Краткая справка:
адно з самых старажытных дзяржаўных утварэнняў усходніх славян з цэнтрам у Полацку
Варианты названия:
Полацкая вобласць; Полацкая воласць; Полацкая зямля
Названия на других языках:
Полоцкая земля (русский); Полоцкое княжество (русский);
5678 символов
Справка
Самым буйным і магутным княствам на тэрыторыі Беларусі ў раннім сярэдневякоўі з’яўлялася Полацкае княства. Яно ўтварылася ў сярэднім цячэнні Заходняй Дзвіны ў ІХ–Х стст. і займала ўсю Паўночную Беларусь. Межавала на поўначы з Наўгародскай зямлёй, на ўсходзе – са Смаленскай, на поўдні – з Турава-Пінскай, на захадзе і паўночным захадзе – з землямі літоўска-латышскіх плямён. Сфарміравалася на аснове племяннога княжання полацкіх крывічоў з прыкметным уплывам груп іншаэтнічнага насельніцтва, перш за ўсё балтаў. Княства займала адно з галоўных месцаў на шляху “з варагаў у грэкі”. У летапісных крыніцах называлася таксама воласцю, вобласцю, Полацкай зямлёй. Найбольш старажытныя гарады ў яго складзе – Мінск, Віцебск, Усвяты, Друцк, Лагойск, Лукомль, Заслаўе і інш.
Першае ўпамінанне пра Полацкае княства сустракаецца ў “Аповесці мінулых гадоў” пад 862 г. у сувязі з раздачай варажскім князем Рурыкам славянскіх гарадоў сваім дружыннікам. З гэтага часу Полацкая зямля ўвайшла ў склад Наўгародскай, потым Кіеўскай Русі. У 907 г. палачане ўдзельнічалі ў паходзе вялікага князя кіеўскага Алега на Царград (Канстанцінопаль). Пазней у дагаворы Кіеўскай Русі з Візантыяй (911 г.) сярод гарадоў, якія мелі права на даніну, упамінаецца і Полацк. У пачатку 972 г. княства стала незалежным ад Кіева. Яго першым уладаром, аб ім згадваецца ў летапісных крыніцах, быў Рагвалод, у часы кіравання якога (970–980-я гг.) княства ператварылася ў моцную феадальную дзяржаву. Рагвалод праводзіў незалежную знешнюю палітыку, развіваў гандаль і рамёствы. Кіеў і Ноўгарад сапернічалі паміж сабой за аб’яднанне ўсходнеславянскіх зямель, пры гэтым Полацку надавалася асаблівае значэнне. Каля 980 г. горад захапіў кіеўскі князь Уладзімір Святаславіч. Ён забіў Рагвалода, яго жонку і сыноў, а дачку Рагнеду прымусіў стаць адной са сваіх жонак. Прыкладна каля 985 г. Уладзімір аддаў Полацкае княства Рагнедзе і свайму сыну Ізяславу, які ў летапісах узгадваецца як князь-кніжнік. У час яго кіравання ў Полацкім княстве распаўсюдзілася хрысціянства. Ад Ізяслава Уладзіміравіча пачынаецца новая галіна дынастыі Рурыкавічаў – Ізяславічы Полацкія. Нашчадкі князя ў летапісах названы “Рагваложымі ўнукамі”, у гістарычнай літаратуры – Рагвалодавічамі. Ізяслаў памёр маладым у 1001 г., і Полацкім княствам стаў кіраваць яго сын Брачыслаў Ізяславіч. Ён праводзіў палітыку, накіраваную на пашырэнне зямель. Скарыстаўшыся міжусобіцамі і паслабленнем Кіеўскай Русі, Брачыслаў пасля паходу на Ноўгарад у 1021 г. атрымаў ад Яраслава Мудрага (на той час кіеўскага князя) гарады Усвяты і Віцебск – ключавыя пункты на шляху “з варагаў у грэкі”, а таксама тэрыторыю паміж Заходняй Дзвіной і Дзісной, дзе на месцы старажытнага паселішча