Имена на других языках:
Radziwił Karol Stanisław (польский); Радзивилл Кароль Станислав (русский);
3908 символов
Справка
Прадстаўнік буйнейшага магнацкага роду Кароль Станіслаў Радзівіл (мянушка Пане Каханку) нарадзіўся ў Нясвіжы. Яго бацька Міхал Казімір Рыбанька ў розныя гады займаў высокія дзяржаўныя і ваенныя пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім (ВКЛ). У шлюбе з Францішкай Уршуляй Вішнявецкай меў чатырох дочак і трох сыноў. Кароль Станіслаў быў малодшым. Пачатковую адукацыю ён атрымаў дома, потым вучыўся ў Нясвіжскім езуіцкім калегіуме. Князь рана заняўся палітычнай і грамадскай дзейнасцю. У 1742 г. прыняў пад сваю каманду кавалерыйскую харугву ў войску ВКЛ. У 1750 г. быў выбраны дэпутатам Трыбунала ВКЛ, у 1755 г. стаў маршалкам. На пасяджэнні ў Вільню ці Мінск ён прыязджаў з вялікай світай, у суправаджэнні эскорту драгунаў з надворнай шляхты і янычараў. Працягвалася і ваенная кар’ера К. С. Радзівіла. У 1754 г. ён стаў генерал-маёрам, у 1759 г. – генерал-лейтэнантам войска ВКЛ. У 1762 г. быў выбраны віленскім ваяводам.
Пасля смерці бацькі ў 1762 г. К. С. Радзівіл атрымаў вялікую спадчыну. Быў ардынатам нясвіжскім і алыцкім, валодаў Слуцкам, Капылём, Бялай Падляскай, мноствам маёнткаў на Украіне, у Польшчы і Літве. Для дасягнення сваіх мэт часта выкарыстоўваў ваенную сілу, вызначаўся свавольствам. Жорсткі да падуладных, К. С. Радзівіл ставіўся добразычліва да шляхты (зварот “пане каханку” быў вельмі папулярны ў яе асяроддзі і зрабіўся мянушкай князя). Ён падтрымліваў палітыку караля польскага і вялікага князя літоўскага Аўгуста ІІІ. Праціўнікамі К. С. Радзівіла былі Чартарыйскія, якія арыентаваліся на Расію і пасля смерці Аўгуста ІІІ (1763) узначалілі магнацкую апазіцыю. 16 красавіка 1764 г. у Гродне была створана Генеральная канфедэрацыя ВКЛ. Галоўнай яе мэтай было абранне польскім каралём Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Супраць гэтага выступіў К. С. Радзівіл, і канфедэраты з расійскім войскам рушылі на Нясвіж. З Бялай Падляскай туды накіраваўся і князь, але яго атрад быў разбіты пад Слонімам. Каб не трапіць у палон і застацца ў жывых, ён схаваўся ў Малдове, потым выехаў у Венгрыю і Саксонію. Тым часам Нясвіж і Слуцк занялі расійскія войскі. Генеральная канфедэрацыя ВКЛ дэкрэтам ад 16 жніўня 1764 г. за гвалтоўныя ўчынкі К. С. Радзівіла (пачынаючы з 1755 г.) абвясціла яго ворагам і пазбавіла пасады ваяводы. Чартарыйскія дабіліся канфіскацыі ўсіх маёнткаў князя. Знаходзячыся ў выгнанні, ён звярнуўся з прашэннем да Кацярыны ІІ, і імператрыца дазволіла князю вярнуцца на радзіму. Пад аховай расійскіх войск ён прыехаў у Радам, дзе ўзначаліў Радамскую канфедэрацыю. На надзвычайным сейме 1767 г. усе абвінавачанні з князя былі зняты. Яму вярнулі маёнткі і пасаду віленскага ваяводы. Летам 1768 г. К. С. Радзівіл далучыўся да Барскай канфедэрацыі, скіраванай супраць караля і расійскага ўплыву, і пачаў зноў фарміраваць войска ў Нясвіжы. Там сабраліся кіраўнікі атрадаў з Вільні, Вількаміра, Коўна, Ашмян, Рэчыцы, Ваўкавыска, Слоніма, Мсціслава, Навагрудка і іншых гарадоў. Усяго ў Рэчы Паспалітай вызваленчы рух аб’яднаў каля 20 тыс. чалавек. Расія абвясціла канфедэратаў дзяржаўнымі злачынцамі і бунтаўшчыкамі, наклала на іх маёнткі кантрыбуцыі і секвестр. Войскі імператрыцы вялі жорсткія баі з імі. У 1771 г. пад Сталовічамі быў разбіты корпус гетмана М. Агінскага, з поўначы ішлі войскі Прусіі, з поўдня – Аўстрыі. Усе спяшаліся падзяліць Рэч Паспалітую, і ў 1772 г. адбыўся яе першы раздзел. Калі былі заняты Нясвіж і Слуцк, К. С. Радзівіл выехаў у Прусію. Да 1777 г. знаходзіўся ў эміграцыі ў Венгрыі, Турцыі, Чэхіі, Германіі, Францыі, Венецыі, потым вярнуўся на радзіму. Князь працягваў весці палітычную дзейнасць, і ў час чатырохгадовага сейма 1788–1792 гг. зноў зблізіўся з антыкаралеўскай апазіцыяй. Ён сфарміраваў полк, які перадаў у склад войска ВКЛ. Да канца сейма К. С. Радзівіл не дажыў. Ён памёр 22 лістапада 1790 г. у Бялай Падляскай. Цела князя было забальзаміравана і праз некаторы час перавезена ў Нясвіж у сямейную крыпту Радзівілаў.