, пачынаючы з канца XIX ст. і да нашага часу.
Нарадзіўся С.І. Богуш-Сестранцэвіч у в. Занкі Ваўкавыскага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер Свіслацкі раён Гродзенскай вобласці) у шляхецкай сям’і пратэстанцкага веравызнання. Па некаторых звестках дзядзька пісьменніка В. Дуніна-Марцінкевіча. Вучыўся ў Кейданскім кальвінісцкім пансіёне, затым у Слуцкай гімназіі. Працягваў навучанне ва ўніверсітэтах у Кёнігсбергу, Франкфурце, Амстэрдаме і Лондане. Служыў афіцэрам у прускім гусарскім палку, потым у літоўскай гвардыі. У 1761 г. выйшаў у адстаўку ў чыне капітана і працаваў хатнім настаўнікам у Радзівілаў. У гэты перыяд перайшоў у каталіцызм. Пасля заканчэння ў 1763 г. Варшаўскай галоўнай школы піяраў прыняў духоўны сан. Служыў настаяцелем у Бабруйскай і Гомельскай парафіях, канонікам і епіскапам-суфраганам у Вільні. У 1773 г. прызначаны біскупам беларускага біскупства з цэнтрам у Магілёве. Пазней атрымаў правы кардынала і ў 1782 г. стаў Магілёўскім арцыбіскупам, кіраўніком беларускай каталіцкай епархіі. З 1798 па 1826 г. – мітрапаліт рымска-каталіцкай царквы Расійскай імперыі. Нягледзячы на тое, што з’яўляўся каталіцкім іерархам, імкнуўся не дапусціць пашырэння ўплыву езуітаў і экспансіі Ватыкана. Такія погляды прывялі да таго, што ў 1800 г. з-за інтрыг езуітаў ён быў высланы з Санкт-Пецярбурга, але ўжо ў 1801 г. вярнуўся ў чыне папскага прымаса.
З 1813 г. С.І. Богуш-Сестранцэвіч быў прэзідэнтам Вольнага эканамічнага таварыства. З’яўляўся членам Расійскай Акадэміі навук і Санкт-Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі. Шмат увагі надаваў распаўсюджванню ідэй гуманізму і асветніцтва, спрыяў адкрыццю школ на Беларусі, на ўласныя сродкі пабудаваў касцёл Святога Станіслава ў Санкт-Пецярбургу. Вучоны валодаў шырокімі ведамі па літаратуры, гісторыі, аграноміі, медыцыне, цікавіўся пытаннямі паходжання славян, краязнаўствам. У 1774 г. заснаваў Магілёўскую друкарню, у якой выдадзена каля 50 кніг царкоўнага і свецкага характару на рускай, польскай, лацінскай і французскай мовах. Сярод выданняў былі ўрадавыя пастановы, даведнікі, падручнікі, пазнавальная літаратура, мастацкія творы, разнастайныя календары. У друкарні выйшлі ў свет некаторыя даследаванні С.І. Богуш-Сестранцэвіча. Ён з’яўляецца аўтарам гісторыка-філалагічных прац, сярод якіх найбольшую вядомасць атрымалі «Аб Заходняй Расіі» (1793), «Гісторыя Таўрыды» (т. 1–2, 1800), «Гісторыя сарматаў і славян» (т. 1–4, 1812), «Даследаванне аб паходжанні рускай мовы» (неапублікавана), «Граматыка літоўская» (мелася на ўвазе граматыка беларускай мовы; не выдадзена) і інш. Як прадстаўнік эпохі Асветніцтва С.І. Богуш-Сестранцэвіч імкнуўся выражаць свае думкі ў вершаванай форме. Ён не быў прафесійным паэтам, але пакінуў багатую літаратурную спадчыну: вершы, казанні, дыдактычныя і драматычныя творы. У Магілёве напісаў, паставіў і выдаў вершаваную трагедыю «Гіцыя ў Таўрыдзе» (1783), трагедыю ў пяці дзеях «Ора» (1788). Мітрапаліт вядомы і як прадпрымальнік. Яму належалі фабрыка ў Магілёве, спіртавы завод, суконная фабрыка, аранжарэя ў Буйнічах.
Палітычная, царкоўная, навуковая дзейнасць вучонага адзначана ордэнамі Святога Андрэя Першазванага, Святога Аляксандра Неўскага, Белага Арла, Святога Уладзіміра IV ступені і інш.