Гісторыя Магілёўскай друкарні бярэ свой пачатак у 1774 г., калі вучоны і біскуп С. І. Богуш-Сестранцэвіч заснаваў уласную друкарню пры рымска-каталіцкай кансісторыі. Размяшчалася друкарня спачатку ў Магілёўскім касцёле кармелітаў, потым была перавезена ў прыгарадны палац С.І. Богуша-Сестранцэвіча ў Пячэрск.
У 1776 г. Магілёўская друкарня атрымала дазвол на выданне кніг на рускай мове. Менавіта з гэтага часу ў кнігадрукаванні Беларусі пачаўся выкарыстоўвацца грамадзянскі шрыфт. Паводле ўказа Кацярыны II у 1780 г. друкарня была абавязана публікаваць афіцыйныя матэрыялы і стала выконваць функцыі губернскай.
За гады дзейнасці друкарняй выдадзена каля 60 назваў кніг на польскай, лацінскай, рускай, нямецкай і французскай мовах. Сярод іх ‒ навуковыя працы, даведачная літаратура, афіцыйныя выданні, царкоўныя календары. Найбольш вядомыя з іх ‒ «Установы для кіравання губерняй» (1774, 1777, 1795), «Каляндар беларускіх намесніцтваў на 1783» (1782), «Кароткая французская граматыка» (1784, 1796), «Беларускія календары» (1784–1795), «Тры кнігі аб паэтычным мастацтве» (1786) Ф. Пракаповіча, «Трактат Вечнага міру і сяброўства» (1792), «Дырэкторыумы» (каля 1807–1844). Цікавасць прадстаўляюць выданні твораў самога С. Богуша-Сестранцэвіча: навуковыя працы «Аб Заходняй Русі» (1793) і «Аб паходжанні сарматаў і славян» (1810), вершы і прамовы, «Вандроўны турак» (1789, польскі пераклад «Гісторыі Сіндбада-Марахода»), трагедыя «Гіцыя ў Таўрыдзе» (1783).
У 1844 г. друкарня спыніла сваю дзейнасць.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.