У гісторыі беларускай літаратуры сярэдзіны XIX ст. вылучаецца цікавая, з яркай творчай індывідуальнасцю, са сваім адметным мастацкім бачаннем свету постаць Альбіны Габрыелі Пузыны, дзейнасць якой прадстаўлена вельмі сціпла і фрагментарна, але робіць літаратурны працэс таго часу больш багатым, разнастайным і шматаблічным.
Нарадзілася яна ў Вільні ў заможнай сям’і графа Адама Гюнтэра і Аляксандры з Тызенгаўзаў (малодшая з трох іх дачок). Да шлюбу жыла ў радавым маёнтку Дабраўляны Свянцянскага павета (цяпер Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці), з якім звязана яе дзяцінства і маладосць. Дабраўлянскі палац Гюнтэраў быў адным з культурных цэнтраў краю, дзе збіралася творчая інтэлігенцыя. Частымі гасцямі былі пісьменнікі І. Ходзька, А. Э. Адынец, мастакі Я. Дамель, Я. Рустэм, вучоны А. Снядэцкі, піяністка М. Шыманоўская і інш. Творчая атмасфера ў сям’і, блізкае знаёмства з таленавітымі людзьмі спрыялі развіццю літаратурнага таленту Габрыелі. У 1851 г. выйшла замуж за Тадэвуша Пузыну. Месцам жыхарства стаў маёнтак мужа Гарадзілава Ашмянскага павета (цяпер Маладзечанскі раён Мінскай вобласці), у якім Габрыеля арганізавала сядзібную гасцёўню, што згуртавала лепшыя інтэлектуальныя і творчыя сілы краю. Яе наведвалі У. Сыракомля, С. Манюшка, Э. Жалігоўскі, У. Міцкевіч (сын А. Міцкевіча). Разам з мужам Г. Пузына падарожнічала па Еўропе, у Парыжы пазнаёмілася з вядомымі пісьменнікамі А. Гарэцкім і Б. Залескім.
Літаратурную дзейнасць Г. Пузына пачала з паэзіі. У 1828 г. дэбютавала вершам у варшаўскім часопісе “Motyl” пад крыптанімам “G. G.”. Выдала некалькі зборнікаў лірычных і маралізатарскіх вершаў, пісала апавяданні, фельетоны, камедыі. Яе першы зборнік вершаў “У імя Бога!” убачыў свет у Вільні ў 1843 г. Гэта быў своеасаблівы малітоўнік для хатняга набажэнства, куды ўвайшлі творы хрысціянскай тэматыкі. Многім вершам уласцівы песенная лёгкасць, экспрэсіўнасць. Любоўю да бліжняга, спагадай і чуласцю напоўнены другі паэтычны зборнік “Далей у свет!”, выдадзены таксама ў Вільні ў 1845 г. Паэзія Г. Пузыны вызначаецца эмацыянальнай непасрэднасцю, экзальтаванасцю лірычнага пачуцця. Вершы прасякнуты хрысціянскай духоўнасцю і патрыятызмам. Пісала яна на польскай мове.
Габрыеля Пузына вядома як празаік. З-пад пяра пісьменніцы выйшаў зборнік “Прозай і вершам” (т. 1–2, 1856). З гуманістычна-асветніцкіх пазіцый адлюстравала грамадскія канфлікты ў кнізе “Малыя, але праўдзівыя апавяданні” (1857), дзе з павагай намалявала тыпы сялян. У 1847 г. выдала кнігу замалёвак “Літоўскія дзеці, іх слоўцы, адказы, назіранні”, у якой паказала паэтычны свет дзяцей беларускай вёскі. Спрабавала свае сілы і ў драматургіі. Некаторыя яе п’есы ставіліся ў Вільні. Камедыя “Ці прыгожая, ці багатая” і драматычны абразок “За горадам” склалі зборнік “Аматарскі тэатр” (1861). Шмат п’ес засталося ў рукапісах. У творах Г. Пузыны адлюстраваны жыццё вышэйшых слаёў беларускага грамадства, асаблівасці побыту заможнай шляхты. Асаблівую літаратурную каштоўнасць маюць успаміны “Мая памяць” (даведзены да 1867 г.), што напісаны на падставе дзённіка, асабістай перапіскі пісьменніцы. Рукапіс, багата ілюстраваны малюнкамі, літаграфіямі і фотаздымкамі, прадстаўляў панараму жыцця ўсіх слаёў грамадства паўночна-заходняй Беларусі і Вільні, змяшчаў каштоўную інфармацыю пра мастацкае жыццё краю. У ім шмат звестак пра сем’і Сапегаў, Радзівілаў, Пшаздзецкіх, Тызенгаўзаў, Вайніловічаў, маёнтак Дабраўляны і Дабраўлянскую збраёўню, Паставы, Дзярэчын, Віленскі ўніверсітэт, вайну 1812 г., паўстанне 1830–1831 гг. Падзеі грамадска-палітычнага жыцця ў мемуарах падаюцца праз успрыняцце прыватнай асобы і ацэньваюцца з хрысціянскіх пазіцый дабрыні, сумлення, шчырасці. Мемуарыстка фіксуе звычайныя, на першы погляд нязначныя сітуацыі, з якіх складаецца жыццё чалавека і цэлага пакалення, ствараецца адчуванне непаўторнасці часу і эпохі, паўстае сумарнае аблічча таго высакароднага арыстакратычнага асяроддзя, выхаванкай і прадстаўніцай якога яна была. Рукапіс часткова апрацаваны і выдадзены польскімі даследчыкамі А. Чарткоўскім і Г. Масціцкім у 1928 г. пад назвай “У Вільні і ў літоўскіх маёнтках”.
Памерла пісьменніца ў Гарадзілаве, дзе і была пахавана ў склепе мясцовага касцёла. Багаты архіў, дакументы і рукапісы, якія пасля смерці Г. Пузыны захоўваліся ў бібліятэцы Пшаздзецкіх у Варшаве, згарэлі падчас паўстання 1944 г. Літаратурная спадчына, а таксама тэатральная і музычная дзейнасць далучаюць яе да мастацкай эліты свайго часу.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г.