Імя Васіля Пятровіча Раінчыка, стваральніка славутага вакальна-інструментальнага ансамбля “Верасы”, шырока вядома не толькі ў рэспубліцы, але і за яе межамі.
Нарадзіўся кампазітар у в. Чарапы Шклоўскага раёна. Першапачатковую музычную адукацыю атрымаў у дзіцячай музычнай школе Шклова. Пасля вучыўся ў Магілёўскім музычным вучылішчы, у спецыялізаванай музычнай школе пры кансерваторыі ў Мінску. В. Раінчык скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класу фартэпіяна В. Шацкага (1974) і па класу кампазіцыі Я. Глебава (1981).
Творчая дзейнасць музыканта была непарыўна звязана з ансамблем “Верасы”, ля вытокаў якога ён стаяў. У 1974 г. калектыў стаў лаўрэатам Першага беларускага конкурсу артыстаў эстрады. А праз паўгода – пераможцам на V Усесаюзным конкурсе артыстаў эстрады ў Маскве. З гэтага часу ансамбль неаднаразова станавіўся пераможцам самых розных конкурсаў. Шмат сіл, творчай энергіі і таленту аддаў кампазітар калектыву, стварыўшы для яго вялікую колькасць песень. Многія з іх – “Малінаўка”, “Караван”, “Музыка для ўсіх” і іншыя, – выкананыя “Верасамі”, сталі шлягерамі. У рэпертуары калектыву былі як творы беларускіх кампазітараў – У. Будніка, Я. Глебава, Л. Захлеўнага, Дз. Смольскага, В. Іванова, Ю. Семянякі, І. Лучанка, Э. Ханка і іншых, – так і зарубежных. З’яўляючыся мастацкім кіраўніком ансамбля “Верасы”, В. Раінчык разам з калектывам выступаў на самых знакамітых пляцоўках былога СССР і СНД, неаднаразова выязджаў на гастролі за мяжу. З пачатку 1980-х гг. ансамбль адзін з першых пачаў выкарыстоўваць камп’ютэры і сінтэзатары, выконваць пераважна электронную музыку. Музыканту належыць шмат аранжыровак, арыгінальных электронных кампазіцый (“Балеро”, “Варыяцыі”, “Тарантэла”), якія вызначаюцца яркім меладыйным малюнкам, свежымі тэмбравымі фарбамі, неардынарнасцю структуры.
Эстраднае мастацтва не адзіная сфера яго музычных прыхільнасцей. В. Раінчык з’яўляецца аўтарам Канцэрта для фартэпіяна з аркестрам, дзе паказаў разнастайныя магчымасці інструмента. Канцэрт складаецца з трох частак. У першай дамінуе сучасная музычная стылістыка, джаз, у другой – беларускі песенны фальклор, у трэцяй – народна-танцавальная стыхія. Яркая інструментоўка, добрае пачуццё аркестравых фарбаў надаюць музыцы светлы, святочны характар. В. Раінчык напісаў таксама араторыю “Хлапчыш-Кібальчыш” па матывах аднайменнай аповесці А. Гайдара. Гэта лірыка-драматычны твор, у якім шырока выкарыстаны інтанацыі песень часоў грамадзянскай вайны. Музыка араторыі складаецца з песень, хароў, аркестравых эпізодаў і прасякнута яркімі мелодыямі. Сярод твораў таксама балет “Крылы над Расіяй”, п’есы для электронных інструментаў “Назад да зорак”, “Жыццё артыста”, музыка да тэлеспектакля “Голы кароль” і інш.
Сёння В. Раінчык вядомы не толькі сваімі песнямі, але і шырокамаштабнай арганізацыйнай і прадзюсерскай дзейнасцю. З 2000 г. ён кіруе Маладзёжным тэатрам эстрады, аднавіў ансамблі “Верасы” і “Верасяты”. Дзякуючы В. Раінчыку сфарміраваліся майстры эстрады Л. Ісупава, І. Дарафеева, Н. Мікуліч, дуэт Я. Паплаўская – А. Ціхановіч, В. Алешка і інш.
В. Раінчык – лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1980). У 1982 г. ён стаў заслужаным артыстам Беларусі. За заслугі ў развіцці і прапагандзе беларускага музычнага мастацтва, высокае майстэрства В. Раінчыку было прысвоена ганаровае званне народнага артыста Беларусі (1995). Ён таксама ўзнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны (2006).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2009 г.