Андрэй Альгердавіч (Андрэй Полацкі), сын Альгерда і Марыі Яраслаўны
Дата рождения:
1325?
Дата смерти:
12.08.1399
Краткая справка:
князь полацкі, пскоўскі і трубчэўскі, палкаводзец, удзельнік Кулікоўскай бітвы 1380 г. і бітвы на Ворскле 1399 г.
Варианты имени:
Андрэй Полацкі; Фёдар Віганд
Имена на других языках:
Андрей Ольгердович (русский); Андрей Полоцкий (русский); Вигунд Старший (русский); Вингальт (русский);
4394 символа
Справка
Паводле летапісаў у 1307 г. Полацкае княства, што было калыскай беларускай дзяржаўнасці, увайшло ў склад Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), захаваўшы сваю самастойнасць. Як знак прызнання асаблівага становішча, мела сваіх князёў, якія звычайна даводзіліся блізкімі сваякамі вялікім князям літоўскім. На яго тэрыторыі дзейнічала полацкае права, найбольш важныя пытанні жыцця горада і княства вырашаліся на вечы. Князі вызначаліся ваеннай доблесцю, прымаючы ўдзел у шматлікіх паходах і бітвах у складзе войска ВКЛ.
Будучы князь полацкі Андрэй нарадзіўся ў сям’і вялікага князя літоўскага Альгерда і яго першай жонкі віцебскай князёўны Марыі Яраслаўны. Быў першым сынам, а паводле традыцыі яму было наканавана стаць галоўным спадкаемцам княжацкай улады. Першапачаткова былі нададзены два імя – хрысціянскае Фёдар і язычніцкае Віганд (Вігунд). Упершыню ўпамінаецца як удзельнік паходу бацькі на дапамогу Пскову ў барацьбе супраць крыжакоў, пасля чаго каля 1342 г. жыхары горада абралі яго сваім князем. Прыняў хрысціянскае імя Андрэй, тым самым пацвердзіўшы сваё хрышчэнне ў праваслаўную веру. Пасля гібелі полацкага князя Нарымонта ў бітве супраць крыжакоў на рацэ Стрэве ў 1348 г. стаў полацкім князем, а да яго імя дадалося ганаровае найменне – Полацкі. У гэты перыяд Псковам кіраваў яго намеснік. Пскавічам такое кіраванне не спадабалася, і ў 1349 г. яны пазбавілі Андрэя Альгердавіча княжання і абралі сабе іншага князя. Помсцячы за гэта, у 1350 г. ён пачаў вайну супраць Пскоўскай зямлі. У адказ пскоўская дружына нападала на Полацкую зямлю ў 1354, 1355, 1358 гг. На полацкім пасадзе Андрэй Альгердавіч ва ўсім падтрымліваў дзеянні бацькі і аказваў таму актыўную ваенную дапамогу. У саюзе з вялікім князем ВКЛ Альгердам авалодаў у 1358 г. Ржэвам на Волзе, а ў 1368 г. заваяваў гарады Хорвач і Родню, што прывяло да абвастрэння адносін з Масквой. Вясной 1372 г. разам з Кейстутам, Вітаўтам і Дзмітрыем Альгердавічам удзельнічаў у паходзе цвярскога князя Міхаіла Аляксандравіча на Маскву. Вёў актыўную барацьбу з крыжакамі, якія часта ўрываліся ў Полацкую зямлю. Асаблівую небяспеку для Полацка ўяўляў Дынабург, адкуль пачыналіся паходы крыжакоў. У 1373 і 1375 гг. Андрэй Альгердавіч правёў паспяховыя напады на гэту крэпасць, прычыніў ёй разбурэнні, узяў багатую здабычу і палон. Ва ўнутранай палітыцы абапіраўся на полацкае баярства, даючы яму землі.
Пасля смерці ў 1377 г. Альгерда, незадаволены тым, што вялікім князем ВКЛ стаў яго малодшы брат Ягайла, распачаў барацьбу за велікакняжацкі пасад, але пацярпеў паражэнне і вымушаны быў вярнуцца ў Пскоў, дзе зноў стаў князем. Тут яго чакала расчараванне: горад, аслаблены вайной з крыжакамі, не адважыўся падняць зброю на Літву. Таму Андрэй Альгердавіч уступіў у саюз з вялікім князем маскоўскім Дзмітрыем Іванавічам, які стаў плённым для Маскоўскага вялікага княства. Шэраг значных ваенных поспехаў княства быў звязаны з вайсковым талентам полацкага князя. Ён прымяняў тактыку нечаканых удараў засадных палкоў, якой карысталіся старажытныя беларускія дружыны ў бітвах з крыжакамі. У 1378 г. удзельнічаў у разгроме татарскага хана Мамая на рацэ Вожы. У 1379 г. адваяваў у ВКЛ для Масквы северскія гарады Трубчэўск і Старадуб, што належалі да ўдзела брата – Дзмітрыя Альгердавіча, якога пераканаў перайсці на бок Масквы. Разам з пскавічамі ўдзельнічаў у 1380 г. у Кулікоўскай бітве на баку рускага войска. У хуткім часе вярнуўся ў Полацк. Пасля заключэння Крэўскай уніі 1385 г. становішча Андрэя Альгердавіча пагоршылася. Шукаючы саюзнікаў, у 1385 г. ён заключыў з магістрам Інфлянцкага ордэна дагавор, паводле якога перадаваў ордэну Полацкае княства і атрымліваў яго назад ужо ў якасці лена. У 1386 г. разам з інфлянцкімі немцамі і смаленскім князем Святаславам Іванавічам зноў выступіў супраць Ягайлы, але быў разбіты і трапіў у палон. Вызвалены ў 1390 г. (па іншых звестках, у 1394 г.), ён стаў на бок Вітаўта ў барацьбе супраць Скіргайлы. Полацк Андрэю Альгердавічу не вярнулі, і некаторы час зноў княжыў у Пскове. У 1394 г. разам з пскавічамі ездзіў у Ноўгарад для заключэння міру. У 1399 г. удзельнічаў у бітве на Ворскле, дзе і загінуў.
Андрэй Альгердавіч застаўся ў гісторыі як апошні полацкі князь. Пасля яго скончылася дамінаванне Полацкай зямлі ў ВКЛ у адносінах да іншых рускіх зямель у складзе княства. З гэтага часу Полацкам кіравалі толькі намеснікі вялікага князя.