Дата рождения: 13.02.1705
Дата смерти: 23.05.1753
Краткая справка: пісьменніца, паэтэса, першая жанчына-драматург у ВКЛ, заснавальніца Нясвіжскага тэатра Радзівілаў
Фамилия в девичестве: Вішнявецкая Францішка Уршуля
Имена на других языках: Radziwiłłowa Franciszka Urszula (польский); Радзивилл Франциска Урсула (русский);
XVIII стагоддзе ў беларускай гісторыі адзначана актывізацыяй культурнага жыцця. У гэты час Радзівілы, Сапегі, Агінскія, Тызенгаўзы стварылі цэнтры культуры ў Ружанах, Слоніме, Гродне. «Сядзібай муз» у Беларусі стаў Нясвіж, дзе княгіня Францішка Уршуля Радзівіл – першая ў Вялікім Княстве Літоўскім жанчына-драматург – заснавала прыдворны тэатр.
Нарадзілася яна ў Чартарыйску (цяпер Валынская вобласць Украіны) у сям’і кракаўскага ваяводы Януша Антонія Вішнявецкага і Тэафіліі Вішнявецкай з роду Ляшчынскіх.
У доме бацькоў панавала творчая атмасфера, мелася свая прыдворная капэла. Францішка Уршуля атрымала выдатную хатнюю адукацыю: валодала некалькімі замежныя мовамі, ведала сусветную літаратуру і гісторыю, пісала вершы, добра музыцыравала і малявала. У 1725 г. выйшла замуж за князя Міхала Казіміра Радзівіла (па мянушцы Рыбанька), уладальніка Нясвіжскай ардынацыі.
Дзяржаўны дзеяч і мецэнат, найбагацейшы магнат Вялікага Княства Літоўскага, ён часта адлучаўся з дому: удзельнічаў у сеймах і трыбуналах, рэгулярна наведваў свае ўладанні, і княгіні даводзілася асабіста кіраваць гаспадаркай. Яна назірала за рэстаўрацыяй палаца, аднавіла друкарню, упарадкавала бібліятэку, якая павялічылася да 9 тыс. тамоў. Да шумных свят, вайсковых парадаў, баляў-маскарадаў, якія часта праводзіліся ў замку, па ініцыятыве Францішкі Уршулі далучыўся і створаны ёй тэатр. У вольны час княгіня займалася творчасцю: складала вершы, пісала п’есы. Натхнёная высокім пачуццём да мужа, яна стварала вобразы гераінь, якія ўмелі шчыра кахаць, захоўваць вернасць, з годнасцю трымацца ў любых жыццёвых абставінах. Францішка Уршуля не лічыла літаратурную дзейнасць самым галоўным сваім заняткам, аднак пакінула пасля сябе цікавую і разнастайную спадчыну.
У яе творчасці вылучаюцца два перыяды. Першы (1725–1745), у жанравых адносінах паэтычна-эпісталярны, прынята лічыць двухмоўным – польска-французскім. Сямейнае жыццё Францішкі Уршулі праходзіла ў бясконцых разлуках і кароткіх сустрэчах з мужам, што спрыяла ўзнікненню актыўнага ліставання: амаль штодзённа яна дасылала Міхалу Казіміру палымяныя пісьмы (першае вершаванае датуецца 1725 г.). У іх княгіня не апісвала сямейныя клопаты, штодзённыя гаспадарчыя заняткі і жыццёвыя здарэнні. Пра гэта паведамляла ў празаічных пасланнях (іх было больш за тысячу). Лірычнымі вершамі яна выказвала толькі свае адносіны да мужа. Гэта быў як бы маналог-споведзь, насычаны багатымі пачуццямі, які ствараўся для таго, каб суцешыць каханага ў разлуцы. Асобнае месца ў паэтычнай спадчыне Францішкі Уршулі займаюць жалобныя вершы на смерць яе чатырох дзяцей. Сярод іншых твораў – вершаваныя партрэты-мініяцюры, загадкі, эпітафіі. Вобразна-мастацкая палітра паэзіі пісьменніцы грунтавалася на класічнай антычнай літаратуры, фарміравалася пад уплывам французскай паэтычнай школы XVII ст.
Другі перыяд творчасці (1746–1752) у асноўным звязаны з захапленнем тэатрам. Немагчыма вызначыць дакладны час узнікнення прыдворнай нясвіжскай сцэны. Капэла ў замку існавала яшчэ з 1724 г. Захаваліся праграмы тэатральных паказаў у 1730 і 1732 гг. Паміж актамі выконваліся інтэрмедыі. У 1740 г. у замку быў пастаўлены спектакль па п’есе «Прыклад справядлівасці», дзе ігралі замежныя акцёры. Потым ролі ў пастаноўках сталі выконваць члены княжацкай сям’і, мясцовая шляхта, кадэты нясвіжскага корпуса, наёмныя акцёры і прыгонныя музыканты, спевакі і танцоры. Спектаклі ігралі на польскай, італьянскай, нямецкай і французскай мовах. Паказвалі п’есы Мальера, Вальтэра і іншых вядомых еўрапейскіх аўтараў. У 1746 г. тэатрам пачала кіраваць Францішка Уршуля. Да гэтага часу адносяцца і яе першыя драматургічныя творы, якія мелі павучальны сэнс. У адных гаварылася пра неабходнасць адукацыі, другія асуджалі няверных мужоў і праслаўлялі жаночую прыстойнасць. Аднак дамінуючай тэмай драматургіі Францішкі Уршулі было каханне. Аб гэтым сведчаць нават красамоўныя назвы яе твораў: «Дасціпнае каханне», «Каханне – зацікаўлены суддзя», «Каханне – дасканалы майстар», «У вачах нараджаецца каханне» і інш. Для сваіх п’ес княгіня шырока выкарыстоўвала сюжэты з антычнай міфалогіі, сярэдневяковых драм і гумарэсак, казак, матывы з твораў Дж. Бакачыа, Я. Морштына і інш. Асаблівасцю драматургіі Францішкі Уршулі з’яўляецца тое, што яна пісала менавіта для сцэны: любая сямейная ўрачыстасць рабілася зручнай падставай для новай пастаноўкі. Дэкарацыі да спектакляў княгіня распрацоўвала асабіста. Некаторыя малюнкі яе эскізаў падрыхтаваў да друку ў выглядзе гравюр мастак М. Жукоўскі. Яны былі выкарыстаны як ілюстрацыі да збору твораў Францішкі Уршулі «Камедыі і трагедыі» (выдадзены ў 1754 г.). Існуе некалькі экзэмпляраў гэтай кнігі, надрукаваных без даты (магчыма гэта перадрук), адзін з іх захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Апошнім спектаклем нясвіжскага тэатра, які паставіла Францішка Уршуля, была опера «Шчаслівае няшчасце» (1752). У гэты час княгіня цяжка хварэла і ў маі 1753 г. памерла. Некаторы час тэатрам займаўся яе сын Караль Станіслаў. Пазней п’есы Францішкі Уршулі выклікалі цікавасць толькі ў вузкім коле радзівілаўскага асяроддзя і сярод тэатральных даследчыкаў. Доўгі час імя «Нясвіжскай Сапфо» – так называлі пісьменніцу літаратурныя крытыкі – было невядома шырокаму чытачу. Між тым яе шматгранная творчасць з’яўляецца вельмі прыкметнай і цікавай старонкай у літаратуры Беларусі XVIII ст. Княгіня Радзівіл стаяла ля вытокаў беларускага прыгожага пісьменства, без яе творчасці немагчыма ўявіць праўдзівую панараму шматмоўнай літаратуры Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.