Дата начала: 1974 Мінск, г.
Дата окончания: 1996
Краткая справка: вакальна-інструментальны ансамбль, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1980)
Названия на других языках: "Верасы" (русский);
У гісторыі беларускага эстраднага мастацтва важнае месца належыць вакальна-інструментальнаму ансамблю “Верасы”.
Да 1974 г. калектыў існаваў як жаночы квартэт “Верасы” ў наступным складзе: Я. Паплаўская, Л. Шымяткова, Н. Мікуліч і Л. Вазнюк. Ён працаваў пры Беларускай дзяржаўнай філармоніі як бэк-вакал. Праз некаторы час “Верасы” сталі вакальна-інструментальным ансамблем. У яго былі запрошаны бас-гітарыст А. Ціхановіч, піяніст і кампазітар В. Раінчык, вакаліст Л. Кошалеў. У 1974 г. у V Усесаюзным конкурсе артыстаў эстрады прыняў удзел нікому невядомы мінскі вакальна-інструментальны ансамбль. Ужо пасля першага тура малады калектыў прыцягнуў да сябе ўвагу слухачоў і журы, якое аднадушна адзначыла своеасаблівасць манеры распеву і чысціню інтанацыі. Паспяхова выступіўшы на другім і трэцім турах, ансамбль “Верасы” стаў лаўрэатам конкурсу. Мастацкім кіраўніком выбраны В. Раінчык. Новы эстрадны калектыў за кароткі тэрмін набыў свае індывідуальныя рысы, стварыў арыгінальны, непадобны на іншых канцэртны рэпертуар і заняў дастойнае месца сярод лепшых ансамбляў краіны. З гэтага часу пачынаецца паспяховая гастрольная, фестывальная і конкурсная дзейнасць групы: канцэрты для працаўнікоў камсамольскіх ударных будоўляў, вайскоўцаў і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, удзел ва Усесаюзным фестывалі ваенна-патрыятычнай песні ў Новарасійску (1975), Міжнародным фестывалі палітычнай песні ў Хельсінкі (1975), Міжнародным фестывалі палітычнай песні “Ален мак” (Балгарыя, 1976), фестывалі памяці Віктара Хары (Фінляндыя, 1978). Значнае месца ў творчай біяграфіі “Верасоў” займаюць сумесныя гастролі з амерыканскім спеваком, акцёрам і рэжысёрам Д. Рыдам па Сібіры і БАМе. У 1980 г. ансамбль быў у ліку ганаровых гасцей, запрошаных на Міжнародны конкурс вакальных выканаўцаў “Залаты Арфей”, які праходзіў у Балгарыі.
Нараўне з канцэртнай дзейнасцю вялікая ўвага ўдзялялася запісам і выпускам грампласцінак, якія выходзілі мільённымі тыражамі. Самымі папулярнымі альбомамі з’яўляліся “Верасы”, “Наша дискотека”, “Музыка для всех”, “Популярные песни прошлых лет”. Дзякуючы ансамблю многія песні беларускіх кампазітараў Я. Глебава, І. Лучанка, Ю. Семянякі, Э. Ханка набылі вядомасць у краіне і за мяжой. Папулярнасць калектыву расла. Знакамітыя кампазітары Савецкага Саюза лічылі за гонар пачуць свае творы ў выкананні праслаўленага ансамбля. Так, адным з найбольш яркіх хітоў савецкай эстрады стала песня “Малиновка”. Працуючы над партытурай, В. Раінчык увёў у інструментальнае суправаджэнне мастацкі свіст з дапамогай дзіцячай свістулькі, якая імітуе голас пеўчай птушкі. Гэта надало песні вясёлы і прывабны характар. Пасля выканання на тэлевізійным фестывалі “Песня-80” у Маскве яна заваявала ўсеагульную папулярнасць. Таксама сталі вядомыя песні “Я у бабушки живу”, “Карнавал”, “Звезда любви”, “Караван”, “Музыка для всех”, “Любви прощальный бал”, “Завіруха” і інш. Выконваліся і ўласныя кампазіцыі, напісаныя В. Раінчыкам, І. Цвятковай, Я. Паплаўскай і інш. Калектыў дасягнуў высокага прафесійнага ўзроўню. Ён шырока выкарыстоўваў розныя віды электроннай музыкі, эксперыментаваў у інструментальных аранжыроўках. У ансамблі з’явіліся складаныя клавішныя электраінструменты, што значна пашырыла выканаўчыя магчымасці. Узбагацілася новымі, яркімі фарбамі тэмбравая палітра за кошт незвычайных гарманічных і поліфанічных спалучэнняў. У розныя гады ў ансамблі “Верасы” працавалі І. Цвяткова, Ю. Скараход, Н. Ваяводзіна, Г. Старыкаў, У. Угольнік і інш. Калектыў быў лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1980), дыпламантам Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады (1983). У 1988 г. Я. Паплаўская і А. Ціхановіч стварылі сваю групу “Шчаслівы выпадак”. Салістамі ансамбля “Верасы” ў розныя гады былі Л. Ялінская, І. Дарафеева, В. Алешка. З 1996 г. калектыў спыніў сваю дзейнасць, але песні працягвалі гучаць, іх пазнавалі і падпявалі ў розных кутках былога Савецкага Саюза.
У 2007 г. В. Раінчык пры Маладзёжным тэатры эстрады вырашыў аднавіць “Верасы” ў выглядзе вакальнага квартэта, дзе спяваюць маладыя юнакі і дзяўчаты. Яны выконваюць любімыя мільёнамі людзей песні са старога рэпертуару ансамбля.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.