Краткая справка:
актрыса, народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1986), уладальніца прыза Беларускага саюза тэатральных дзеячаў "Крыштальная Паўлінка" (2003), уладальніца ордэна Ф. Скарыны (2015), медаля Ф. Скарыны (2004)
Варианты имени:
Дзянісава Вольга Міхайлаўна; Клебанович Ольга Михайловна
Имена на других языках:
Денисова Ольга Михайловна (русский); Денисова-Клебанович Ольга Михайловна (русский);
4059 символов
Справка
Знакамітая і вельмі таленавітая актрыса Вольга Міхайлаўна Клебановіч (па мужу Дзянісава) сыграла дзясяткі галоўных роляў, якія лічацца аднымі з лепшых у беларускім сцэнічным мастацтве.
Нарадзілася яна ў г. Ягертау (Югаславія). Скончыла Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1966, курс У. Маланкіна і Г. Старкоўскай). Пасля вучобы працавала ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры. З 1967 г. – у Дзяржаўным рускім драматычным тэатры імя М. Горкага (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага). У 1982 г. стала заслужанай артысткай БССР, у 1995 г. – народнай артысткай Беларусі. Выкладае акцёрскае майстэрства ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Творчасць В. Клебановіч адметная глыбокай унутранай распрацоўкай вобразаў у спалучэнні з дакладнай знешняй характарыстыкай і гумарам. У яе рэпертуары вялікая колькасць разнапланавых вобразаў: ад лірыка-камедыйных да драматычных. Сярод найбольш значных роляў актрысы – Сцепаніда («Знак бяды» паводле В. Быкава; Дзяржаўная прэмія Беларусі, 1986), Жанчына («Вяртанне ў Хатынь» паводле А. Адамовіча), Марыля («Раскіданае гняздо» Я. Купалы; прэмія за лепшую жаночую ролю на фестывалі «Славянскія тэатральныя сустрэчы», 1988), Жэня Камялькова («А досвіткі тут ціхія...» паводле Б. Васільева), Дуняша («Вішнёвы сад» А. Чэхава), Людміла («Дзеці Ванюшына» С. Найдзёнава), Вара («Разгром» паводле А. Фадзеева), Эсфір Львоўна («Эсфір» Л. Уліцкай), Лушка («Узнятая цаліна» паводле М. Шолахава), Ніла Сніжко («Барабаншчыца» А. Салынскага), Люся («Апошні тэрмін» паводле В. Распуціна) і інш. Лёгка, з вялікай доляй імправізацыі іграла В. Клебановіч вясёлых, гарэзлівых, хітраватых, вынаходлівых персанажаў: Фінея («Дурнічка» Лопэ дэ Вэгі), Лізета («Адзіны нашчадак» Ж. Рэньяра), Нюра («Незвычайныя прыгоды салдата Чонкіна» паводле У. Вайновіча), Жазефіна («Ад'ютантша яго вялікасці» І. Губача) і інш. У яе рэпертуары таксама ролі маладых, непасрэдных, абаяльных гераінь: Віктоша («Казкі старога Арбата» А. Арбузава), Алена («Муж і жонка ноймуць пакой» М. Рошчына), Аляксандра («Фантазіі Фарацьева» А. Сакаловай), Русалка («І быў дзень...» А. Дударава) і інш. Выканала шматлікія характарныя ролі (эксцэнтрычныя, гратэскава-фарсавыя): Ганна («Зоркі на ранішнім небе» А. Галіна), Рахель («Цяжкія людзі, або Жаніх з Іерусаліма» І. Бар-Іосефа), Дорыс («У наступным годзе, у той жа час...» Б. Слэйда), Мэртл («Царства зямное» Т. Уільямса), сястра Барбара («Вар’ят і манашка» С. Віткевіча). З іншых роляў: Эмілія («Сродак Макропуласа» К. Чапека), Марфа («Дземетрыус» Ф. Шылера), мадам Розпетл («Тата, тата, бедны тата!..» А. Копіта), Тамара («Пяць вечароў» А. Валодзіна), Наталля Фёдараўна («Чаравікі на тоўстай падэшве» П. Гладзіліна), Філіцата («Праўда – добра, а шчасце лепш» А. Астроўскага), графіня Хлястова («Гора ад розуму» А. Грыбаедава), Ханума («Хітрыкі Ханумы» А. Цагарэлі), Кіці («Кола любові» С. Моэма) і інш. Вольга Клебановіч здымалася ў фільмах «Сонечны дзень у канцы лета» (1992), «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (1994), «Свежына з салютам» (2001), «На спіне ў чорнага ката» (2008), «Трамвай у Парыж» (2010), «Белыя ваўкі» (2013), «Другая сям’я» (2014), «За лепшым жыццём» (2016), «Тум-Пабі-Дум» (2017) і інш. Пра яе зняты дакументальны фільм «Святло і цені майго лёсу» (2006, рэжысёр В. Скварцова).
Вольга Клебановіч выступіла і як рэжысёр-пастаноўшчык. Яе дыпломны спектакль па рамане Ф. Дастаеўскага «Браты Карамазавы» быў высока ацэнены. Выпускнікі актрысы паспяхова выступілі з ім на ХХI Міжнародным тэатральным фестывалі «Сустрэчы ў Расіі». Яна ўдзельнічала ў антрэпрызных праектах, неаднаразова станавілася лепшай актрысай года, перамагала на рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях. З’яўляецца ўладальніцай прыза Беларускага саюза тэатральных дзеячаў «Крыштальная Паўлінка» (2003). Актрыса ўзнагароджана ордэнам Францыска Скарыны (2015), медалём Францыска Скарыны (2004), Ганаровым знакам Беларускага прафсаюза работнікаў культуры (2015), Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (2010) і інш.