Дата рождения:
08.11.1784 Шаўры, в., Воранаўскі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерти:
26.11.1864 Вільня, г. (цяпер г. Вільнюс, Літва)
Краткая справка:
гісторык, археолаг, інжынер, аўтар праекта Бабруйскай крэпасці, даследчык гісторыі Вялікага Княства Літоўскага
Варианты имени:
Нарбут Фёдар Яўхімавіч; Остык-Нарбут Тэадор; Остык-Нарбут Фёдар Яўхімавіч; Осцік-Нарбут Тэадор Матэуш; Осцік-Нарбут Фёдар Яўхімавіч
Имена на других языках:
Narbutt Teodor (польский); Нарбут Теодор (русский); Нарбут Фёдор Евфимьевич (русский); Остик-Нарбут Теодор (русский); Остик-Нарбут Фёдор Евфимьевич (русский);
3047 символов
Справка
Адметны ўклад у развіццё беларускай гістарычнай навукі ў першай палове ХІХ ст. унёс прадстаўнік старажытнага шляхецкага роду, прафесійны ваенны інжынер Тэадор (Фёдар Яўхімавіч) Нарбут.
Нарадзіўся ён у маёнтку Шаўры Лідскага павета (цяпер Воранаўскі раён Гродзенскай вобласці) у сям’і адстаўнога паручніка гвардыі. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома, потым вучыўся ў Лідзе. У 1799 г. стаў студэнтам матэматычна-інжынернага факультэта Галоўнай Віленскай школы, у 1803 г. быў прыняты ў Пецярбургскі кадэцкі корпус. Службовую кар’еру Т. Нарбут пачаў у інжынерным дэпартаменце Ваеннага міністэрства. Адначасова выкладаў у кадэцкім корпусе, удзельнічаў у гідраграфічных і гідратэхнічных работах на р. Нёман. У час руска-пруска-французскай (1806–1807) і руска-шведскай (1808–1809) войнаў знаходзіўся ў дзеючай арміі. За праяўленую ў баях мужнасць і будаўніцтва фартыфікацыйных збудаванняў на востраве Руген (Германія) быў узнагароджаны ордэнам святой Ганны ІV ступені. У далейшым Т. Нарбут па накіраванні ваеннага камандавання займаўся пошукам прыгодных месцаў для ўзвядзення новай абарончай лініі на заходняй мяжы Расійскай імперыі. Мяркуюць, што ён з’яўляецца аўтарам праекта Бабруйскай крэпасці і ўдзельнікам яе будаўніцтва. За праведзеную работу адзначаны ордэнамі святога Уладзіміра ІV ступені і святой Ганны ІІ ступені.
У 1812 г. Т. Нарбут у званні штабс-капітана выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў Шаўрах. Ён пачаў вывучаць старажытныя гарадзішчы і курганы ў ваколіцах маёнтка, даследаваў археалагічныя аб’екты каля Гродна і Ліды, збіраў прылады працы, чарапкі ад посуду, манеты і інш. Цікавіўся краязнаўствам, геральдыкай, нумізматыкай, этнаграфіяй, запісваў гісторыі, легенды і паданні, звязаныя з роднымі мясцінамі. Сабраныя краязнаўчыя матэрыялы публікаваў у перыядычным друку ў выглядзе артыкулаў разнастайнай тэматыкі. Тэадор Нарбут – аўтар фундаментальнай працы «Гісторыя літоўскага народа» (т. 1–9, 1835–1841), у першым томе якой змясціў табліцу сваіх знаходак. Даследчык збіраў і вывучаў помнікі археаграфіі, увёў у навуковы ўжытак шэраг гістарычных крыніц, у тым ліку «Хроніку Быхаўца» (1846) – найбольш поўны агульнадзяржаўны летапісны звод Вялікага Княства Літоўскага. Пісаў таксама рэцэнзіі, вершы і, валодаючы дзевяццю мовамі, рабіў пераклады мастацкіх твораў. Разам з іншымі даследчыкамі гісторыі краю стаў заснавальнікам і членам Віленскага музея старажытнасцей і Археалагічнай камісіі пры ім (1855).
Адначасова з навуковай дзейнасцю Т. Нарбут займаўся ўдасканальваннем гаспадаркі ў сваім маёнтку: палепшыў сістэму вырошчвання льну і канапель, заснаваў вінакурню, некалькі майстэрань. Свой вопыт па апрацоўцы зямлі і атрыманні даходу ад гаспадарчай дзейнасці папулярызаваў на старонках газет і часопісаў. У 1840–1850-я гг. стаў ініцыятарам стварэння аздараўленчых устаноў у Друскеніках, спраектаваў парафіяльны касцёл Ушэсця Гасподняга ў Эйшышках (цяпер Літва). Памёр Тэадор Нарбут 14 лістапада 1864 г., пахаваны побач з парафіяльным касцёлам у в. Нача (Воранаўскі раён Гродзенскай вобласці).