Дата рождения:
14.01.1953 Сахарны завод, былы п., Скідзельскі раён, Гродзенская вобласць
Краткая справка:
эстрадная спявачка, заслужаная артыстка Беларусі, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1980)
Варианты имени:
Мікуліч Надзея Анатолеўна
Имена на других языках:
Микулич Надежда Анатольевна (русский);
2850 символов
Справка
Надзея Анатольеўна Мікуліч нарадзілася ў пасёлку Цукровы завод Гродзенскай вобласці. Творчую кар'еру пачала ў 1971 г. як бас-гітарыстка ВІА «Чараўніцы», створаным у Гродне пры ДК тэкстыльшчыкаў. У 1972 г. скончыла Гродзенскае музычна-педагагічнае вучылішча па класе акардэона. У гэтым жа годзе была запрошана як вакалістка, выканаўца на банджа, бас-гітары і гітары ў склад ансамбля «Верасы», у якім адпрацавала да 1980 г. У рэпертуары былі песні маладзёжнай, папулярнай тэматыкі савецкіх кампазітараў, аўтарскія творы ўдзельнікаў калектыву. Ансамбль шмат гастраляваў па краіне і за яе межамі, прымаў удзел у эстрадных музычных фестывалях. У гэты ж перыяд Н. Мікуліч пачала сольную кар'еру, была артысткай вакальнага жанру Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Некаторы час выступала разам з групай «Сузор'е».
Шэраг таленавітых імёнаў адкрыў VII Усесаюзны конкурс артыстаў эстрады (1983). У ім прыняла ўдзел вялікая група творчай моладзі Беларусі. У ліку прызёраў была і Надзея Мікуліч, якая стала дыпламантам конкурсу. З 1984 па 1990 гг. яна працавала артысткай-вакалісткай эстрады Беларускай дзяржаўнай філармоніі, а ў 1990–1993 гг. уваходзіла ў штат дзяржаўнага аб'яднання «Белканцэрт» у якасці салісткі. Адначасова да 1993 г. супрацоўнічала з ансамблем сучаснага балета Л. і А. Яфрэмавых. У 1997 г. выступала ў складзе праекта «Толстый бенефис» (разам з артыстамі Л. Клунным, Р. Палішчуком). Пазней дае ўжо толькі сольныя канцэрты. Артыстка часта спявае сола пад акампанемент гітары, гармоніка, у яе рэпертуары як аўтарскія творы, так і песні беларускіх кампазітараў, апрацоўкі народных песень. Сярод найбольш вядомых «Клёны-ясені» (музыка У. Будніка, словы Н. Гілевіча), «Я вернусь» (музыка Э. Зарыцкага, словы В. Гіна), «Ой, бяда» (музыка Н. Мікуліч, словы Я. Бароўскага), «Госці мае» (музыка П. Яроменкі, словы Я. Бароўскага), «Не за вочы чорныя» (музыка Ю. Семянякі, словы А. Русака), «Мая адзінота» (музыка Н. Санамян, словы В. Ермаленкі), «Берега» (музыка і словы С. Наско).
Творчай манеры Надзеі Мікуліч уласцівы эмацыянальная выразнасць, глыбіня і тонкая нюансіроўка выканання, дасканалае валоданне разнастайнымі песеннымі жанрамі. Дакладна адчуваючы характар і склад беларускіх народных песень, спявачка выконвае іх, як правіла, ва ўласнай апрацоўцы пад сяміструнную гітару (лірычная «Рэчанька», жартоўная «Мой міленькі захварэў» і інш.). Яна валодае самабытным голасам, індывідуальнай манерай спеваў. Звяртаючыся да лепшых узораў нацыянальнага фальклору, да твораў беларускіх кампазітараў, спявачка як бы прапускае іх праз сваё сэрца і прадстаўляе кожны твор у сучасным стылі, глыбока раскрываючы яго ідэйна-вобразны змест.
Надзея Анатольеўна шмат гастралюе па Беларусі, выступала ў Балгарыі, Бельгіі, Германіі, Польшчы, Сірыі, Славакіі, Фінляндыі, Чэхіі, у краінах СНД.