Дата рождения:
12.05.1833 Маладзечанскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
31.01.1930
Краткая справка:
прыродазнавец, заолаг, даследчык Усходняй Сібіры і Далёкага Усходу, урач, публіцыст, замежны член-карэспандэнт АН СССР, член Польскай АН
Варианты имени:
Дыбоўскі Бенядзікт Тадэвуш
Имена на других языках:
Dybowski Benedykt Tadeusz (польский); Дыбовский Бенедикт Иванович (русский); Дыбовский Бенедикт Тадеуш (русский); Наленч-Дыбовский Бенедикт Тадеуш (русский);
4290 символов
Справка
Выдатны прыродазнавец і вандроўнік другой паловы ХІХ ст. Бенядзікт Іванавіч Дыбоўскі быў адным з першапачынальнікаў даследаванняў прыроды Сібіры і асабліва возера Байкал.
Нарадзіўся ён у маёнтку Адамарын Вілейскага павета Мінскай губерні (цяпер Маладзечанскі раён Мінскай вобласці) у шляхецкай сям’і. Атрымаў хатнюю адукацыю, скончыў Мінскую губернскую гімназію. У 1853–1860 гг. вывучаў медыцыну і прыродазнаўчыя навукі ў Дэрпцкім, Вроцлаўскім і Берлінскім універсітэтах. У студэнцкія гады зацікавіўся карпавымі рыбамі Прыбалтыкі і прысвяціў гэтай тэме даследчыцкую работу «О пресноводных рыбах Лифляндии» (1856), якая была адзначана залатым медалём. Скончыўшы навучанне, Б.І. Дыбоўскі абараніў дысертацыю на саісканне вучонай ступені доктара медыцыны і хірургіі ў Берлінскім універсітэце (1860). У 1862 г. запрошаны на пасаду прафесара кафедры заалогіі і параўнальнай анатоміі Галоўнай школы Варшавы. Выкладчыцкую дзейнасць сумяшчаў з даследаваннямі эмбрыялогіі насякомых. Яго лекцыі як прыхільніка тэорыі Ч. Дарвіна аб эвалюцыйным развіцці расліннага і жывёльнага свету ўражвалі слухачоў сваёй навізной.
За ўдзел у паўстанні 1863–1864 гг. Б.І. Дыбоўскі быў сасланы ва Усходнюю Сібір. У 1867 г. вучоны атрымаў дазвол на вольнае пасяленне на паўднёвым беразе возера Байкал, дзе пачаў грунтоўныя даследаванні. Вызначыў яго найбольшую глыбіню, хімічны састаў, тэмпературу і ваганні ўзроўню вады, апісаў багатую фаўну і прыродныя ўмовы. Здзейсніў некалькі экспедыцый у Забайкалле, дасягнуў берагоў Ціхага акіяна, даследаваў басейны рэк Амур і Усуры. Вучоны сабраў багатыя калекцыі мясцовай фаўны і адправіў у музеі больш за 2500 экзэмпляраў прэпарыраваных птушак і 100 000 экзэмпляраў насякомых. Сярод апісаных ім новых, невядомых раней відаў – даурскі вожык, сібірскі барсук, амурскі собаль, байкальская выдра і інш. Актыўна дасылаў матэрыялы пра знаходкі і назіранні ў навуковыя часопісы. Сярод публікацый гэтага перыяду – «Исследование голомянки» і «Северное сияние в Култуке» (1870), «Отчет об измерении глубин озера Байкал» (сумесна з В.А. Гадлеўскім, 1871), «Материалы для зоогеографии Восточной Сибири» (1872), «Гаммариды озера Байкал» (1875), «Рыбы озера Байкал» (1876) і інш. Выдатныя дасягненні Б.І. Дыбоўскага былі прызнаны навуковым светам і адзначаны малым залатым медалём Імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства (1870).
У 1877 г. Б.І. Дыбоўскі атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму, аднак вырашыў працягнуць навуковую працу на Усходзе. У 1879–1882 гг. вывучаў прыроду Камчаткі і Камандорскіх астравоў – асаблівасці клімату, рэльефу, шматлікія мінеральныя і тэрмальныя крыніцы, жывёльны і раслінны свет. Даследаванні сумяшчаў з медыцынскай практыкай і асветніцкай дзейнасцю. Заснаваў на Камчатцы дзве бальніцы, вывучаў прычыны захворванняў мясцовага насельніцтва, вёў барацьбу з эпідэміямі, прапагандаваў гігіенічныя веды. Па яго прапанове на паўвостраў былі завезены алені і коні, пачалося развядзенне авечак, коз, трусоў, засяленне рэк і азёр карпавымі рыбамі, уведзена абмежаванне на сабалінае паляванне.
У 1883 г. Б.І. Дыбоўскі ўзначаліў кафедру заалогіі ў Львоўскім універсітэце. На працягу 20 гадоў Бенядзікт Іванавіч чытаў курс заалогіі і антрапалогіі, ставіў навуковыя вопыты, вёў шырокую перапіску, апрацоўваў і ўпарадкоўваў свае калекцыі, на аснове якіх у далейшым стварыў ва ўніверсітэце заалагічны музей, арганізаваў выстаўку заалагічных і этнаграфічных матэрыялаў, прывезеных з камчацкай экспедыцыі. Даследчык з’яўляецца аўтарам каля 200 навуковых прац, сярод якіх – «Добродетели и верования камчадалов» (1886), «О Сибири и Камчатке» (1899), «Систематический список видов и семейств позвоночных животных Восточной Сибири» (1922), «О пресноводных и морских рыбах Восточной Сибири» (1923) і інш.
Вучоны быў ганаровым прафесарам Львоўскага і Віленскага ўніверсітэтаў, сапраўдным членам Імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства (1878) і Польскай акадэміі навук (1884), замежным членам-карэспандэнтам Акадэміі навук СССР (1928). Яго імем названы шматлікія віды жывёл розных сістэматычных груп, гара на в. Берынга (Расія), даследчае судна гідрабіялагічнай станцыі на Байкале. Жыццю і дзейнасці нашага славутага земляка прысвечаны дакументальны фільм «Бенядзікт Дыбоўскі. Таямніцы свяшчэннага мора» (2019, рэжысёр Т. Вашчанка).