Краткая справка:
аб'яднанне ўсходнеславянскіх плямён
Названия на других языках:
Кривичи (русский);
3395 символов
Справка
Згодна з археалагічнымі помнікамі і пісьмовымі крыніцамі, у другой палове І – пачатку ІІ тысячагоддзя н.э. у басейне верхняга Дняпра, Заходняй Дзвіны, Волгі і на поўдні Чудскога возера, жыло старажытнае племя крывічоў. Яно займала велізарную тэрыторыю і з’яўлялася самай вялікай этнагрупоўкай ва Усходняй Еўропе. Упершыню крывічы ўпамінаюцца ў “Аповесці мінулых гадоў” пад 859 г. Пісьмовыя звесткі аб іх маюцца і ў візантыйскага гісторыка Канстанціна Багранароднага (Х ст.). Вядома таксама, што прадстаўнікі племені ўдзельнічалі ў паходах кіеўскіх князёў Алега (907) і Ігара (944) супраць Візантыі. Апошнія згадкі аб іх змешчаны ў летапісе пад 1162 г.
Па меркаванні вучоных, назва “крывічы” мае даславянскае паходжанне і можа паходзіць ад слова “крэўныя” (блізкія па крыві), ці ад імя легендарнага родапачынальніка Крыва або язычніцкага першасвяшчэнніка Крыва-Крывейтэ, а таксама ад узгоркавай мясцовасці, дзе жыла супольнасць. Ад этноніма “крывічы” атрымалі назвы шэраг вёсак Крывічы ў Зэльвенскім, Іўеўскім, Салігорскім, Глыбоцкім, Пінскім, Докшыцкім, Ашмянскім, Мядзельскім, Смаргонскім раёнах Беларусі. Паблізу в. Гарадок Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці вядомы старажытны могільнік з камянямі – “Магіла жрацоў-крывейтаў”.
Працэс фарміравання крывічоў адбываўся шляхам паступовай асіміляцыі славянамі мясцовых балцкіх і заходнефінскіх плямён. У канцы І тысячагоддзя ў племянным аб’яднанні вылучыліся тры групы паводле назваў іх галоўных гарадоў – полацкая, смаленская і пскоўская. Смаленскія крывічы былі вельмі блізкія ў этнаграфічных адносінах да полацкіх, таму іх часам аб’ядноўваюць у адзіную групу. Характэрнай племянной адзнакай полацкіх крывічоў, ці палачан, як яны называліся ў летапісе, лічацца бранзалетападобныя драцяныя скроневыя кольцы дыяметрам 5–11 см, а таксама так званыя “доўгія курганы”. Згодна са звычаем, памерлага члена патрыярхальнай сям’і разам з яго асабістымі рэчамі спальвалі на вогнішчы, пасля чаго астанкі змяшчалі ў калектыўнай усыпальніцы – кургане, даўжыня і форма якога залежала ад колькасці пахаванняў. На мяжы Х–ХІ стст. у крывічоў з’явіліся круглыя курганы з пахавальным абрадам трупапалажэння, драўляныя дамавіны і кенатафы – магілы без пахаванняў. У час раскопак археолагі знаходзяць бронзавыя бляшкі-шкарлупінкі, шкляныя і сердалікавыя пацеркі, жалезныя спражкі, сякеры, цуглі, шпоры, ляпную кераміку і іншыя рэчы. У курганах трапляюцца багатыя магілы са мноствам прадметаў і бедныя, з невялікай колькасцю інвентару або зусім без яго, што сведчыць пра маёмасную няроўнасць.
Даследчыкі высветлілі, што крывічы займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, хатнімі промысламі. Жылі яны ў селішчах, размешчаных на берагах рэк і азёр. У час ваеннай небяспекі ўкрываліся ў гарадзішчах, якія служылі таксама і рэлігійнымі цэнтрамі. Вядомы гарадзішчы і селішчы ў Полацку, Віцебску, Лукомлі, Заслаўі, курганныя могільнікі каля вёсак Баркі (Полацкі раён), Ахрэмаўцы (Браслаўскі раён), Вышадкі (Гарадоцкі раён) і інш.
У VII–ІХ стст. у суполцы крывічоў ішоў працэс фарміравання класаў і дзяржаўнасці – княжання. У канцы ІХ ст. іх землі ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі, у канцы Х ст. на тэрыторыі рассялення полацкіх крывічоў склалася Полацкае княства. Мясцовае насельніцтва на працягу ХІІ ст. у летапісах працягвала называцца крывічамі, а назва “крывіцкія землі” захоўвалася для паўночных зямель Беларусі да 1-й чвэрці XIV ст.