Дата начала: 02.09.1893 Віцебск, г.
Дата окончания: 1919
Краткая справка: старажытнасховішча, вялікая колькасць экспанатаў якога ўвайшла ў фонды Віцебскага абласнога краязнаўчага музея
Названия на других языках: Витебский церковно-археологический музей (русский);
У канцы ХІХ ст. на Беларусі з мэтай збірання і захавання прадметаў мясцовай рэлігійнай даўніны пачалі стварацца спецыяльныя старажытнасховішчы – царкоўна-археалагічныя музеі. Утвараліся яны як епархіяльныя музеі духоўнага ведамства праваслаўнага веравызнання ва ўсіх епархіяльных гарадах тагачаснага Паўночна-Заходняга краю. Першае такое старажытнасховішча было адчынена ў Віцебску ў 1893 г.
Задума стварэння віцебскага музея была звязана з імем вядомага этнографа, інспектара народных вучылішч Віцебскай губерні Е.Р. Раманава. Ён падрыхтаваў абгрунтаванні для стварэння такога музея і накіраваў іх архіепіскапу Полацкаму і Віцебскаму Антаніну. Е.Р. Раманаў прапаноўваў збіраць па цэрквах епархіі прадметы, якія ўжо не ўжываліся падчас набажэнстваў і прадстаўлялі агульную царкоўна-археалагічную каштоўнасць. Гэта прапанова была ўхвалена архіепіскапам, а стварэнне музея было даручана, акрамя Е.Р. Раманава, вядомаму віцебскаму краязнаўцу А.П. Сапунову і свяшчэнніку В.А. Гаворскаму.
Першыя прадметы, якія сталі ядром калекцыі музея, былі сабраны заснавальнікамі старажытнасховішча ў час наведвання віцебскіх гарадскіх цэркваў і цэркваў Маркава манастыра. Свой асабісты ўклад у фарміраванне калекцый зрабіў і А.П. Сапуноў, які ахвяраваў музею некалькі дзясяткаў каштоўных прадметаў. Сярод іх былі і фотаздымкі цэркваў Полацкай епархіі, і старадаўняя пергаментная грамата, і шмат іншых рэчаў. Дзякуючы яго намаганням сховішча набыло таксама калекцыю з 10 партрэтаў уніяцкіх архіепіскапаў і мітрапалітаў. У асобнай скрыні ў музеі захоўваліся каштоўныя рукапісы – архіў Полацкай духоўнай кансісторыі, разабраны А.П. Сапуновым і архіварыусам Віцебскага цэнтральнага архіва старажытных актаў М.Л. Вяроўкіным. Музей папаўняўся таксама выпадкова знойдзенымі рэчамі і матэрыяламі археалагічных раскопак на Віцебшчыне.
Адкрыццё музея адбылося 2 верасня 1893 г. Да гэтага часу ў памяшканні, якое было адведзена пад музей, праводзіліся рамонтныя і падрыхтоўчыя работы. Музей размясціўся ў адным з пакояў архіерэйскага дома пры Мікалаеўскім кафедральным саборы (комплекс пабудоў былога езуіцкага калегіума). У 1895 г. у сувязі з ад’ездам Е.Р. Раманава з Віцебска да працы над стварэннем музея далучыліся выкладчык Віцебскай духоўнай семінарыі Д.І. Даўгяла і настаўнік Віцебскай мужчынскай гімназіі М.Я. Нікіфароўскі. Яны заняліся апісаннем ужо сабраных экспанатаў і складаннем каталога. У 1897 г. А.П. Сапунова, які выехаў на часовае жыхарства ў Маскву, у якасці загадчыка музея замяніў настаўнік мужчынскай гімназіі І. Сабін-Гус. У 1904 г. членам камісіі па кіраванні музеем стаў яшчэ і выкладчык духоўнай семінарыі М.М. Багародскі. Ганаровымі членамі старажытнасховішча “за асаблівую любоў да мясцовых старажытнасцей” былі абраны А.П. Сапуноў, М.Я. Нікіфароўскі і Е.Р. Раманаў. Музей знаходзіўся ў падпарадкаванні Віцебскага епархіяльнага Свята-Уладзімірскага брацтва, са скарбонкі якога пакрываліся ўсе фінансавыя выдаткі музея. Усе свае абавязкі загадчыкі царкоўна-археалагічнага музея выконвалі бясплатна.
