Дата рождения:
1890 Рыдзялі, в., Гродзенскі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерти:
1943
Краткая справка:
дзеяч Беларускай Праваслаўнай Царквы, грамадска-палітычны дзеяч, адзін з заснавальнікаў Саюза беларускіх настаўнікаў у Вільні, Клецку і Навагрудку
Имена на других языках:
Ковш Александр (русский);
3116 символов
Справка
Аляксандр Коўш, беларускі царкоўны дзеяч, нарадзіўся ў 1890 г. у в. Рыдзялі (па іншых звестках у 1884 г. у в. Верцялішкі) Гродзенскага павета (цяпер Гродзенскі раён) у сялянскай сям’і. Пасля заканчэння мясцовай школы вучыўся ў Свіслацкай настаўніцкай семінарыі, якую скончыў у 1904 г. Працаваў выкладчыкам на Століншчыне, потым пераехаў у Люблін, дзе скончыў бухгалтарскія курсы і ўладкаваўся на службу ў аддзяленне Рускага дзяржаўнага банка. У пачатку Першай сусветнай вайны разам з усімі супрацоўнікамі быў эвакуіраваны ў Разань, потым у Майкоп.
У 1921 г. А. Коўш вярнуўся ў Заходнюю Беларусь і ў Гродне быў пасвячоны ў святары. З 1925 г. ён жыў у Вільні. З’яўляўся настаяцелям царквы ў прадмесці Шніпішкі (цяпер у межах горада), дзе за некалькі месяцаў аднавіў і адрамантаваў прыходскі храм. У сваіх казаннях ён заклікаў прыхаджан змагацца за свае правы, не забываць родную мову, адкрываць беларускія школы і супрацьстаяць пранікненню паланізацыі. У 1925 г. А. Каўша, як спецыяліста ў банкаўскай сферы, запрасілі на пасаду бухгалтара ў Беларускі кааператыўны банк, які пачаў дзейнічаць у Вільні. Нягледзячы на духоўны статус, ён прыняў прапанову, аднак не пакінуў прыход у Шніпішках. З 1926 г. святар выкладаў Закон Божы ў Віленскай беларускай гімназіі. Шмат увагі надаваў грамадскай дзейнасці. Ён стаў адным з арганізатараў Беларускага дабрачыннага таварыства, якое займалася аказаннем матэрыяльнай дапамогі бедным і ўтрыманнем інтэрнатаў пры беларускіх гімназіях. У 1927 г. А. Коўш быў арыштаваны польскімі ўладамі (у 1928 г. апраўданы). Вярнуўшыся ў Вільню, працягваў займацца грамадскай і царкоўнай дзейнасцю. Ён праводзіў набажэнствы для беларускіх гімназістаў у Пятніцкай царкве – самай старажытнай праваслаўнай святыні Вільні, пабудаванай яшчэ ў XIVст. Дзякуючы намаганням святара, храм быў адноўлены і на некалькі гадоў стаў фактычна адзіным месцам, дзе можна было пачуць беларускамоўную службу і казанні. Шмат часу адводзіў А. Коўш асветніцкай рабоце. З’яўляючыся рэдактарам і выдаўцом царкоўна-грамадскага часопіса “Беларуская зарніца”, друкаваў там артыкулы, прысвечаныя гісторыі праваслаўя ў Беларусі; змяшчаў афіцыйныя дакументы мітраполіі, нарысы, павучальныя апавяданні для моладзі і інш. У верасні 1932 г. віленскія духоўныя ўлады перавялі А. Каўша ў в. Норыца (Ласіцы) Пастаўскага павета, дзе ён стаў настаяцелем мясцовай царквы. Фактычна гэта была ссылка. На новым месцы службы святар не мог займацца грамадскай і выдавецкай справай. Ён арганізаваў царкоўны хор, які спяваў духоўныя песні, чытаў казанні на беларускай мове. У 1937 г. А. Коўш пераехаў у в. Кастыкі Вілейскага павета.
У Вільню ён вярнуўся толькі ў канцы 1939 г. Стаў настаяцелем царквы Святога Мікалая, але ў снежні таго ж года быў звольнены Ковенскім епархіяльным саветам. Некаторы час працаваў галоўным бухгалтарам Літоўскага дзяржаўнага банка. У 1941 г. прыехаў у Мінск, дзе пачаў працаваць у выдавецкай камісіі пры мінскім архірэі. Потым атрымаў прыход у в. Плешчыніцы Лагойскага раёну. У 1943 г. за садзеянне ў выратаванні яўрэйскага насельніцтва А. Коўш быў арыштаваны гестапа і расстраляны.