Жыццю і творчасці Лаўрэнція і Стафана Зізаніяў удзялялі шмат увагі як айчынныя, так і замежныя даследчыкі. Прычынай таму была актыўная грамадска-царкоўная, педагагічна-асветніцкая, пісьменніцкая дзейнасць братоў, шматграннасць і яскравасць іх таленту.
Пра паходжанне і месца нараджэння братоў Зізаніяў існуюць розныя звесткі. Некаторыя біёграфы лічаць іх беларусамі, іншыя гавораць, што Лаўрэнцій і Стафан, верагодней за ўсё, нарадзіліся на ўкраінскіх землях. Нягледзячы на недакладнасць звестак аб нацыянальный прыналежнасці братоў Зізаніяў, дакладна вядома, што значную частку свайго свядомага жыцця яны прысвяцілі развіццю асветы ў Беларусі. Зізаній – гэта мянушка ці літаратурны псеўданім, утвораны пры перакладзе прастамоўнага слова “куколь” (пустазелле) на грэчаскую мову. Лаўрэнція і Стафана яднала не толькі кроўная, але і духоўная сувязь, аб чым сведчыць сугучнасць асноўных ідэй і галоўных кірункаў іх дзейнасці. Адукацыю браты Зізаніі атрымалі ў Астрожскай школе на Валыні. Потым быў перыяд сумеснай працы: да 1592 г. выкладалі царкоўнаславянскую і грэчаскую мовы ў Львоўскай брацкай школе, потым у Віленскай брацкай школе.
Менавіта з Вільняй звязаны найбольш актыўны перыяд творчасці і дзейнасці братоў Зізаніяў. Лаўрэнцій Зізаній праявіў сябе як выдатны дзеяч на навукова-педагагічнай ніве. У Вільні ў 1596 г. ён завяршыў грандыёзную па тым часе лінгвістычную працу і надрукаваў свае вучэбныя кнігі: азбуку “Наука ку читаню и розуменю писма словенского” і “Грамматіка словенска съвершенного искуства осми частій слова”. Гэтыя выданні былі важнай з’явай у культурным жыцці Беларусі, Украіны і Літвы, прынеслі Лаўрэнцію славу вучонага-лінгвіста. Азбуку ўмоўна можна было падзяліць на тры часткі: матэрыял, які вучыў чытаць і пісаць, дапаможны лексічны матэрыял, царкоўна-палемічныя тэксты і малітвы. У гэта выданне арганічна ўвайшоў твор Стафана Зізанія “Изложеніе о православной въръ” – маленькі катэхізіс пытанняў і адказаў. Азбука задумвалася як невялікая кніга, па якой дзеці маглі б вучыцца чытаць, атрымліваць агульныя звесткі пра наваколле, выхоўвацца ў духу хрысціянскай дабрачыннасці. Першапачатковае навучанне чытанню ў той час вялося па кнігах Свяшчэннага Пісання, што было дастаткова складаным для ўспрымання. Функцыю тлумачэння незнаёмых і незразумелых слоў у азбуцы выконваў слоўнік “Лексіс…”. Ён налічваў 1061 слова і фактычна ўяўляў сабой першую славянскую энцыклапедыю. У слоўніку былі прыведзены разнастайныя звесткі па гісторыі, астраноміі, геаграфіі, філасофіі, этнаграфіі, медыцыне, юрыспрудэнцыі, уключаны словы з народнай гутарковай мовы. У “Лексіс…” аўтар увёў вельмі багаты моўны матэрыял, даў пераклад слоў з грэчаскай, лацінскай і іншых моў, зрабіўшы слоўнік узорам для далейшага складання буквароў. Вялікае практычнае і навуковае значэнне мела “Грамматіка словенска...” Л. Зізанія. Твор быў напісаны ў форме пытанняў – адказаў і складаўся з уводзін, арфаграфіі, этымалогіі і прасодый. Сінтаксіс вучоны даў невялікімі часткамі ва ўсіх раздзелах кнігі, а кожнае правіла суправаджаў прыкладамі і практыкаваннямі. Сваім творам “Грамматіка словенска...” асветнік звярнуў на сябе ўвагу многіх князёў, якія імкнуліся даць добрую адукацыю сваім дзецям. Таму доўгі час ён працаваў хатнім настаўнікам у крычаўскага старосты Б. Саламярэцкага, князёў А. Астрожскага і Я. Карэцкага. З 1619 г. Л. Зізаній выкладаў у Кіева-Пячэрскай лаўры, дзе актыўна ўключыўся ў дзейнасць вучонага гуртка: перакладаў з грэчаскай мовы, рэдагаваў кнігі. Верагодна, у 1620–1623 гг. асветнік працаваў над “Катэхізісам”, але, не маючы магчымасці выдаць кнігу ў Кіеве з-за абвастрэння барацьбы паміж праваслаўнай царквой і каталіцкай, вырашыў паспрабаваць надрукаваць яе ў Маскве, куды і адправіўся ў 1626 г. На жаль, маскоўскае артадаксальнае духавенства і свецкія асобы ўбачылі ў “Катэхізісе” шмат ерэтычных думак, у выніку чаго твор быў выпушчаны ў 1627 г. з праўкамі патрыярха Філарэта і недасканала перадаваў погляды аўтара. Апошнія дакументальныя звесткі аб лёсе Л. Зізанія адносяцца да 1634 г.
Што датычыцца Стафана Зізанія, то ў Вільні ён займаўся рэлігійнай дзейнасцю: праводзіў службы і набажэнствы ў праваслаўных цэрквах, прапаведаваў на вуліцах і плошчах. У гэтым жа горадзе ў 1595 г. у брацкай друкарні выпусціў “Катэхізіс” на беларускай і польскай мовах, які на праваслаўным саборы ў Навагрудку (1596) быў асуджаны як ерэтычны. Стафан Зізаній быў пазбаўлены духоўнага сану і адлучаны ад царквы, але на Брэсцкім царкоўным саборы ў 1596 г. яго апраўдалі. Наступныя выданні пісьменніка “Лист Іеремеи патріархи константинопольского напоминалный” (1596) і “Казанье святого Кирилла...” (1596) былі накіраваны не толькі супраць католікаў і ўніятаў, але і супраць застылых догмаў праваслаўнага артадаксальнага духавенства. Асновай рэлігійна-філасофскіх ідэй С. Зізанія было вучэнне пра Хрыста і Антыхрыста. У яго творах прасочваецца думка, што Антыхрыст, які разносіць зло і несправядлівасць, ужо прыйшоў і пануе на зямлі ў абліччы Папы Рымскага. За свае погляды пісьменнік-палеміст быў падвергнуты ганенням з боку ўніяцкай улады. У 1599 г. С. Зізаній быў вымушаны пайсці ў Троіцкі праваслаўны манастыр, дзе прыняў імя Сільвестра, але ў хуткім часе ўцёк з Вільні. Паводле некаторых звестак у 1600 г. у час паломніцтва яго забілі.
Навуковая, літаратурная і перакладчыцкая спадчына Лаўрэнція і Стафана Зізаніяў мела вялікае значэнне ў развіцці культуры і пашырэнні асветы, была ўзорам інтэлектуальных пошукаў, творчых памкненняў і плённай працы старажытных майстроў слова. Адметнай рысай іх педагагічнай дзейнасці быў акцэнт на ўсведамленне актыўнай ролі кожнага чалавека ў станаўленні сваіх маральна-духоўных якасцей.