Краткая справка:
каралева польская і вялікая княгіня літоўская, другая жонка вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта І Старога
Варианты имени:
Бона Сфорца Д'Арагона
Имена на других языках:
Bona Sforza (литовский); Bona Sforza (польский); Бона Сфорца (русский);
5097 символов
Справка
Каралева Бона Сфорца д’Арагона – італьянка, жонка вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта І Старога, увайшла ў гісторыю дзякуючы сваёй неардынарнасці, а таксама гаспадарчай, палітычнай і культурнай актыўнасці. Яе дзейнасць закранула амаль усе сферы жыцця Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ).
Нарадзілася яна ў сям’і міланскага герцага Джана Галеацы Сфорца і неапалітанскай прынцэсы Ізабэлы Арагонскай. Як адзіная спадчынніца багатай сям’і атрымала бліскучую адукацыю – вывучала латынь, гісторыю, права, тэалогію, геаграфію, прыродазнаўства, дакладныя навукі, музыку. Акрамя таго вельмі любіла паляванне і верхавую язду, добра валодала майстэрствам рыхтавання ядаў і супрацьяддзяў, якое перадавалася ў сям’і Сфорца ў спадчыну. Разумная, прыгожая і радавітая дзяўчына была адной з самых зайздросных еўрапейскіх нявест. Менавіта на яе ў 1517 г. і паў выбар Жыгімонта І Старога.
Выбранніца караля прыбыла ў новую айчыну з вялікай світай і адразу актыўна ўключылася ў мясцовыя справы. Вядома, што каралева жыла пераважна ў Вільні і хутка авалодала старабеларускай мовай. Лад жыцця, які ўсталяваўся на кракаўскім і віленскім дварах з яе прыездам, прывёў да пашырэння сярод арыстакратычных колаў Польшчы і ВКЛ многіх культурных і тэхнічных дасягненняў эпохі Рэнэсансу – еўрапейскай моды і этыкету, італьянскай раскошы і моды на пакаёвых птушак, абмежавання абжорства і п’янства на балях, развядзення садоў, пашырэння ўжывання гародніны, спецый і віна. Дзякуючы яе падтрымцы ў 1523 г. у Кракаве была выдадзена паэма М. Гусоўскага «Песня пра зубра», а ў 1529 г. – першы звод законаў дзяржавы – Статут ВКЛ. Бона Сфорца ажыццявіла таксама шэраг эканамічных мерапрыемстваў: выкупіла закладзеныя за даўгі дзяржаўныя землі, набыла шматлікія маёнткі, у выніку судовых працэсаў вярнула ў вялікакняжацкі дамен землі, незаконна захопленыя магнатамі княства. Дзякуючы яе клопатам пачаўся росквіт многіх гарадоў. Мястэчкам надавалася магдэбургскае права, з’явілася рэгулярная лінейная планіроўка вуліц, пашыраліся рамёствы і гандаль, будаваліся школы, храмы, шпіталі і замкі. З пачатку 1550-х гг. Бона Сфорца пачала актыўную дзейнасць па арганізацыі маштабнай аграрнай рэформы на прыналежных ёй землях: праводзіўся абмер угоддзяў, іх падзел на стандартныя ўчасткі – валокі, збіраліся звесткі пра якасны стан зямлі. Правядзенне зямельнай рэформы і засяленне раней неабжытых зямель запатрабавала таксама работ па меліярацыі – была зроблена спроба асушыць балота на поўдзень ад Кобрына і пракладзены канал даўжынёй 34 км у Кобрынскім павеце. Канал, названы ў гонар Боны Сфорца, функцыянуе і сёння і з’яўляецца самым старым гідратэхнічным збудаваннем Беларусі.
Акрамя культурных і эканамічных пераўтварэнняў прадпрымальная каралева і вялікая княгіня прымала актыўны ўдзел у палітычным жыцці дзвюх дзяржаў. Дзякуючы яе намаганням былі ўпершыню ўстаноўлены дыпламатычныя адносіны паміж Польшчай і Францыяй (1524), падпісаны мірны дагавор з Турцыяй (1533). Каб яе дзяржава і яна сама мелі вагу ў тагачаснай Еўропе і ўплывалі на палітыку, арганізавала дочкам дынастычныя шлюбы: Ізабэла стала каралевай Вугоршчыны, Кацярына – каралевай Швецыі, Соф’я – вялікай герцагіняй Браўншвейг-Вольфенбютэльскай, Ганна ўзяла шлюб з князем Сяміграддзя (Трансільваніі) Стэфанам Баторыем, які ў 1576 г. стаў каралём Рэчы Паспалітай. Унутры краіны Бона Сфорца вяла актыўную барацьбу за ўмацаванне цэнтральнай улады: дамаглася прызначэння на шэраг важных пасад сваіх прыхільнікаў, яшчэ пры жыцці мужа арганізавала выбранне вялікім князем ВКЛ і каралём польскім свайго сына Жыгімонта ІІ Аўгуста.
Разам з тым актыўная дзейнасць Боны Сфорца – чужаземкі, жанчыны, якая ўмешваецца ў палітыку, прыхільніцы ўзмацнення ўлады манарха – выклікала ў сучаснікаў шмат незадаволенасці і разглядалася як спроба «разбурыць даўніну». У працэсе ўмацавання цэнтральнай улады нажыла сабе мноства ворагаў, якія распускалі пра яе жахлівыя чуткі. У шматлікіх ананімных пасквілях каралеву параўноўвалі з вавельскім цмокам, які ўвесь час патрабаваў сабе новых ахвяр. Пасля смерці мужа і канфлікту з сынам Жыгімонтам ІІ Аўгустам з-за яго жаніцьбы на Барбары Радзівіл, Бона Сфорца жыла ў Мазовіі, пераважна ў Варшаве. У 1556 г. яна з вялікай світай, абозам і каралеўскай казной адбыла ў Італію. У сваім спадчынным маёнтку (княства Бары) працягвала займацца палітычнымі інтрыгамі. За гады свайго кіравання ў Польшчы і ВКЛ каралева назапасіла столькі дабра, што, вярнуўшыся на радзіму, змагла пазычыць іспанскаму каралю Філіпу II 420 тыс. дукатаў. Менавіта гэта, па меркаванні даследчыкаў, і стала прычынай яе заўчаснай смерці ў 1557 г. Каралеву атруцілі, каб не вяртаць доўг.
У беларускай гісторыі Бона Сфорца застаецца адной з самых неадназначных фігур – жонка-прыгажуня, клапатлівая маці, злая свякроў, мудры дзяржаўны дзеяч, паспяховы рэфарматар. Нягледзячы на ўсё прагрэсіўнае, што рабіла каралева Бона для дзяржавы, яе не вельмі любілі на новай радзіме. Аднак перыяд яе праўлення – перыяд культурнага і эканамічнага росквіту ў сучаснай гістарычнай навуцы прынята называць залатым векам ВКЛ.