У другой палове ХІХ ст. сучаснікам было добра вядома імя Адама Гюнтэра. У маёнтку Дабраўляны (цяпер Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці) ён сабраў каштоўную ваенна-гістарычную, этнаграфічную і археалагічную калекцыі, меў мастацкую галерэю і вялікую бібліятэку.
Граф Адам Гюнтэр фон Гейдэльсгейм паходзіў з нямецкага роду, продкі якога ў ХVІІ ст. прыйшлі ў Вялікае Княства Літоўскае з Ніжняга Рэйна. У 1808 г. ён атрымаў пацвярджэнне графскага тытула ў Расійскай імперыі.
Адам Гюнтэр меў добрую адукацыю, скончыў Віленскі ўніверсітэт. У час вайны 1812 г. у складзе напалеонаўскай адміністрацыі ён быў наглядчыкам ваеннага шпіталя ў Мінску, узначальваў Мінскі галоўны суд. Уваходзіў у масонскія ложы “Шчаслівае вызваленне”, “Руплівы ліцвін”, з’яўляўся кавалерам мальтыйскага ордэна.
Адам Гюнтер быў апантаны калекцыяніраваннем. Пасля набыцця ў 1818 г. палаца ў Дабраўлянах, у 1824–1830 гг. перабудаваў яго па праекту віленскага архітэктара Яна Барэцці ў рамантычным стылі. У доме, які і так знешне нагадваў музей, былі зроблены і аздоблены мясцовым дэкорам вокны, дзверы і ганак, падабрана спецыяльная мэбля. На першым паверсе знаходзілася капліца, у якой размяшчалася багатая калекцыя зброі і вайсковай амуніцыі ўзораў XIII-XIX стст., так званая Дабраўлянская збраёўня. За шклом былі раскладзены рэліквіі, якія сведчылі аб былой вайсковай славе шляхецкіх радоў Вялікага Княства Літоўскага, на сценах развешаны і прыгожа згрупаваны ўзоры зброі, стрэлы, сякеры, алебарды, даспехі і інш. Сцены палаца ўпрыгожвалі карціны айчынных мастакоў Я. Рустэма, Я. Дамеля, Ф. Смуглевіча, С. Чаховіча. У дамашняй бібліятэцы Адама Гюнтэра захоўваліся старадрукі і рукапісы. Цікава, што граф збіраў таксама экслібрысы, карты, візіткі, афішы, тэатральныя праграмы, літаратурныя аўтографы – усё гэта старанна кампілявалася ў альбомы з залатым цісненнем Silva rerum («Лёс рэчаў») – цікавыя ўзоры мастацтва скрапбукінгу.
Разам з будаўніцтвам палаца ствараўся парк у пейзажным стылі. У духу таго часу тут меліся ідылічныя пейзажы вясковага жыцця, фантазійныя альтанкі і гроты. Тры штучныя сажалкі звязваліся паміж сабой каналамі, было ўстаноўлена мноства помнікаў і скульптур, некалькі характэрных пабудоў тагачаснай архітэктуры краю. Палац ў Дабраўлянах стаў своеасаблівым і нават наватарскім музеем: тут упершыню была зроблена спроба спалучэння інтэр’ернага і экстэр’ернага размяшчэння экспанатаў у доме і вакол яго. У тагачаснай Беларусі аналагаў такога музея не мелася.
Сядзіба Гюнтэра стала асяродкам літаратурнага і мастацкага жыцця краю. У Дабраўляны прыязджалі госці з суседніх мясцін, з Літвы і Польшчы. Не раз бывалі тут В. Дунін-Марцінкевіч, У. Сыракомля, Т. Зан, С. Манюшка і інш. Яны часта дарылі дабраўлянскаму музею свае кнігі з аўтографамі, ноты, малюнкі, рэліквіі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г.