крывічаў з’явіўся Браслаў. Найбольшай магутнасці Полацкая зямля дасягнула пры Усяславе (Чарадзеі), сыне Брачыслава, які пачаў кіраваць княствам у 1044 г. Ён пашырыў полацкія землі далёка на поўнач, падпарадкаваў сабе плямёны латгалаў і ліваў. Пасля смерці Яраслава Мудрага (1054) спрабаваў захапіць Пскоў (1065), праз год – Ноўгарад. У адказ на гэта трое сыноў Яраслава напалі на Мінск. Усакавіку 1067 г. адбылася Нямігская бітва, у якой войска Усяслава было разбіта, а сам князь разам з сынамі трапіў у палон. Пасля вызвалення некаторы час княжыў у Кіеве, у 1069 г. вярнуўся ў Полацк. Ён пабудаваў моцны замак, умацаваў Віцебск і Браслаў, развіваў рамёствы, сялянскую гаспадарку, гандаль. Як сімвал незалежнасці дзяржавы ў Полацку быў узведзены Сафійскі сабор (трэці ва ўсходніх славян, чацвёрты ў свеце). Пасля смерці Усяслава ў 1101 г. яго сыны падзялілі княства на ўдзелы: Віцебскі, Мінскі, Лагойскі, Друцкі і інш. У першай палове ХІІ ст. магутная Полацкая дзяржава паступова пачала прыходзіць у заняпад. Гэтаму садзейнічалі феадальныя міжусобныя войны, што адбываліся паміж удзельнымі князямі. Абвастрылася таксама барацьба з кіеўскімі князямі. У 1127 г. кіеўскі князь Мсціслаў (сын Уладзіміра Манамаха) спаліў і разрабаваў Полацк, Лагойск, Мінск, Ізяслаў і іншыя гарады княства; у 1129 г. захапіў у палон полацкіх князёў разам з сем’ямі і саслаў у Візантыю. На іх месца пасадзіў сваіх сыноў і родзічаў. Толькі ў канцы 1130-гг. Ізяславічы вярнуліся ў свае ўдзелы. Іх улада аслабела, узрасла роля веча, якое кантралявала дзейнасць князя і здзяйсняла вышэйшы суд. У перыяд раздробленасці высокае грамадскае становішча займаў епіскап, які з’яўляўся адзіным старэйшым прадстаўніком усёй Полацкай зямлі. Ад яго імя пісаліся і змацоўваліся пячаткай дагаворы, што заключаліся вечам. Палітычнае жыццё княства характарызавалася выступленнямі гараджан, зменай князёў. У канцы ХІІ ст. полацкімі князямі сталі віцебскія Васількавічы. У гэты час асобныя часткі княства адышлі да Смаленска (Копысь, Орша), а ў нізоўях Заходняй Дзвіны на месцы больш ранніх паселішчаў узніклі залежныя ад Полацка гарады Герцыке і Кукенойс, якія ў пачатку ХІІІ ст., нягледзячы на супрацьдзеянне Полацка, былі захоплены нямецкімі рыцарамі. У канцы 1250 – пачатку1260-х гг. у Полацку княжыў Таўцівіл, пляменнік вялікага князя ВКЛ Міндоўга. Пры яго праўленні ваенна-палітычная актыўнасць Полацкага княства ўзрасла. У 1258 г. палачане разам з літоўцамі ваявалі на Смаленшчыне, а ў 1262 г. у саюзе з наўгародцамі ўдзельнічалі ў аблозе нямецкага замка Дэрпт (Юр’еў). У перыяд княжання Таўцівіла пачаўся працэс інтэграцыі Полацкай зямлі ў ВКЛ, які расцягнуўся на доўгі час. На мяжы ХІІІ–XIV стст. яна паступова ўваходзіла ў склад новай беларуска-літоўскай дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага. З сярэдзіны XV ст. у Полацк прызначаліся намеснікі вялікага князя ВКЛ. У канцы гэтага ж стагоддзя Полацкае княства спыніла сваё шматвяковае існаванне. У 1504 г. было створана Полацкае ваяводства.