Дата рождения:
21.02.1947 Мазыр, г., Гомельская вобласць
Дата смерти:
11.12.2021 Мінск, г.
Краткая справка:
дырыжор, педагог, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, народны артыст Беларусі, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1990), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1996), прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (2007), прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры (2015), кавалер ордэна Францыска Скарыны
Имена на других языках:
Финберг Михаил Яковлевич (русский);
3672 символа
Справка
Біяграфія Міхаіла Якаўлевіча Фінберга пачалася ў разбураным пасляваенным Мазыры. Ужо ў раннім дзяцінстве праявілася яго любоў да музыкі. Нягледзячы на цяжкае матэрыяльнае становішча, бацькі аддалі Міхаіла ў Мазырскую музычную школу. Там ён пачаў іграць на скрыпцы, але праз тры гады вырашыў шукаць нешта іншае і ў выніку спыніўся на духавых інструментах. Дзесяць год было аддадзена арміі і працы ў вайсковым духавым аркестры, пяць гадоў – эстрадна-сімфанічнаму аркестру Беларускага радыё і тэлебачання пад кіраўніцтвам Б. Райскага. У 1970 г. М. Фінберг скончыў Беларускую кансерваторыю па класу трамбона. З 1971 г. пачаў выкладаць у Беларускай акадэміі музыкі, напісаў дзве навуковыя працы – дапаможнікі для студэнтаў-музыкантаў. У 1997 г. яму было прысвоена званне прафесара.
У 1970 г. М. Фінберг узначаліў аркестр Мінскага цырка. Менавіта пад кіраўніцтвам маэстра аркестр хутка дамогся значных творчых поспехаў і паступова са спецыфічнага цыркавога ператварыўся ў канцэртны калектыў. М. Фінберг шмат аранжыраваў, напісаў музыку больш як да 150 цыркавых спектакляў. У гэтыя ж гады ён працягваў займацца сваёй музычнай адукацыяй, на гэты раз у кансерваторскай аспірантуры, дзе дасканала авалодаў сакрэтамі дырыжорскай тэхнікі (1981). У кансерваторыі М. Фінберг сфарміраваў студэнцкі эстрадны аркестр з маладых таленавітых музыкантаў. Многія з выканаўцаў увайшлі ў Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь, які ўзнік 21 лютага 1987 г. (з 2005 г. – Нацыянальны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі). Галоўныя напрамкі дзейнасці аркестра – папулярызацыя беларускай народнай песні, інструментальнай і джазавай музыкі, пошук і адкрыццё новых імён. Сярод праектаў – міжнародныя фестывалі, канцэрты, аўтарскія вечары, выступленні з таленавітымі дзецьмі… Рэпертуар Дзяржаўнага аркестра М. Фінберг пастаянна ўзбагачае новымі песнямі беларускіх аўтараў. Былі прадстаўлены праграмы з твораў А. Міцкевіча, М. Багдановіча, А. Куляшова, Н. Гілевіча, Г. Бураўкіна, У. Някляева, В. Аколавай, песенны вянок на вершы Я. Купалы і Я. Коласа – да 120-годдзя з дня нараджэння паэтаў.
З 1993 г. Аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі працуе над нацыянальнымі фестывалямі паэзіі і песні ў Маладзечне. Там жа адбылася прэм’ера “Анталогіі беларускай паэзіі і песні”, да якой кіраўнік калектыву ішоў амаль 20 гадоў. Прагучала больш за 30 лепшых твораў беларускіх паэтаў і кампазітараў XVI–XXI стст. Таму невыпадкова, што грамадскасць з ухваленнем сустрэла прысуджэнне М. Фінбергу Дзяржаўнай прэміі Беларусі за 1996 г. як аднаму з найбольш актыўных прапагандыстаў нацыянальнай музыкі.
Фестывальную геаграфію аркестра складаюць таксама Мсціслаў, Мір, Тураў, Заслаў’е, Нясвіж – гарады, адметныя сваёй самабытнай мінуўшчынай, старадаўняй духоўнай, культурнай спадчынай. Там праходзілі фестывалі камернай музыкі. Надзвычайную папулярнасць у нашай рэспубліцы і ў многіх краінах блізкага і далёкага замежжа аркестр набыў дзякуючы славутаму “Славянскаму базару” ў Віцебску, праграме “Спяваем разам з аркестрам”, 678 праграмам “Угадай мелодыю”, маскоўскаму фестывалю “Прыступка да Парнаса”, выступленням на тэлебачанні Італіі, адзначанымі “Гран-пры”. Да гэтага яшчэ трэба дадаць работу ў канцэртнай зале “Расія”, а таксама ўдзел у праграме “Плошча зорак”. Была закладзена і зорка М. Фінберга, і як адзначаў сам маэстра, – гэта вынік дзейнасці ўсяго аркестра, усёй краіны.
Няспынныя рэпетыцыі, гастрольныя паездкі і канцэрты – у гэтым жыццё і сэнс дзейнасці слыннага дырыжора. Стымулам жа застаюцца аншлагі, пры якіх заўсёды праходзяць выступленні Нацыянальнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь.