Дата рождения: 17.05.1845 Вымна, аграгарадок, Віцебскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти: 10.06.1910 Віцебск, г.
Краткая справка: этнограф, фалькларыст, асветнік, правадзейны член Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі Маскоўскага ўніверсітэта і Рускага геаграфічнага таварыства
Имена на других языках: Никифоровский Николай Яковлевич (русский);
Криптонимы: N.N; Н.Я.Н.
Калі згадаць даследчыкаў матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў, то ў лік найбуйнейшых, выбраных з выбраных абавязкова стане імя Мікалая Якаўлевіча Нікіфароўскага – выдатнага збіральніка народна-паэтычных скарбаў, удумлівага даследчыка вуснай паэзіі, народных звычаяў і абрадаў, складальніка змястоўных зборнікаў фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў.
Нарадзіўся Нікіфароўскі на Віцебшчыне ў вёсцы Вымна Веліжскага павета (Віцебскі раён). Яго бацька быў панамаром у вясковай царкве. Сям’я жыла вельмі бедна і была блізкая нават да таго, каб пайсці “з торбамі”. Маці трымалася з апошніх сіл. Аднак гэта сардэчная, чулая жанчына рабіла ўсё, каб даць дзецям пачатковую адукацыю. На апошнія грошы яна магла купіць азбуку з малюнкамі, каб навучыць двух сыноў і дачку чытаць. Першымі настаўнікамі Нікіфароўскага былі выпадковыя людзі: адстаўны салдат, хросны бацька, пісьменны падлетак, манах, сельскі святар. Вучыліся дзеці дзе прыходзілася: у хаце, у двары, на беразе возера, у манастыры. У 1854–1855 гг. на задворках панскага маёнтка была арганізавана школа для сялянскіх дзяцей, дзе выкладаў нейкі пан Рэрых – зволены гімназіст Віцебскай гімназіі, і бацькі ўладкавалі хлопчыка туды. Быў яшчэ адзін настаўнік у Мікалая Нікіфароўскага – Іван Зазубовіч, былы слухач Віцебскага духоўнага вучылішча. Менавіта ён падрыхтаваў хлопчыка да паступлення ў Віцебскі архірэйскі хор, а потым – у духоўнае вучылішча. Шэсць гадоў вучобы прайшлі ў напружанай працы, і ў ліпені 1861 г. Нікіфароўскага як лепшага вучня перавялі ў Віцебскую семінарыю. У семінарыі ён зачытваўся кнігамі: біяграфіямі герояў вайны 1812 г., падарожжамі, выпісваў у сшыткі выказванні, выразы, старажытныя народныя вераванні і забабоны. Рыхтуючыся стаць свяшчэннікам, Нікіфароўскі збіраў матэрыялы для будучай барацьбы з перажыткамі паганства. Пасля паспяховага заканчэння семінарыі ў 1867 г. яму прапанавалі паступіць у Пецярбургскую духоўную акадэмію за свой кошт. Грошай не было, ніхто з блізкіх не мог дапамагчы. Са смерцю маці гаспадарка зусім заняпала. На просьбу пра дапамогу і месца свяшчэнніка Нікіфароўскі атрымаў ад архірэя адмову. Тады ён вырашыў стаць настаўнікам і пасля паўтарамесячнай падрыхтоўкі быў прызначаны выкладчыкам народнага вучылішча ў в. Лоўжа. Так пачалася настаўніцкая дзейнасць Нікіфароўскага. Большую частку жыцця ён працаваў у навучальных установах Віцебска. На педагагічнай ніве вышэй настаўніка падрыхтоўчага класа гімназіі ці семінарыі Нікіфароўскі не пайшоў, аднак пакінуў багатую спадчыну па этнаграфічнаму вывучэнню роднай Віцебшчыны, асабліва калі пазнаёміўся з вядомым вучоным П.В. Шэйнам. Нікіфароўскі больш за дваццаць гадоў бескарысліва працаваў яго карэспандэнтам. Ён даслаў Шэйну такое мноства фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў, што той у сваіх выданнях змог змясціць толькі іх частку, астатняе ж перадаў у архіў Акадэміі навук. Сваёй папулярнасцю і навуковай каштоўнасцю фальклорна-этнаграфічныя зборнікі Шэйна ў значнай меры абавязаны Нікіфароўскаму, які зусім не клапаціўся пра славу і марыў толькі пра тое, каб усё сабранае ім па роднай Беларусі ўбачыла свет.
У 1890 г. Нікіфароўскі стаў членам Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі (ТАПЭ) пры Маскоўскім універсітэце і рэдактарам часопіса “Этнографическое обозрение”, пачаў выступаць з самастойнымі працамі. Ён апублікаваў каля дваццаці даследаванняў, якія сталі каштоўнай крыніцай для вывучэння матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў, іх вуснапаэтычнай творчасці. Этнаграфічны аддзел ТАПЭ з 1892 г. пачаў выдаваць серыю нарысаў Нікіфароўскага пад агульнай назвай “Нарысы Віцебскай Беларусі”. Асноўную ўвагу ў гэтай працы даследчык удзяляў характарыстыцы становішча розных груп насельніцтва Віцебшчыны (старцаў, музыкаў і інш.) у час прыгонніцтва. “Нарысы…” складаліся з васьмі частак і былі завершаны ў 1899 г. Нікіфароўскі з’яўляецца таксама аўтарам буйнейшага даследавання па матэрыяльнай культуры беларусаў ХІХ ст.: “Нарысы простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку” (1895). У ім змяшчаюцца падрабязныя этнаграфічныя звесткі па матэрыяльнай культуры і вытворчай дзейнасці сялян Віцебшчыны. Трэцяй капітальнай працай Нікіфароўскага стала кніга “Простанародныя прыкметы і павер’і, прымхлівыя абрады і звычаі, легендарныя паданні пра асобы і мясціны” (1897). У ёй апублікавана 2307 розных народных прыкмет, павер’яў, забабонаў, абрадаў, звычаяў, сродкаў народнай медыцыны і ветэрынарыі, а таксама сказы і легенды аб асілках. З фальклорных прац Нікіфароўскага заслугоўвае ўвагі першы буйны зборнік беларускіх частушак “Беларускія песні-частушкі” (1911), выдадзены ўжо пасля смерці збіральніка (памёр Нікіфароўскі 10.06.1910 г.). Ён змяшчае 2356 частушак, сабраных Нікіфароўскім і яго карэспандэнтам з 1860 па 1905 гг. Гэты зборнік дае багаты матэрыял, з дапамогай якога можна прасачыць працэс развіцця частушачнага жанра з сярэдзіны ХІХ да пачатку ХХ ст. Нікіфароўскаму належаць таксама зборнікі “Простанародныя загадкі” (1898), “Нячысцікі. Збор простанародных у Віцебскай Беларусі паданняў пра нячыстую сілу” (1907, 2-е выд. Віцебск, 1995), “Напаўпрыказкі і напаўпрыслаўкі” (1928) і інш.
Навуковая дзейнасць Нікіфароўскага была плённай і каларытнай. Кнігі вучонага дапамаглі выпрацоўцы правільных поглядаў на Беларусь і беларускі народ. Яны з’яўляюцца каштоўнай і багацейшай крыніцай усебаковага вывучэння матэрыяльнай і духоўнай спадчыны беларусаў.