Дата рождения:
04.04.1904 Александрова, в., Мёрскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
18.02.1943 Росіца, в., Верхнядзвінскі р-н, Віцебская вобласць
Краткая справка:
каталіцкі святар, блажэнны Рымска-каталіцкага Касцёла
Варианты имени:
Кашыра Ежы Фадзеевіч; Кашыра Юрый Фадзеевіч
Имена на других языках:
Kaszyra Jerzy (польский); Кашира Юрий Фадеевич (русский);
2043 символа
Справка
Кожны год Росіцкі касцёл Найсвяцейшай Тройцы, што на Віцебшчыне, становіцца месцам паломніцтва вернікаў і пілігрымаў, якія прыходзяць сюды памаліцца і папрасіць аб заступніцтве блажэнных Юрыя Кашыру і Антонія Ляшчэвіча.
Юрый Кашыра нарадзіўся ў праваслаўнай сялянскай сям’і ў в. Александрова Дзісенскага павета Віленскай губерні (цяпер Мёрскі раён Віцебскай вобласці). Рана застаўшыся без бацькоў, выхоўваўся ў сваякоў. У 1922 г. прыняў каталіцтва і паступіў у Друйскі кляштар марыянаў, дзе скончыў гімназію і прайшоў навіцыят (1926). Пасля прыняцця манаства некаторы час вывучаў філасофію ва Усходнім папскім інстытуце ў Рыме (1929), тэалогію ва ўніверсітэце імя Стэфана Баторыя ў Вільні (1931). У 1935 г. быў пасвячоны ў ксяндза. У наступныя гады айцец Юрый з’яўляўся прэфектам Друйскай гімназіі, суперыёрам Беларускага дома марыянаў у Вільні, кіраўніком кляштара марыянаў і рэктарам касцёла Святой Ганны ў мястэчку Расна (цяпер не існуе, Камянецкі раён Брэсцкай вобласці) і інш.
У 1942 г. айцец Юрый стаў пробашчам касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў в. Росіца (цяпер Верхнядзвінскі раён Віцебскай вобласці). У лютым 1943 г. у рэгіёне Віцебск–Асвея–Полацк нямецка-фашысцкія захопнікі праводзілі карную аперацыю супраць партызан. Жыхароў навакольных вёсак сагналі ў Росіцкі касцёл. Айцец Юрый разам з айцом Антоніем Ляшчэвічам прыкладалі шмат намаганняў, каб вызваліць людзей, адмовіліся ад магчымасці асабістага выратавання і не пакінулі вязняў. У выніку айцец Антоній быў растраляны, а айцец Юрый разам з іншымі мясцовымі жыхарамі спалены ў адным з драўляных будынкаў 18 лютага 1943 г.
Пакутніцкая смерць, прынятая айцамі-марыянамі Юрыем Кашырам і Антоніем Ляшчэвічам, стала сапраўдным подзвігам духа. Папа Рымскі Ян Павел ІІ 13 чэрвеня 1999 г. абвясціў росіцкіх святароў разам з іншымі мучанікамі, што аддалі сваё жыццё ў час ІІ Сусветнай вайны, блаславёнымі. На месцы іх гібелі быў устаноўлены мемарыял, ля якога штогод праводзяцца мерапрыемствы па ўшанаванні памяці ўсіх, хто загінуў у Росіцы ў лютым 1943 г.