Дата рождения:
23.03.1948 Ліпавічы, в., Чашніцкі раён, Віцебская вобласць
Краткая справка:
паэт, перакладчык, публіцыст, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1980), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1998)
Имена на других языках:
Пашков Геннадий Петрович (русский);
3401 символ
Справка
Генадзь Пашкоў належыць да таго пісьменніцкага пакалення, актыўнае творчае станаўленне якога прыпала на 1970-я гады.
Нарадзіўся пісьменнік у вёсцы Малыя Ліпавічы Чашніцкага раёна на Віцебшчыне ў сям’і служачых. На пачатку пяцідзесятых сям’я пераехала на сталае месца жыхарства на Гродзеншчыну. У 1966 г. Г. Пашкоў скончыў Войстамскую сярэднюю школу і стаў студэнтам факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Студэнцкія гады былі звязаны з паездкай на цаліну, з цікавай практыкай у газетах, на радыё. Пасля заканчэння універсітэта (1971) быў рэдактарам галоўнай рэдакцыі вяшчання для дзяцей і юнацтва беларускага радыё. З 1972 г. Г. Пашкоў працаваў у часопісе “Полымя”: спачатку літсупрацоўнікам, пасля – загадчыкам рэдакцыі, адказным сакратаром, з 1979 г. – намеснікам галоўнага рэдактара. З 1989 г. Г. Пашкоў – у апараце ЦК КПБ. У 1991 г. ён стаў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Тэатральная Беларусь”. 3 лютага 1996 г. Г. Пашкоў – галоўны рэдактар выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя”. Падрыхтоўка фундаментальных энцыклапедычных і даведачных выданняў, якія разлічаны на дзесяцігоддзі, цалкам захапіла яго. Побач з творчасцю гэта праца стала асноўным сэнсам яго жыцця.
Друкавацца паэт пачаў яшчэ ў юнацкія гады. Першыя яго вершы пабачылі свет у калектыўным зборніку маладых універсітэцкіх паэтаў “Узлёт” (1967). Г. Пашкоў заявіў пра сябе кнігай паэзіі з мілагучнай назвай “Кляновік” (1975 г.), дзе сабраны ў асноўным пейзажныя замалёўкі. У 1977 г. выходзіць зборнік яго нарысаў “Будзень як свята”. З невялікім часовым прамежкам былі выдадзены кнігі самага рознага жанравага дыяпазону: “Дыстанцыя небяспекі” (1979), “Гравюры дарог” (1981), “Зямлю слухаю” (1983), “Маналог на кастрышчы” (1986), “Крокі” (1988), “Люблю, спадзяюся, жыву…” (1990), “Журавінавы востраў” (1998), “Палескія вандроўнікі” (1998). Выйшлі таксама зборнікі паэзіі для дзяцей: “Дзяўчынка з блакітным мячыкам” (1986), “Пціч” (1991), “Зорнае поле” (1999).
У паэтычных зборніках Г. Пашкова гучыць роздум пра будучыню, гісторыю і культуру роднага краю, сэнс чалавечага існавання, складанасць часу, асэнсаванне ўбачанага ў іншых краінах, тэма кахання. Ім створаны паэтычныя вобразы М. Багдановіча, К. Каліноўскага, Я. Купалы, Ф. Скарыны. Вершы паэта рамантычна ўзнёслыя, глыбока лірычныя, прывабліваюць маляўнічымі краявідамі, шматгалоссем лесу і поля, водарам лугавых траў, белізной снегавых прастораў, сонечнымі фарбамі. Прагучала ў вершах Г. Пашкова і трагедыя чарнобыльскай бяды, дзе выявіліся гуманістычныя ідэалы аўтара (“На Мазырскіх узвышшах…”, “Сонца і стронцый”, “Палешукі” і інш.). Новыя вершы і паэмы паэта, напісаныя ў апошнія гады, увайшлі ў зборнік “Тваім святлом благаславёны”, які быў выдадзены ў 2006 г. Кніга напоўнена чысцінёй і святлом пачуццяў да самага дарагога ў жыцці паэта – да жанчыны, да зямлі, дзе нарадзіўся і жыве, дзе перапляліся, жывуць у адзінстве гісторыя і сённяшні дзень.
Г. Пашкоў – аўтар сцэнарыя дакументальнага фільма “Я так люблю зямлю…”, які быў пастаўлены ў 1978 г. На беларускую мову ён пераклаў асобныя творы азербайджанскіх, армянскіх, латышскіх, рускіх, таджыкскіх, украінскіх паэтаў. За паэтычныя кнігі “Красный жаворонок” (1977) і “Дыстанцыя небяспекі” (1979) Г. Пашкову прысуджана прэмія Ленінскага камсамола Беларусі (1980). У 1998 г. ён стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.