Калектыў створаны 21.02.1987 г. у адпаведнасці з загадам Міністэрства культуры БССР і называўся «Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі БССР». Нязменным мастацкім кіраўніком аркестра з'яўляецца народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва, кавалер ордэна Ф. Скарыны М. Фінберг.
У сферу дзейнасці калектыву арганічна ўключана як эстрадная, так і акадэмічная музыка. Асноўнымі напрамкамі яго дзейнасці з'яўляюцца: фестывальны рух; папулярызацыя нацыянальнага музычнага мастацтва; гастрольна-канцэртная дзейнасць; пошук і выхаванне маладых таленавітых выканаўцаў; выдавецкая дзейнасць.
Фестывальны рух скіраваны на папулярызацыю беларускай акадэмічнай і эстраднай музыкі ў рэгіёнах, так званых малых гарадах краіны. Калектыў і яго мастацкі кіраўнік прафесар М. Фінберг лічаць сваім абавязкам несці свята сапраўднага музычнага мастацтва не толькі мінчанам, але і жыхарам невялікіх населеных пунктаў. На сённяшні дзень калектывам аркестра праведзена каля 130 такіх фестываляў.
Фестывальны рух заслужанага калектыву на працягу многіх год ахоплівае ўсе вобласці Беларусі: Мінскую (свята мастацтваў «Музы Нясвіжа», свята музыкі «Заслаўе»), Гродзенскую (свята мастацтваў «Мірскі замак»), Гомельскую (свята музыкі «Чачэрскія сустрэчы», імпрэза камернай і духоўнай музыкі «Тураў», фестываль «Музычныя краявіды Хойніцкай зямлі»), Магілёўскую (фестываль мастацтваў імя народнага артыста Беларусі кампазітара М. Чуркіна «Мсціслаў»), Брэсцкую (мастацкія праекты «Пінскія спатканні» і «Гасцёўня Напалеона Орды» ў Іванава). Калектыў аркестра з'яўляецца актыўным папулярызатарам беларускай музыкі, з пашанай захоўвае нацыянальную выканальніцкую школу, традыцыі беларускай музычнай спадчыны, лепшыя дасягненні сусветнай музычнай класікі. Грунтоўна распрацаваная навуковая канцэпцыя такіх праектаў, якую забяспечвае прафесар, доктар мастацтвазнаўства В. Дадзіёмава, спрыяе не толькі мастацкай, але і асветніцкай дзейнасці заслужанага калектыву. Дзякуючы актыўнай працы М. Фінберга і калектыву аркестра па аднаўленні нацыянальнай музычнай спадчыны у сучасную беларускую культурную прастору вяртаюцца імёны нашых славутых землякоў, кампазітараў XVII – XIX стст. Н. Орды, М. Ельскага, М. Агінскага, М. Карловіча, Мацея і Антонія Радзівілаў, Я. Голанда, В. Казлоўскага, С. Манюшкі і інш.
Аркестр ажыццяўляе такія папулярныя мастацкія праекты, як Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна», Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай песні, Міжнародны фестываль джазавай музыкі «Мінскі джаз», фестывалі «Спяваем з аркестрам», «Шлягеры на ўсе часы». Калектыў з'яўляецца арганізатарам і пастаянным удзельнікам Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» і праводзіць усе конкурсы выканаўцаў эстраднай песні на гэтым фестывалі з моманту яго заснавання.
Адной з асноўных крыніц поспеху і адметнасці калектыву з'яўляецца дзейнасць па папулярызацыі нацыянальнага музычнага мастацтва. Дзеля пацвярджэння гэтага дастаткова ўзгадаць, што аркестрам былі створаны аўтарскія канцэрты на вершы амаль 60-ці беларускіх паэтаў: А. Міцкевіча, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, П. Панчанкі, П. Броўкі, У. Караткевіча, М. Танка, В. Дуніна-Марцінкевіча, У. Сыракомлі, К. Буйло, А. Русака, Я. Янішчыц, Л. Дранько-Майсюка і інш.
Аркестрам выконваліся лепшыя творы вядомых айчынных кампазітараў П. Падкавырава, А. Туранкова, У. Алоўнікава, Ю. Семянякі, Г. Вагнера, Р. Пукста, А. Багатырова, М. Чуркіна, М. Аладава, Я. Глебава, У. Мулявіна, І. Лучанка, Э. Ханка, В. Раінчыка, І. Паліводы і многіх іншых сучасных беларускіх кампазітараў.
