Краткая справка:
артыстка балета, педагог, народная артыстка Беларусі
Имена на других языках:
Бржозовская Людмила Генриховна (русский);
3408 символов
Справка
Адной з найбольш значных з’яў у айчынным харэаграфічным мастацтве 1970–1980-х гг. стала творчасць народнай артысткі Беларусі Людмілы Генрыхаўны Бржазоўскай.
Нарадзілася будучая балерына ў Мінску ў сям’і жывапісца Генрыха Бржазоўскага. Мастацтвам танца захапілася ў дзяцінстве на занятках у студыі Мінскага палаца піянераў. Прафесійную адукацыю атрымала ў Беларускім дзяржаўным харэаграфічным вучылішчы. Сярод яе выкладчыкаў былі такія выдатныя танцоўшчыцы і педагогі, як заслужаная артыстка БССР Н. Младзінская і народная артыстка БССР І. Савельева. Пасля заканчэння навучання (1966) Л. Бржазоўская ўвайшла ў склад трупы Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета БССР (цяпер Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь). Ужо праз год таленавітая выпускніца вучылішча дэбютавала на яго сцэне ў ролі Сольвейг у спектаклі «Пер Гюнт» Э. Грыга. Стажыроўка ў Ленінградскім тэатры оперы і балета імя Кірава (цяпер Дзяржаўны акадэмічны Марыінскі тэатр) у класе народнай артысткі СССР Н. Дудзінскай (1970) стала для яе неацэнным вопытам, які разам з выдатнымі прыроднымі данымі і высокім прафесіяналізмам зрабіў яе вядучай танцоўшчыцай беларускай сцэны.
У далейшым Л. Бржазоўская выканала галоўныя партыі практычна ва ўсіх балетных пастаноўках Дзяржаўнага тэатра оперы і балета. Яе майстэрства вызначалася высокім лірыка-трагедыйным напалам, завершанасцю ліній, уменнем спалучаць унутраную сутнасць вобраза з пластычным малюнкам танца. У час працы над спектаклямі «Рамэа і Джульета» (1970) і «Трыстан і Ізольда» (1971) склаўся творчы дуэт балерыны з танцоўшчыкам Ю. Траянам. Шмат гадоў артысты выступалі разам і прыносілі сапраўдную асалоду прыхільнікам балета. Лепшымі ролямі артысткі ў класічным рэпертуары сталі Адэта-Адылія, Аўрора, Маша («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П. Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А. Адана), Сільфіда («Сільфіда» Х. Левенскольда). У нацыянальных балетах яна стварыла вобразы Наталькі («Курган» Я. Глебава), Маці («Крылы памяці» У. Кандрусевіча), Дзяўчыны («Пасля балю» Г. Вагнера). Людміла Бржазоўская першая выканала галоўныя партыі ў прэм’ерных спектаклях, пастаўленых В. Елізар’евым: Кармэн («Кармэн-сюіта» Ж. Бізэ – Р. Шчадрына), Ева («Стварэнне свету» А. Пятрова), Нэле («Тыль Уленшпігель» Я. Глебава) і інш. Разам з трупай тэатра артыстка выступіла больш чым у 30 краінах свету, удзельнічала ў шматлікіх форумах мастацтва. Знялася таксама і ў тэлевізійных варыянтах класічных балетаў «Лебядзінае возера», «Жызэль», «Шчаўкунок», «Стварэнне свету», «Камерная сюіта», кінафільмах «Прададзены смех» (1981) і «Міф» (1986).
У 1987 г. Л. Бржазоўская скончыла Мінскі інстытут культуры. У 1989 г. занялася педагагічнай працай – выкладала ў Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіікаледжы, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. З 1997 г. працуе педагогам-рэпетытарам у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Сярод яе вучаніц – балерыны В. Гайко, Л. Кудраўцава, М. Вежнавец, М. Парамонава, І. Яромкіна, Л. Хітрова і інш.
За высокае выканальніцкае майстэрства Л. Бржазоўскай было прысвоена званне народнай артысткі Беларусі (1975). У 2000 г. яна была ўзнагароджана прэміяй кампаніі «Філіп Морыс Інтэрнэйшнл» у намінацыі «Жыццё ў мастацтве». Творчасці актрысы прысвечаны тэлефільм «Танцуе Людміла Бржазоўская».