Аляксандр Рыгоравіч Ціхановіч – вядомы беларускі артыст эстрады, рэжысёр, прадзюсар – нарадзіўся ў Мінску ў сям’і ваеннаслужачага. Вучыўся ў Сувораўскім вучылішчы, дзе пачаў іграць на трубе ў ваенным духавым аркестры. Музычную адукацыю атрымаў у Маладзечанскім музычным вучылішчы. У 1982 г. скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю (аддзяленне духавых і ўдарных інструментаў па класе трубы Р. Лагонды). У пачатку 1970-х гг. А. Ціхановіч дэбютаваў на сцэне як бас-гітарыст. Выступаў у складзе шэрага самадзейных калектываў (уваходзіў у маладзёжны гурт «Факіры», інструментальны ансамбль «Мінск»), якія выконвалі папулярныя эстрадныя кампазіцыі. З 1973 г. па 1987 г. ён бас-гітарыст, саліст-вакаліст вакальна-інструментальнага ансамбля «Верасы», унутры якога ў 1976 г. утварыўся дуэт Ядвіга Паплаўская – Аляксандр Ціхановіч. У 1987 г. музыкант быў запрошаны бэк-вакалістам (потым стаў салістам) у Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам М. Фінберга. Пасля перамогі на конкурсе «Песня 88» з кампазіцыяй «Шчаслівы выпадак» (музыка Э. Ханка, словы Л. Рубальскай) А. Ціхановіч разам з Я. Паплаўскай у 1989 г. арганізаваў групу «Шчаслівы выпадак», дзе іграў на бас-гітары і быў вакалістам. На яе аснове ўзнік першы ў Беларусі Тэатр песні і творчая студыя пры ім (з 2002 г. прадзюсарскі цэнтр «Профіартвідэон»). Новае творчае аб’яднанне стала ініцыятарам правядзення міжнародных фестываляў «Беларусь збірае сяброў», тэлемарафону «К Храму, Миру и Согласию», сумеснай беларуска-расійскай шоу-праграмы «Поп-ТВ», шэрага іншых мерапрыемстваў з удзелам зорак эстрады СНД і беларускай творчай моладзі. Адначасова з 2001 г. А. Ціхановіч з’яўляўся музычным кіраўніком беларускага канала ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне». Ён быў аўтарам, прадзюсарам і вядучым праграм «Хіт-момант» і «Тэатральныя гісторыі». З 2006 г. па 2009 г. узначальваў тэлевізійны музычны праект «Еўрафэст» і журы па адборы на конкурс «Еўрабачанне».
Цікавай і плённай была кампазітарская і выканальніцкая дзейнасць А. Ціхановіча. У складзе дуэта з Я. Паплаўскай ён выступаў у Расіі, Балгарыі, Германіі, Польшчы, Фінляндыі, Канадзе, Ізраіле, ЗША і іншых краінах. Удзельнічаў у шматлікіх фестывалях. Сярод найбольш вядомых аўтарскіх твораў – эстрадныя песні «Байканур», «Успамінай», «Цыганка», «Белая ружа», «Восень у Версалі», «Жыццё – цудоўнае імгненне», «Гаспадыня балю», «Гавары пра каханне», «Расшумеліся таполі», «Гісторыя кахання» і інш. Разам з Я. Паплаўскай музыкант выпусціў альбомы «Шчаслівы выпадак» (1989), «Музыка кахання» (1995), «Ад Малінаўкі і да…» (1997), «Каханне – лёс» (2008), «Яна не магла інакш» (2013) і інш. Аляксандр Ціхановіч здымаўся ў наступных фільмах: «А таксама цырк» (дакументальны, 1983), «Трэці не лішні» (1994), «Неба ў гарошак» (2004), «Рыфмуецца з каханнем» (2006), «Яблык месяца» (2009), «Прытчы 4» і «Яна не магла інакш» (2013).
За значны асабісты ўклад у развіццё нацыянальнай культуры, захаванне і прапаганду лепшых музычных традыцый А. Ціхановічу ў 2006 г. было прысвоена званне «Народны артыст Беларусі». Ён з’яўляецца кавалерам ордэна Францыска Скарыны (2016), лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (у складзе «Верасоў», 1979). Узнагароджаны граматай Вярхоўнага Савета БССР (1986).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г.