Беларускі і ўкраінскі мовазнавец, педагог і царкоўны дзеяч XVI–XVII стст. Лаўрэнцій Зізаній стаў складальнікам аднаго з першых буквароў на тэрыторыі Беларусі – «Азбукі» ці «Науки ку читаню и розуменю писма словенскаго, ту тыж о святой Троици и о въчловечении господни». Кніга стала вядомым падручнікам для навучання пачатковай грамаце таксама на Украіне, у Літве, Польшчы, Чэхіі, Маскоўскай дзяржаве, Балгарыі і Сербіі. Яна была напісана ў час работы вучонага ў брацкай школе ў Брэсце і выдадзена адразу пасля прыезду аўтара ў Вільню ў 1596 г.
Гэта было выданне невялікага фармату ў 88 старонак. Кніга вучыла асновам чытання і пісьма, давала агульныя звесткі пра наваколле, тлумачыла новыя паняцці і выхоўвала чалавека ў хрысціянскай дабрачыннасці. Складалася з алфавіта, малітваў для чытання і іх тлумачэння, сімвала веры, тлумачальнага слоўніка «Лексіса» і твора «Изложение о православной вере» Стэфана Зізанія, брата Лаўрэнція.
У пачатку «Азбукі» быў прыведзены алфавіт царкоўна-славянскай мовы з 45 літар, потым буквы ўразбіўку, затым – двух- і трохлітарныя склады. Такі парадак размяшчэння матэрыялу гаворыць аб тым, што асобую ўвагу аўтар звяртаў на гукавы склад слоў, фанетыку. Працэс навучання ішоў ад простага да больш складанага і даваў магчымасць параўнальна хутка навучыць бегламу чытанню. Для практыкавання ў чытанні выкарыстоўваліся малітвы, да некаторых з якіх былі дадзены тлумачэнні на народнай мове. Паколькі ў ранейшыя часы навучанне грамаце вялося па перакладных тэкстах «святога пісання», у змесце заставалася шмат малавядомых слоў. Менавіта для тлумачэння такіх паняццяў народнымі моўнымі сродкамі ў «Азбуку» быў уключаны слоўнік «Лексіс». Для тлумачэння слоў выкарыстоўваліся сінонімы, апісанні, энцыклапедычныя прыёмы тлумачэння слоў і паняццяў, а таксама змешчана кароткая інфармацыя з розных галін ведаў: філасофіі, гісторыі, геаграфіі, эканомікі, ваеннай справы, багаслоўя і інш. Усяго ў «Лексісе» ў алфавітным парадку тлумачылася 1061 слова. За «Лексісам» быў змешчаны невялікі катэхізіс С. Зізанія «Изложение о православной вере» ў выглядзе пытанняў і адказаў. Ён складаўся з трох раздзелаў: «О святой Троици», «О въчеловечении господни» і «О знамении крестным» і быў скіраваны супраць дагматаў каталіцкай і пратэстанцкай царквы. Каб «Азбука» лепш успрымалася вучнямі, у ёй былі змешчаны прыгожыя і ёмкія застаўкі, ініцыялы і канцоўкі, якія сведчылі таксама і пра высокі ўзровень друкаванага рамяства.
Народнасць мовы, прастата выкладання, педагагічныя прыёмы пры тлумачэнні слоў зрабілі «Азбуку» Л. Зізанія вельмі папулярнай кнігай, якая аказала моцнае ўздзеянне на ўсе наступныя выданні слоўнікаў і падручнікаў. Дзякуючы таму, што яна ўтрымлівала ў сабе матэрыялы для навучання грамаце, а таксама царкоўныя палемічныя тэксты і малітвы, кніга выкарыстоўвалася як у свецкім, так і ў царкоўным навучанні. Найбольш поўны экземпляр «Азбукі» Л. Зізанія знаходзіцца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы (Санкт-Пецярбург).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.