Дата начала: 04.06.1810 Бабруйск, г., Магілёўская вобласць
Дата окончания: 1897
Краткая справка: комплекс абарончых збудаванняў, помнік абарончага дойлідства, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Названия на других языках: Бобруйская крепость (русский);
Бабруйская крэпасць з’яўляецца помнікам абарончай архітэктуры першай паловы ХIХ ст. Выкарыстоўвалася як ваенны аб’ект у час Айчыннай вайны 1812 г., руху дзекабрыстаў, грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў. На тэрыторыі Беларусі такога тыпу збудаванняў толькі два – Бабруйская і Брэсцкая крэпасці (пры гэтым у другой адсутнічалі некаторыя тыпы ўмацаванняў, якія захаваліся ў Бабруйскай крэпасці).
У 1810 г. Ваеннае міністэрства Расійскай Імперыі камандзіравала некалькі дзясяткаў вопытных інжынераў на Украіну, у Прыбалтыку і Беларусь для вызначэння месцаў узвядзення крэпасцей, якія маглі б стаць лініяй абароны заходніх межаў Расіі. Сярод спецыялістаў быў капітан Т. Нарбут, які прапанаваў пабудаваць адну з такіх у Бабруйску. Яго ідэю падтрымаў генерал К.І. Оперман – кіраўнік інжынернай экспедыцыі Ваеннага міністэрства. Бабруйская крэпасць павінна была стаць адной з самых магутных у Еўропе. Меркавалася будаваць яе на правым беразе р. Бярэзіны на тэрыторыі старога горада. Для жыхароў адводзілася свабодная зямля вакол крэпасці, дзе былі запраектаваны фарштаты. Паводле плана яна складалася з сямі палігонаў і прыбярэжнага форта, паўднёвая частка якога называлася восьмым палігонам. 20 чэрвеня 1810 г. імператарам Аляксандрам I быў зацверджаны генеральны план забудовы, распрацаваны К.І. Оперманам. Будаўніцтва пачалося яшчэ 4 чэрвеня 1810 г. з зямельных работ, якімі кіраваў Т. Нарбут. Крэпасць узводзілі тысячы салдат і прыгонных сялян Магілёўскай, Мінскай, Чарнігаўскай губерняў. Матэрыялы дастаўляліся з Украіны, Карэліі, Каўказа, Урала. Тэрыторыя з усіх бакоў акружалася магутным валам, на некаторых участках якога ў яго тоўшчы былі пабудаваны складскія памяшканні. Там, дзе зямельны вал праходзіў па берагах рэк, знізу пракапалі равы, што запаўняліся вадой з р. Бярэзіны і Бабруйкі. Работы вяліся інтэнсіўна і да канца 1811 г. усе фарты, накіраваныя на поўнач, захад і поўдзень, валодалі ўжо вялікай абарончай сілай. Па царскім указе ад 4 ліпеня 1811 г. Бабруйская крэпасць была прылічана да першага класа абарончых збудаванняў Расійскай Імперыі. З’яўлялася адной з лепшых, бо была абсталявана па апошнім слове еўрапейскага ваеннага мастацтва таго перыяду.
Да пачатку Айчыннай вайны 1812 г. былі ўзведзены пяць асноўных бастыёнаў, частка ўнутраных збудаванняў, насыпаны валы, выкапаны глыбокія равы. У крэпасці налічвалася больш за 300 гармат, у гарнізоне было каля 4 тыс. чалавек. Яна з’яўлялася важным апорным пунктам рускай арміі на шляху паўднёвага стратэгічнага фланга напалеонаўскіх войскаў, вытрымала чатырохмесячную асаду. Адыграла значную ролю ў забеспячэнні руху 2-й Заходняй арміі пад камандаваннем генерала П. Баграціёна. За час знаходжання ў Бабруйску 6–8 ліпеня 1812 г. яна папоўніла тут запасы правіянту, боепрыпасаў і фуражу, перафарміравала за кошт гарнізона цытадэлі найбольш парадзелыя падраздзяленні, пакінула хворых і параненых, што дазволіла паспяхова злучыцца з 1-ай арміяй пад камандаваннем М. Барклая дэ Толі ў Смаленску. На працягу чатырох наступных месяцаў Бабруйская крэпасць была блакіравана войскамі польскай пяхотнай дэвізіі генерала Я. Дамброўскага. Актыўныя баявыя дзеянні вакол горада, за выключэннем сутычак невялікіх раз’ездаў на далёкіх падыходах да цытадэлі, не вяліся. Такім чынам, Бабруйская крэпасць заставалася ў вайну 1812 г. непрыступнай і стрымлівала некаторыя злучэнні арміі Б. Напалеона.
