Краткая справка:
князь полацкі, пры якім быў пабудаваны Полацкі Сафійскі сабор, адзін з герояў "Слова аб палку Ігаравым"
Имена на других языках:
Всеслав Брячиславич (русский);
4486 символов
Справка
Сярод славутых асоб, якія ў розныя перыяды гісторыі становяцца іх сімваламі, вылучаецца чалавек-паданне князь Усяслаў Чарадзей (Усяслаў Полацкі, Усяслаў Брачыславіч). Яркай зоркай прамчаўся ён па трывожным небасхіле XI стагоддзя і назаўсёды застаўся ў памяці нашчадкаў. Як і яго прапрадзед Рагвалод – заснавальнік дынастыі полацкіх князёў, якіх у X–XI стст. называлі Рагвалодавічамі, Усяслаў Брачыславіч, сын Брачыслава Ізяславіча і родны пляменнік Яраслава Мудрага, у свой час атрымаў такую вядомасць, што ў XII–XIII стст. полацкія князі сталі называцца Усяславічамі.
Летапісы апавядаюць, што нарадзіўся Усяслаў Брачыславіч найверагодней у 1029 г. (асобныя даследчыкі называюць даты паміж 1018–1020 гг.) нібыта “ад валхавання”, гэта значыць пры ўдзеле паганскіх чараўнікоў-“валхвоў”, таму і стаў такім удалым воінам. Сучаснікі і нашчадкі князя верылі ў яго вешчую душу і здольнасць ператварацца ў воўка ці сокала. Княжыў Усяслаў Брачыславіч у Полацку з 1044 па 1101 г. Два першыя дзесяцігоддзі княжання ён пражыў у міры з суседзямі, але ўжо пачынаючы з 1060 г. заняўся актыўнай знешняй палітыкай. Спачатку разам з трыма сынамі Яраслава Мудрага Усяслаў удзельнічаў у паходзе супраць качэўнікаў торкаў. Пасля, выступаючы за цэласнасць і незалежнасць Полацкага княства, пачаў барацьбу са сваімі бліжнімі суседзямі, уладарамі Кіеўскай Русі. Першы паход Усяслававай дружыны быў скіраваны ў 1065 г. на Пскоў, які мог стаць плацдармам для нападу на Полацкае княства, але Пскоўскі замак застаўся непрыступным. У 1066 г. князь рушыў на Ноўгарад і вярнуўся пераможцам. Пасля быў яшчэ адзін паспяховы паход на Новагародак, апорны пункт уладарання Кіева над Літвой. Кіеў не мог дапусціць умацавання Полацка. Яраславічы сабралі ўсе свае аб’яднаныя сілы для барацьбы з Полацкім княствам. У 1067 г. адбылася славутая бітва на Нямізе, беспераможная з абодвух бакоў. Кіеўскія князі запрасілі Усяслава на перагаворы і, парушыўшы клятву, вераломна захапілі яго з двума малалетнімі сынамі ў палон, дзе ён правёў 14 месяцаў. У 1068 г. у Кіеве пачалося паўстанне, у выніку якога полацкага ўладара абвясцілі вялікім князем кіеўскім. За час свайго кіеўскага княжання Усяслаў зрабіў некалькі пераможных паходаў, прагнаў полаўцаў. Але на кіеўскім пасадзе сядзеў ён нядоўга. Выгнаны кіяўлянамі князь Ізяслаў з дапамогай польскага князя Баляслава II Смелага сабраў вялікае войска і рушыў на Кіеў. Усяслаў з войскам накіраваўся ім насустрач, але ноччу ўпотай ад кіяўлян уцёк у Полацк і зрабіў гэта, як сведчаць гісторыкі, не таму, што баяўся Ізяслава і палякаў, а таму што і ў Кіеве ён заставаўся полацкім князем, інтарэсы кіяўлян былі для яго чужыя. Але і ў родным Полацку спакою князь не знайшоў. У тым жа годзе Ізяслаў прымусіў яго збегчы з горада. Толькі ў 1071 г. вярнуў ён сваё княжанне ў Полацку і зноў стаў гаспадаром Полаччыны. Кіеўскія князі не пакідалі і далей Усяслава Чарадзея ў спакоі, але сіл вярнуць полацкія землі ў іх не хапала, а Усяслаў на Кіеўскі прастол не прэтэндаваў. Да самай смерці ўладарыў ён у родным княстве. Доўгае, больш чым паўвекавое, валадарства гэтага князя было перыядам эканамічнага і палітычнага росквіту полацкіх зямель. Акрамя сталіцы Полацкая зямля налічвала паўтара дзесятка гарадоў: Віцебск, Менск, Орша, Заслаўе, Барысаў… Улада Усяслава і яго наступнікаў, а ён пакінуў пасля сябе 6 ці 7 сыноў, пашырылася ад ніжняга Падзвіння да Балтыйскага мора. Каб узвысіць і ўмацаваць Полацк, надаць яму большую значнасць сярод гарадоў таго часу, Усяслаў Чарадзей на беразе Дзвіны пабудаваў грандыёзны Сафійскі сабор, які павінен быў сімвалізаваць роўнасць Полацка з Кіевам і Ноўгарадам, дзе такія саборы былі ўзведзены раней.
Шматгадовая барацьба Усяслава дзеля абароны палітычнай незалежнасці Полацкага княства, яго неардынарная асоба сапраўднага рыцара свайго часу і вялікага патрыёта Бацькаўшчыны заўсёды выклікалі вялікую павагу. Усяслаў Чарадзей стаў героем гістарычных паданняў, песень, былін. Праз многія стагоддзі памяць пра гэтага выдатнага князя, дзейнасць якога заклала падмурак нашай дзяржаўнасці і склала цэлую эпоху ў гісторыі Полацкай зямлі, захавалі старажытныя летапісы. Пра выключнасць князя сведчыць паведамленне аб яго смерці, прыведзенае ў самым старажытным усходнеславянскім летапісе “Аповесці мінулых гадоў” з храналагічнай дакладнасцю, якая амаль не сустракаецца ў дачыненні да іншых князёў: “У год 6609 (1101) памёр Усяслаў, князь полацкі, месяца красавіка ў 14-ты дзень, у дзевяць гадзін дня, у сераду”.