У 25-м юбілейным канцэртным сезоне аркестр прадставіў новую нацыянальную творчую праграму «Беларуская класічная паэзія ў творчасці Эдуарда Зарыцкага», у якую ўвайшлі песні, створаныя на вершы Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, У. Караткевіча, А. Русака, Ф. Багушэвіча, У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча, В. Зуёнка, С. Грахоўскага, У. Карызны. Аркестр падрыхтаваў адметную канцэртную праграму, прымеркаваную да 130-годдзя класікаў беларускай літаратуры Я. Купалы і Я. Коласа.
Значнае месца ў рэпертуары творчага калектыву займае ваенная тэматыка. Шырокую папулярнасць атрымалі праграмы «Ад Масквы да Брэста», «Песні гарадоў-герояў», «И шла война народная...», «Дзень Перамогі», падрыхтаваныя да юбілейных дат Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Аркестр вядзе актыўную гастрольна-канцэртную дзейнасць, мае вялікі аўтарытэт не толькі ў беларускай музычнай прасторы, але і за яе межамі. Асабліва цеснае супрацоўніцтва калектыў ажыццяўляе з Расіяй. З яго ўдзелам на расійскім тэлебачанні праходзіў фестываль «Песня года», музычная гульня «Угадай мелодию». За працу над гэтым праектам аркестр тройчы ўзнагароджаны дыпломам лаўрэата. Калектыў добра вядомы яркімі выступленнямі ў канцэртнай зале «Расія», Крамлёўскім палацы і ўдзелам у 33-х праграмах, прысвечаных закладцы памятных знакаў на «Алеі Зорак» у Маскве. Аркестр два гады працаваў у Італіі на пятым канале тэлебачання. Выступаў у Польшчы, Югаславіі, Літве, Латвіі і іншых краінах.
Вялікай папулярнасцю карыстаецца мастацкі праект «Шлягеры на ўсе часы», у рамках якога аркестр стварыў праграмы А. Герман, М. Тарывердыева, А. Фельцмана, Л. Уцёсава, Л. Гурчанка і інш. Калектыў супрацоўнічае з А. Пугачовай, Ф. і Б. Кіркоравымі, Ю. Антонавым, І. Кабзонам і іншымі папулярнымі выканаўцамі.
Адметнай рысай аркестра з'яўляецца ўніверсалізм выканальніцкай дзейнасці, якая ахоплівае ўсе музычныя кірункі і стылі, ад масавай эстраднай песні да элітнага джаза, ад старажытных беларускіх да сучасных авангардных узораў, ад сімфанічнай і камернай музыкі заходнееўрапейскіх класікаў да вакальных і інструментальных кампазіцый славянскіх, у тым ліку, беларускіх майстроў. Ва ўсіх праграмах аркестр працуе толькі з жывым гукам без выкарыстання фанаграмы.
Зоркай беларускага джаза з'яўляецца Біг-Бэнд. Міхаіл Фінберг, які выступае мастацкім кіраўніком праекта «Мінскі джаз», будуе яго канцэпцыю вакол лепшай музыкі Д. Элінгтана, Г. Мілера, Э. Рознера, Ю. Саульскага.
Значную ўвагу калектыў надае пошуку і выхаванню маладых таленавітых выканаўцаў. У гэтай сферы, скіраванай на рэгенерацыю, працяг творчага жыцця калектыву, яго абнаўленне і ўдасканаленне, вядзецца мэтанакіраваны пошук маладых выканаўцаў з ліку выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Многія з іх носяць ганаровыя званні лаўрэатаў прэстыжных міжнародных конкурсаў і фестываляў.
Выдавецкая дзейнасць аркестра скіравана на ўмацаванне навуковага падмурка працы і ажыццяўленне фундаментальных даследаванняў у галіне беларускай акадэмічнай музыкі. У іх адлюстравана шырокая панарама беларускага музычнага мастацтва ў яго гістарычным, тэарэтычным, а таксама этнамузыкалагічным кірунках.
У лютым 2012 г. аркестр сумесна з Мінскім аблвыканкамам і Мінскім райвыканкамам праводзіў у калысцы беларускай духоўнасці старажытным Заслаўі XII Cвята музыкі «Заслаўе-2012». Імпрэзы штогод мяняюць свой воблік, у залежнасці ад творчых ідэй і канцэпцый, асоб і падзей, якім яны прысвячаліся. У гэтым годзе нацыянальную музычную спадчыну прадстаўлялі творы выдатнага беларускага кампазітара XX cт. Л. Абеліёвіча. Побач з музычнымі прэм'ерамі ў Заслаўі прайшла прэс-канферэнцыя з удзелам СМІ, сустрэча з даследчыкам старажытнай беларускай музыкі прафесарам В. Дадзіёмавай.
13 снежня 2011 г. у Палацы Рэспублікі адбылося ўручэнне Нацыянальнай музычнай прэміі Беларусі. Спецыяльны прыз «За развіццё традыцый беларускай песні» атрымаў мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі М. Фінберг.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.