Жыгімонт І Стары (у ВКЛ – Жыгімонт ІІ), сын Казіміра ІV
Дата рождения:
01.01.1467
Дата смерти:
01.04.1548
Краткая справка:
вялікі князь літоўскі і кароль польскі
Варианты имени:
Зыгмунт Стары; Сігізмунд Стары; Ягайлавіч Жыгімонт; Ягелон Жыгімонт
Имена на других языках:
Zygmunt I Stary (польский); Жигимонт I Старый (русский); Жигимонт Казимирович (Старый) (русский); Сигизмунд I Старый (русский);
4272 символа
Справка
Жыгімонт І Стары ўвайшоў у гісторыю Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) як высакародны і мудры правіцель.
Ён нарадзіўся ў Польшчы і быў малодшым сынам Казіміра IV Ягелончыка. Ад старэйшага брата Уладзіслава ІІ (караля Чэхіі і Венгрыі) атрымаў у Сілезіі Глогаўскае (1498) і Опаўскае (1501) княствы, у 1504 г. быў прызначаны каралеўскім намеснікам Сілезіі, потым Лужыцы. Пасля смерці брата Аляксандра (вялікага князя ВКЛ і караля Польскага) абраны на пасад ВКЛ (20 кастрычніка 1506 г.). Нягледзячы на апазіцыю малапольскіх сенатараў, 8 снежня таго ж года стаў каралём Польшчы.
Унутраная палітыка Жыгімонта І была накіравана на ўмацаванне дзяржаўнай улады. Вайсковыя і фінансавыя рэформы, спробы рэдукцыі (вяртання каронных маёнткаў, захопленых магнатамі) выклікалі ў 1537 г. у Польшчы ўзброенае выступленне. На працягу сямі тыдняў магнаты і заможная шляхта патрабавалі ад караля адмяніць непапулярныя рашэнні, аднак ён не ўступіў і стаў пераможцам мяцяжу, які назвалі «курыная вайна». Выхаваны вядомым італьянскім гуманістам Ф. Буанароці (Калімахам), Жыгімонт І захапляўся рэнесанснай культурай і запрашаў у Кракаў знакамітых мастакоў, скульптараў, розных майстроў. Ён завяршыў перабудову Вавельскага замка і ператварыў яго ў вялікі палац-крэпасць, залы якога былі ўпрыгожаны паліхромным сценапісам, маляўнічымі карцінамі і габеленамі, набытымі ў Антверпене. Для ВКЛ перыяд праўлення Жыгімонта І стаў часам эканамічнага і культурнага развіцця. Раслі і развіваліся гарады княства, многія з іх набылі самакіраванне паводле магдэбургскага права. У гэты час практычна завяршыўся працэс фарміравання беларускай народнасці, з чым непасрэдна звязана развіццё беларускай культуры – літаратуры, мастацтва, жывапісу, скульптуры. У архітэктуры разам з традыцыйнымі стылямі ўзнікалі і развіваліся рэнесансныя элементы (замкі ў Міры і Вільні, цэрквы-крэпасці ў Сынкавічах, Супраслі, Маламажэйкаве, Заслаўі і інш.). Жыгімонт І спрыяў развіццю беларускай мовы – афіцыйнай дзяржаўнай мовы ВКЛ, на якой вялося справаводства, пісаліся заканадаўчыя акты і летапісы. У гэты час шляхта княства юрыдычна дамаглася роўных правоў з магнатамі: быў уведзены адзіны кодэкс законаў – Статут Вялікага Княства Літоўскага 1529 г., напісаны на старабеларускай мове. Патрэбнасць у адукаваных людзях абумовіла развіццё школьнай справы і стварэнне бібліятэк. Заможная моладзь вучылася пераважна ў Кракаўскім універсітэце, прафесарам якога былі дадзены дваранскія правы, а таксама ў іншых навучальных установах Заходняй Еўропы. Найбольш значнай з’явай духоўнай культуры гэтага часу стала ўзнікненне беларускага кнігадрукавання – першага сярод усходніх славян. Яго заснавальнікам з’яўляўся Францыск Скарына. Кіраванне вялікага князя было адзначана і верацярпімасцю. Ён адмовіўся ад палітыкі абмежавання правоў царквы (пры Жыгімонце І у ВКЛ было пабудавана каля 90 праваслаўных храмаў).
Жыгімонт І праводзіў актыўную знешнюю палітыку. Ён не імкнуўся набываць новыя землі і расшыраць межы Польшчы і ВКЛ, аднак на працягу ўсяго свайго кіравання быў вымушаны адбіваць нашэсці суседніх дзяржаў. Каля 10 гадоў вёў войны з маскоўскім князем Васілём ІІІ, у выніку якіх быў страчаны Смаленск. Ваенныя сутычкі адбываліся з крыжакамі, нягледзячы на тое, што гросмайстрам нямецкага ордэна Жыгімонт І паставіў свайго пляменніка Альбрэхта Брандэнбургскага. Для адбіцця ворагаў з поўдня (крымскіх татар, малдаван, туркаў) ён рэарганізаваў вольнае казацтва Украіны і Запарожжа ў рэестравае войска, атаманам якога стаў Е. Ражанскі. Пры Жыгімонце І да Польшчы было далучана Мазавецкае княства (1526, канчаткова ў 1529), заключаны саюзы з Францыяй (1524) і Турцыяй (1533). Актыўную ролю ў палітыцы дзяржавы адыгрывала другая жонка караля Бона Сфорца, якая намагалася замацаваць кароны ВКЛ і Польшчы за сынам. На сейме ВКЛ у кастрычніку 1529 г. дзесяцігадовы Жыгімонт ІІ Аўгуст быў выбраны вялікім князем літоўскім. 18 снежня 1529 г. Жыгімонт І на польскім сейме дамогся яго абрання каралём Польскім. Рэальная ўлада заставалася ў бацькі, які пасля каранацыі сына (20 лютага 1530 г.) атрымаў мянушку Стары. Жыгімонт І кіраваў Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім 42 гады. Ён дажыў да глыбокай старасці і памёр 1 красавіка 1548 г. у Кракаве.