Дата рождения:
30.09.1890 Абрамаўшчына, в., Смаргонскі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерти:
17.02.1943 Росіца, в., Верхнядзвінскі р-н, Віцебская вобласць
Краткая справка:
мучанік, блажэнны Рымска-каталіцкага Касцёла
Варианты имени:
Ляшчэвіч Антон Янавіч
Имена на других языках:
Leszczewicz Antoni (польский); Лещевич Антоний (русский);
2332 символа
Справка
Кожны год Росіцкі касцёл Найсвяцейшай Тройцы, што на Віцебшчыне, становіцца месцам паломніцтва вернікаў і пілігрымаў, якія прыходзяць сюды памаліцца і папрасіць аб заступніцтве блажэнных Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыру.
Антоній Ляшчэвіч нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў в. Абрамаўшчына Свянцянскага павета Віленскай губерні (цяпер Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці). Скончыў пачатковую школу ў Войстаме (1901), прыватную каталіцкую гімназію пры касцёле Святой Кацярыны (1908) і Духоўную семінарыю Магілёўскай архідыяцэзіі ў Санкт-Пецярбургу (1914). Пасля пасвячэння ў духоўны сан быў накіраваны на Далёкі Усход, дзе служыў больш за 20 гадоў. З’яўляўся вікарыем парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Іркуцку, касцёла Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Чыце, касцёла Святога Станіслава і пробашчам парафіі Святога Юзафа ў Харбіне (Кітай). Працаваў таксама прэфектам у школах, выкладаў лацінскую мову, займаўся дабрачыннасцю. У 1938 г. уступіў у манаскі ордэн айцоў марыянаў, наведаў Рым і прайшоў навіцыят у Скурцы (Польшча).
Пасля прыняцця манаства айцец Антоній служыў у Беларусі. З 1939 г. з’яўляўся аканомам кляштара марыянаў у Друі (Браслаўскі раён Віцебскай вобласці), абслугоўваў касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дрысе (цяпер г. Верхнядзвінск Віцебскай вобласці) У 1941 г. быў прызначаны пробашчам парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў в. Росіца (Верхнядзвінскі раён Віцебскай вобласці). У лютым 1943 г. у рэгіёне Віцебск–Асвея–Полацк нямецка-фашысцкія захопнікі праводзілі карную аперацыю супраць партызан. Жыхароў навакольных вёсак сагналі ў Росіцкі касцёл. Айцец Антоній разам з айцом Юрыем Кашырам прыкладалі шмат намаганняў каб вызваліць людзей, адмовіліся ад магчымасці асабістага выратавання і не пакінулі вязняў. 17 лютага 1943 г. айцец Антоній быў растраляны, на наступны дзень загінуў і айцец Юрый, вёска была спалена.
Пакутніцкая смерць, прынятая айцамі-марыянамі Антоніем Ляшчэвічам і Юрыем Кашырам разам з мясцовымі жыхарамі, стала сапраўдным подзвігам духа. Папа Рымскі Ян Павел ІІ 13 чэрвеня 1999 г. абвясціў росіцкіх святароў разам з іншымі мучанікамі, што аддалі сваё жыццё ў час ІІ Сусветнай вайны, блаславёнымі. На месцы іх гібелі быў устаноўлены мемарыял, ля якога штогод праводзяцца мерапрыемствы па ўшанаванні памяці ўсіх, хто загінуў у Росіцы ў лютым 1943 г.