Пасля вайны будаўніцтва цытадэлі працягвалася. Другі этап прыйшоўся на 1812–1836 гг. У 1817 г. Бабруйск наведаў імператар Аляксандр I, які выказаў пажаданне стварыць у крэпасці прамыя вуліцы, бульвары. Уся плошча ўнутры разбівалася перпендыкулярнымі вуліцамі на прамавугольныя кварталы. Драўляныя дамы і гандлёвыя крамы пераносіліся на фарштаты. Унутранай планіроўкай крэпасці займаўся санкт-пецярбургскі архітэктар А. Штаўберт. У архітэктурным афармленні будынкаў былі выкарыстаны элементы класіцызму. Асабліва ўражваў ансамбль параднай Саборнай плошчы з домам каменданта, будынкамі штаба, шпіталя, царквой Аляксандра Неўскага. Уезд ажыццяўляўся праз Слуцкую, Мінскую і Рагачоўскую брамы. Першыя дзве з іх былі спраектаваны архітэктарам А. Штаўбертам і аздоблены з асобай дбайнасцю. Тунэлі для ўезду зроблены ў знешнім і галоўным валах, паміж бастыёнамі. Паміж валамі размешчаны роў, на дне якога знаходзіліся апоры драўляных мастоў з парапетамі. Брамы былі зроблены з цэглы, звонку абліцаваны гранітнымі плітамі. У якасці дэкаратыўных элементаў выкарыстаны стылізаваныя двухбаковыя сякеры. У верхняй частцы кожнай брамы змяшчалася рэльефная выява двухгаловага арла – герба Расійскай Імперыі. З Бабруйскам звязаны падзеі дзекабрысцкага руху ў Расіі. Менавіта тут у 1823 г. быў распрацаваны план узброенага паўстання. За гэты час тэрыторыя крэпасці павялічылася, былі ўзведзены дадатковыя бастыёны і вежы, у тым ліку ў 1822 г. знакаміты форт «Фрыдрых Вільгельм», дзе з 1826 г. знаходзіліся палітычныя арыштанты. З часам цытадэль набыла ў Расійскай Імперыі славу адной са змрочных крэпасцей-турмаў.
У другой палове XIX ст. крэпасць перастала адпавядаць тагачаснаму ўзроўню фартыфікацыі і згубіла сваё стратэгічнае прызначэнне. У 1868 г. яе перавялі з першага класа абароназдольнасці ў другі, у 1886 г. стала крэпасцю-складам. У 1897 г. была ліквідавана як стратэгічная адзінка, але доўгія гады заставалася месцам размяшчэння дысцыплінарных батальёнаў для ніжніх чыноў арміі і флоту. Да 1915 г. у крэпасці знаходзіўся перадавы артылерыйскі запас армій Заходняга фронту і артылерыйскі склад Мінскай ваеннай акругі. У перыяд Першай сусветнай вайны тут была сфарміравана значная колькасць часцей і злучэнняў, якія змагаліся з германскімі войскамі. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. крэпасць не раз пераходзіла то польскім войскам, то да Чырвонай Арміі. З 1919 па 1920 г. у ёй быў створаны лагер для палонных чырвонаармейцаў. У гады грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі асобныя будынкі аб’екта былі пашкоджаны. Пасля вайны крэпасць выкарыстоўвалася для размяшчэння вайсковых часцей Чырвонай Арміі. У 1920–1930 гг. узводзіліся будынкі тэхнічнага прызначэння – ангары, бомбасховішчы, склады. У час Вялікай Айчыннай вайны крэпасць не стала перашкодай для заваёўнікаў. Нямецка-фашысцкія захопнікі размясцілі тут Берлаг – буйны канцэнтрацыйны лагер № 131 для савецкіх ваеннапалонных. У пасляваенны перыяд на большай частцы тэрыторыі крэпасці размяшчалася 5-я танкавая армія. Выкарыстанне мураваных будынкаў для самых розных мэт арміі, нягледзячы на некаторыя перабудаванні, у цэлым выратавала комплекс ад знішчэння. У канцы 1960-х пачатку 1970-х гг. зніклі амаль усе земляныя ўмацаванні – вайскоўцы выраўнялі тэрыторыю, вызваляючы яе ад высокіх валоў і глыбокіх равоў.
У 2002 г. Бабруйская крэпасць уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Вялікая праца ў напрамку вывучэння гісторыі цытадэлі, ідэнтыфікацыі захаваных умацаванняў і збудаванняў, папулярызацыі ведаў па яе гісторыі вядзецца Бабруйскім краязнаўчым музеем, установамі культуры горада. Распрацаваны маршрут пешаходнай экскурсіі па крэпасці. Пры гарадской бібліятэцы № 4 дзейнічае музей «Бабруйская крэпасць» і клуб па вывучэнні яе гісторыі. З цягам часу і пад уплывам прыродных умоў частка абарончых збудаванняў была разбурана. Патрабуецца правядзенне работ па іх рамонце, рэканструкцыі і кансервацыі, каб захаваць Бабруйскую крэпасць як помнік гісторыі для нашчадкаў. Сёння можна ўбачыць дзевяць вежаў-рэдутаў, два равеліны, рэшткі галоўнага і вонкавага валоў, вежу Опермана, каля дваццаці адміністрацыйна-бытавых будынкаў і збудаванняў, у тым ліку і дом каменданта, фрагменты земляных і казематных умацаванняў форта «Фрыдрых Вільгельм». У 2004 г. значную частку тэрыторыі крэпасці Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь перадало гораду. У 2008 г. у некалькіх былых пабудовах цытадэлі адкрыты жаночы праваслаўны манастыр Святых Жонак-Міраносіц. У гэтым жа годзе распрацаваны праект рэгенерацыі помніка, разлічаны да 2025 г. Будуць праведзены неабходныя работы па кансервацыі, рэканструкцыі крапасных будынкаў. Плануецца стварыць гісторыка-культурны комплекс «Бабруйская крэпасць» з музейнымі аб’ектамі, дзе будуць шырока выкарыстоўвацца дыярамы, панарамы, арыгінальныя ўзоры і муляжы ваеннай тэхнікі і зброі, выкананыя на сучасным навуковым і тэхнічным узроўні. Адноўленая Бабруйская крэпасць будзе служыць не ваенным, а мірным мэтам як памяць пра шматвяковую гісторыю горада.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г.