Краткая справка:
беларускі і рускі фалькларыст, этнограф, педагог
Псевдонимы:
Наум Словолюб
Варианты имени:
Шэйн Павел Васілевіч
Имена на других языках:
Шейн Павел Васильевич (русский);
Криптонимы:
П.Ш.
4477 символов
Справка
Імя збіральніка беларускай народнай вуснапаэтычнай творчасці, этнографа П.В. Шэйна вылучаецца ў гісторыі этнаграфіі і фалькларыстыкі другой паловы XIX ст.
Нарадзіўся ён у сям’і магілёўскага яўрэя-гандляра. Дрэнны стан здароўя прымусіў бацькоў уладкаваць хлопчыка ў Нова-Екацярынінскую бальніцу ў Маскве, дзе ён знаходзіўся тры гады. Тут П. Шэйн вывучаў рускую і нямецкую мовы, захапіўся паэзіяй Пушкіна і Жукоўскага. Пад уплывам княгіні Кастровай прыняў лютэранства і, такім чынам, парваў з бацькамі, якія трымаліся іудаізму. У сіроцкім аддзяленні нямецкага вучылішча пры лютэранскай царкве П. Шэйн атрымаў званне хатняга настаўніка і пачаў займацца прыватнай педагагічнай дзейнасцю. З 1865 па 1872 г. працаваў выкладчыкам нямецкай і рускай моў у Віцебскай гімназіі, а з 1873 па 1879 г. настаўнічаў у Шуі, Зарайску, Калузе. Але педагагічная дзейнасць мала цікавіла Шэйна. Яшчэ ў 50-х гадах пад уплывам славянафілаў ён пачаў збіраць фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы. Калі надарылася магчымасць, Шэйн пераехаў у Пецярбург і пад кіраўніцтвам Акадэміі навук заняўся навуковай работай. Яшчэ ў 1859 г. ён надрукаваў свой першы збор рускіх былін і гістарычных песень, запісаных у Корсунскім павеце Сімбірскай губерні. Першыя фальклорныя запісы насілі выпадковы і аматарскі характар. Пазней у выніку самаадукацыі, вывучэння прац тагачасных этнографаў і фалькларыстаў П. Шэйн падышоў да гэтага пытання з усёй адказнасцю. У 1870 г. выйшаў яго зборнік “Рускія народныя песні”, у 1898–1902 гг. – праца ў двух тамах “Велікарус у сваіх песнях, абрадах, звычаях, вераваннях, казках, легендах і да т.п.”, якой ён завяршыў выданне рускага фальклору.
Дзейнасць П. Шэйна ў Беларусі пачалася ў сярэдзіне 1860-х гадоў, калі ён апынуўся ў Віцебску. Тут ён пачуў беларускую мову, якой да гэтага часу не ведаў, і атрымаў магчымасць пазнаёміцца з ужо існуючымі зборнікамі беларускіх народных твораў. Два гады Шэйн вывучаў асаблівасці мовы і быту беларускага народа, а ў 1867 г. распрацаваў падрабязную “Праграму для збірання помнікаў народнай творчасці”, якую разаслаў створанай ім шырокай сетцы карэспандэнтаў з розных куткоў Беларусі. Ужо да 1869 г. ён сабраў значную колькасць беларускіх песень, галоўным чынам Віцебскай губерні, дапоўніў іх песнямі са зборнікаў, якія ўжо выйшлі з друку, і прадставіў у геаграфічнае таварыства ў пачатку 70-х гадоў даволі аб’ёмны том пад загалоўкам “Беларускія песні”. Гэта была самая буйная праца сярод аналагічных зборнікаў 60–70 гг. XIX ст. У ёй сабрана звыш 1000 беларускіх народных песень з апісаннем тых абрадаў, пры якіх яны выконваліся, некалькі казак, паданняў, запісаў прыкмет і забабонаў. У зборніку прыводзяцца апісанні радзінных і хаўтурных абрадаў, некалькі апісанняў абрадаў дзядоў. З каляндарных абрадаў запісаны: калядныя, велікодныя, юр’еўскія, купальскія, талочныя, жніўныя. Але асноўная каштоўнасць зборніка ў песенным матэрыяле. Акадэмік Я. Карскі адзначыў, што гэта адзін з лепшых збораў твораў беларускай народнай песні. У ім упершыню быў так шырока прадстаўлены песенны рэпертуар Віцебшчыны. Тагачасная крытыка аднеслася да зборніка станоўча. Багаты змест калекцыі, свежасць матэрыялу, пашпартызацыя і пэўнае ўпарадкаванне яго ўразілі рэцэнзентаў. Пасля выдання зборніка Шэйн з дапамогай карэспандэнтаў назапасіў вялікую колькасць апісанняў народных звычаяў і абрадаў, якія пазней выйшлі пад назвай “Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю” (т. 1–3, 1887–1902). У гэта выданне ўключаны матэрыялы з усіх губерняў Беларусі, а таксама з суседніх, дзе жыло беларускае насельніцтва. Тут атрымалі адлюстраванне амаль усе бакі духоўнай і матэрыяльнай культуры беларусаў. Гэта песні абрадавыя, бытавыя, бяседныя, жартоўныя і так званыя разгульныя, апісанні абрадаў і звязаныя з імі песні, дзесяткі галашэнняў. Вясельная калекцыя Шэйна па багацці не мела сабе роўных сярод дарэвалюцыйных выданняў беларускага фальклору. Звяртае на сябе ўвагу раздзел народных прывітанняў, пажаданняў, праклёнаў, лаянак, замоў. У самы разгар работы над трэцім томам “Матэрыялаў…”, якраз тады, калі да даследчыка прыйшлі слава і прызнанне, П. Шэйн памёр. Акрамя названых прац ён быў аўтарам шэрага артыкулаў, рэцэнзій, нататак, якія змяшчаў у навуковых выданнях.
Працы даследчыка, нягледзячы на часам тэндэнцыйны падыход Шэйна да духоўнай спадчыны беларускага народа, – каштоўная крыніца фальклорна-этнаграфічных звестак пра быт і культуру беларусаў другой паловы XIX ст.