Віленская беларуская гімназія была створана ў 1919 г. па ініцыятыве І. Луцкевіча, вядомага археолага, этнографа і публіцыста. Фармальна заснавальнікам гэтай установы з'яўлялася Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Дазвол быў атрыманы восенню 1918 г. – напярэдадні адступлення нямецкіх войск з Вільні. Пасля пераходу ўлады да Літоўскай тарыбы (рады) паводле загада міністра асветы М. Біржышкі ад 1 студзеня 1919 г. у Вільні было выдзелена памяшканне для гімназіі – так званыя базыльянскія муры. З прыходам у горад у пачатку студзеня 1919 г. Чырвонай Арміі і абвяшчэннем Літоўска-Беларускай ССР (ЛітБел) у гімназіі з 1 лютага 1919 г. пачаліся рэгулярныя заняткі. У гэты час там налічвалася больш за 340 вучняў, педагагічны калектыў складаўся з 18 настаўнікаў. Першым дырэктарам быў прызначаны М. Кахановіч (у розны час яе ўзначальвалі М. Анцукевіч, Ф. Грышкевіч, В. Кавалевіч, А. Міхалевіч, А. Нэканда-Трэпка, С. Паўловіч, Б. Тарашкевіч, Б. Кіт і інш.). Гімназія з'яўлялася 8-класнай навучальнай установай змешанага тыпу (для хлопчыкаў і дзяўчынак) з выкладаннем на беларускай мове. Акрамя беларусаў вучыліся рускія, палякі, яўрэі, некалькі латышоў. Частка гімназістаў, пераважна сіроты і дзеці незаможных бацькоў, атрымлівалі адукацыю бясплатна. Вялікая роля ў фарміраванні светапогляду вучняў належала І. Луцкевічу, які выкладаў беларусазнаўства і краязнаўства, звяртаючы асаблівую ўвагу на патрыятычнае выхаванне. Доўгі час гімназія заставалася прыватнай і фінансавалася рознымі грамадскімі арганізацыямі, у ліку якіх былі Школьная рада ў Вільні, Таварыства беларускай школы, бацькоўскі камітэт і інш. Па ініцыятыве ксяндза А. Станкевіча пры ёй быў арганізаваны прытулак для сірот, у які траплялі дзеці з-пад Вільні, Ашмяншчыны, Гродзеншчыны, Навагрудчыны.
Пасля захопу Вільні 21 красавіка 1919 г. польскімі войскамі і ліквідацыі ЛітБел, педагагічны калектыў імкнуўся захаваць нацыянальны характар гімназіі. Аднак, ужо пачынаючы з 2-га года навучання, новай уладай была ўведзена польская мова, на якой праводзіліся ўрокі гісторыі і геаграфіі Польшчы. У 1925 г. распараджэннем Міністэрства асветы загадвалася выкладаць па-польску ўсеагульную гісторыю і геаграфію. Кіраўніцтва гімназіі, маючы незалежнае фінансаванне, не згадзілася з гэтым патрабаваннем. Сярод настаўнікаў былі вядомыя палітычныя дзеячы Заходняй Беларусі – М. Гарэцкі, А. Луцкевіч, А. Смоліч, С. Рак-Міхайлоўскі і іншыя, якія выхоўвалі ў вучняў патрыятычныя пачуцці, пашыралі дэмакратычныя і гуманістычныя погляды, выступалі за развіццё роднай мовы. Яны працягвалі выкладаць па-беларуску, асобна вывучаліся польская, лацінская і нямецкая мовы. У гімназіі былі арганізаваны разнастайныя вучнёўскія гурткі (літаратурны, драматычны, музычны, па вывучэнні мовы эсперанта). Працавалі мастацкая студыя, арганізаваная Я. Драздовічам, хор і духавы аркестр, якім кіраваў Р. Шырма, бібліятэка, дзе налічвалася больш за 10 тыс. кніг. У гімназіі выдаваліся друкаваныя і рукапісныя часопісы. У 1932/1933 навучальным годзе ўстанова атрымала статус дзяржаўнай. Гэта забяспечыла трывалую матэрыяльную базу, але пазбавіла незалежнасці – яна стала філіялам польскай гімназіі імя Ю. Славацкага. Узмацніўся кантроль за вучнямі і настаўнікамі, у выніку чаго многія з іх вымушаны былі пакінуць гімназію. Некаторых выкладчыкаў звольнілі. У выніку рэформы сярэдняй школы ў Польшчы гімназія стала 4-класнай установай новага тыпу, у лістападзе 1939 г. рэарганізавана ў прагімназію. У 1940/1941 навучальным годзе, калі Літва ўвайшла ў склад СССР, яна стала няпоўнай сярэдняй школай. У красавіку 1944 г. спыніла існаванне.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.