Росквіт Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея прыпадае на першае дзесяцігоддзе дзейнасці, калі ён актыўна папаўняўся новымі матэрыяламі. Спіс новых паступленняў рэгулярна друкаваўся на старонках “Полоцких епархиальных ведомостей”, а ў 1897 г. быў выдадзены каталог музейных экспанатаў. У 1905 г. у музеі налічвалася ўжо 1247 прадметаў. Сярод экспанатаў былі Евангелле XVI ст. (з Віцебскай Благавешчанскай царквы), некалькі зборнікаў малітоўных спеваў, занатаваных спосабам старажытнага друкаванага нотнага пісьма, напрастольнае Евангелле, выдадзенае ў Вільні ў 1575 г. (з Бешанковіцкай царквы), калекцыя манет, медалёў, фотаздымкаў, твораў беларускіх мастакоў XVII–XVIII стст., узораў народнага мастацтва. Музей сканцэнтраваў таксама шмат уніяцкіх рэчаў, нават “абраз Іасафата Кунцэвіча, маляваны фарбамі на палатне” і іншыя каштоўнасці.
У пачатку ХХ ст. Віцебскі царкоўна-археалагічны музей размяшчаўся ўжо ў трох пакоях архіерэйскага дома і меў асобны ўваход. Аднак актыўны збор экспанатаў у гэты час прыпыніўся. Памяшканні музея ўзімку не ацяпляліся, для наведвальнікаў яго дзверы адчыняліся толькі на адну гадзіну раз у тыдзень, адсутнічала месца для прыёму новых экспанатаў. Гэта было звязана з тым, што музей з-за ўніяцкай часткі сваёй калекцыі, стаў для афіцыйных царкоўных уладаў “толькі цярпімым” і страціў былую падтрымку епархіяльнага кіраўніцтва. Занядбанне Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея паспрыяла пэўнаму заняпаду так званай царкоўнай археалогіі як асобнага накірунку тагачаснага мясцовага краязнаўчага руху.
Віцебскі царкоўна-археалагічны музей дзейнічаў да 1919 г. З усталяваннем савецкай улады яго зборы былі перададзены Віцебскаму губернскаму музею (зараз Віцебскі абласны краязнаўчы музей). За чвэрць стагоддзя свайго існавання музей адыграў значную ролю ў справе захавання прадметаў даўніны, збірання звестак пра найбольш значныя помнікі культавага дойлідства, пашырэння ведаў па гісторыі краю, прыцягнення ўвагі шырокай грамадскасці да пытанняў аховы культурнай спадчыны і аб’яднання мясцовых краязнаўцаў.
Пераемнікам традыцый Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея ў нашы часы стаў царкоўна-археалагічны кабінет, створаны пры Віцебскім духоўным вучылішчы і адкрыты для наведвальнікаў у пачатку 2005 г. У экспазіцыі прадстаўлены раздзелы іканаграфіі, богаслужэбных кніг, нотных зборнікаў, прадметаў літургічнага ўжытку, унікальных архіўных матэрыялаў, фотадакументаў, археалагічных знаходак і інш. Фонды кабінета пастаянна папаўняюцца. Аснову калекцыі склалі прадметы, якія ахвяраваў архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый. Шмат прадметаў даўніны і кніг было перададзена настаяцелямі храмаў і клірыкамі Віцебскай епархіі, дабрачынцамі з ліку звычайных грамадзян. У калекцыі з’явіліся і іконы, канфіскаваныя на мытне пры спробе іх вывазу за мяжу.
Матэрыял падрыхтаваны Віцебскай абласной бібліятэкай імя У. І. Леніна ў 2011 г.