Соф'я Гальшанская (Друцкая), дачка Андрэя Вязынскага
Дата рождения:
1405?
Дата смерти:
21.09.1461
Краткая справка:
каралева польская, жонка вялікага князя літоўскага і караля польскага Ягайлы
Варианты имени:
Соф'я Друцкая
Имена на других языках:
Holszańska Zofia (польский); Софья Гольшанская (русский); Софья Друцкая (русский);
3553 символа
Справка
Многія жанчыны пакінулі яркі след у гісторыі Беларусі. Адны адыгралі значную ролю ў палітыцы, на дзяржаўнай службе; другія – у духоўным жыцці, культуры, навуцы, літаратуры. Сярод іх адметнае месца належыць Соф’і Гальшанскай, заснавальніцы каралеўскай дынастыі Ягелонаў.
Яна паходзіла са старажытнага княжацкага роду Гальшанскіх, прадстаўнікі якога займалі высокія дзяржаўныя пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім (ВКЛ). Радавы замак князёў знаходзіўся ў Гальшанах (зараз вёска ў Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці). Пра дзяцінства Соф’і звестак не захавалася. Вядома, што яна нарадзілася ў сям’і князя Андрэя Гальшанскага (Вязынскага) і Аляксандры Дзмітрыеўны Друцкай. Пасля смерці бацькоў дзяўчынку і яе дзвюх сясцёр выхоўваў родны брат маці князь Сямён Друцкі. 24 сакавіка 1422 г. Соф’я выйшла замуж за польскага караля Ягайлу (стала яго чацвёртай жонкай). Вянчанне адбылося ў Навагрудку ў фарным касцёле (12 лютага 1424 г. каранавалася ў Кракаве). Яна нарадзіла трох сыноў (сярэдні памёр у дзяцінстве).
Соф’я Гальшанская вызначалася талерантнасцю, мудрасцю і адыграла значную ролю ў палітычным жыцці дзяржавы. Каралева адмоўна адносілася да інкарпарацыі ВКЛ у Польшчу, была прыхільніцай гусіцкага руху. Галоўнай справай жыцця стала барацьба за карону для сыноў, у якой вызначыўся яе талент палітыка і дыпламата. Дзякуючы маці старэйшы сын Уладзіслаў у дзесяцігадовым узросце (адразу пасля смерці Ягайлы ў 1434 г.) быў абраны каралём Польшчы, у 1440 г. каралём Венгрыі. У 1443 г. узначаліў выступленне аб’яднаных польска-венгерскіх войск супраць Турцыі і загінуў у бітве пад Варнай (адсюль яго пасмяротная мянушка Варненчык). Малодшы сын Казімір з дапамогай і пры падтрымцы Соф’і ў 1440 г. стаў вялікім князем ВКЛ, а ў 1447 г. каралём Польшчы. Ён правіў 45 гадоў і ўвайшоў у гісторыю як Казімір ІV Ягелончык. Дынастыя Ягелонаў, пачатак якой паклалі Ягайла і Соф’я Гальшанская, скончылася па мужчынскай лініі ў 1572 г., калі памёр бяздзетным апошні яе прадстаўнік вялікі князь ВКЛ і кароль польскі Жыгімонт ІІ Аўгуст.
Соф’я Гальшанская ўнесла значны ўклад і ў культурную спадчыну Польшчы і ВКЛ. У 1433 г. даручыла капелану чэху Энджы Ясшовічу перакласці на польскую мову Біблію, першы том якой быў надрукаваны ў 1455 г., другі – каля 1460 г. Вядомая пад назвай Шарашпатацкая Біблія, ці Біблія каралевы Соф’і, яна з’яўляецца каштоўнай гістарычнай крыніцай (захавалася 185 з 470 яе старонак). Прыняўшы перад каранацыяй каталіцтва, Соф’я Гальшанская ніколі не здраджвала сваім праваслаўным караням і не парывала сувязей з літоўска-беларускім асяроддзем. Па загадзе каралевы ў час уступлення Казіміра на пасаду вялікага князя ВКЛ у Вільню было дастаўлена Друцкае Евангелле, якое потым захоўвалася на працягу некалькіх стагоддзяў у царкве Уваскрэсення Хрыстова. У 1431–1433 гг. яна ахвяравала сродкі на будаўніцтва капліцы Святой Тройцы каля кафедральнага касцёла ў Вавелі, якая была аздоблена фрэскамі, абразамі і алебастравымі плітамі з рэлігійнымі сюжэтамі ў візантыйскім стылі (каралева была пахавана там 21 верасня 1461 г.).
Да апошніх дзён Соф’я Гальшанская падтрымлівала царкву ВКЛ, захоўвала звычаі, у якіх выхоўвалася ў Гальшанскім і Друцкім замках. Яе імя назаўсёды ўвайшло ў летапіс славянства. Удзячныя нашчадкі таксама ўшаноўваюць памяць славутай суайчынніцы: у Гальшанах і Навагрудку ўстаноўлены помнікі і памятныя знакі, прысвечаныя 600-годдзю з дня нараджэння Соф’і Гальшанскай, у жніўні 2006 г. у гонар каралевы Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь выпушчана памятная манета.