Краткая справка:
французскі і беларускі натураліст, хірург і анатам, заснавальнік першай на Беларусі медыцынскай акадэміі ў Гродне, акушэрскай і ветэрынарнай школ, клінічнага шпіталю, батанічнага саду, аўтар навуковых прац па фальклоры Беларусі
Варианты имени:
Жылібер Жан-Эмануэль
Имена на других языках:
Gilibert (не определен); Jilibert (не определен); Жилибер Жан Эммануэль (русский); Жилибер Жан Эмманюэль (русский);
5673 символа
Справка
Шырока распаўсюджаны ў трапічнай Амерыцы і Азіі від раслін жыліберцыя атрымаў сваю назву ў гонар вядомага французскага батаніка і ўрача XVIII ст. Жана Эмануэля Жылібера. Мала каму вядома аднак, што дзейнасць гэтага выдатнага вучонага-натураліста была цесна звязана з Беларуссю. Менавіта ён стварыў і некалькі гадоў узначальваў першую вышэйшую навучальную ўстанову на тэрыторыі сучаснай Беларусі – Гродзенскую медыцынскую акадэмію, заснаваную ў 1775 г.
Жан Эмануэль Жылібер нарадзіўся ў невялікім французскім мястэчку Карэт каля Ліёна ў небагатай сям’і дробнага землеўладальніка. Бацькі хацелі бачыць свайго сына свяшчэннікам, аднак ад самага маленства яго глыбока цікавілі багацце і прыгажосць навакольнай прыроды. Ужо ў 12-гадовым узросце ён марыў прысвяціць сябе вывучэнню натуральнай гісторыі. У 1760 г. Жан Эмануэль паступіў на медыцынскі факультэт у адзін са старэйшых універсітэтаў у г. Манпелье на поўдні Францыі. Тут жа ў 1763 г. з поспехам абараніў дысертацыю “Аб сутнасці медыцыны”, атрымаў навуковую ступень доктара медыцыны. Адпрацаваўшы два гады ўрачом у наваколлі Ліёна, ён у 1768 г. стаў прафесарам анатоміі, хірургіі і натуральнай гісторыі ў Ліёнскім медыцынскім каледжы. Знаходзячыся на гэтай пасадзе, Ж. Э. Жылібер шмат вандраваў па Францыі, знаёміўся з вядомымі батанікамі, вывучаў флору, збіраў і апрацоўваў гербарый. Напісаў шэраг трактатаў, а таксама артыкулаў па медыцыне і прыродазнаўстве для славутай “Энцыклапедыі альбо Тлумачальнага слоўніка навук, мастацтваў і рамёстваў” (1751–1780). Шырокую вядомасць прынесла праца “Лекавая анархія” (1772), у якой ён адхіляў састарэлыя прыёмы лячэння і заклікаў да рашучых змен у падрыхтоўцы лекараў.
У 1775 г., атрымаўшы запрашэнне на працу ад падскарбія Вялікага Княства Літоўскага А. Тызенгаўза, Ж. Э. Жылібер пакінуў родны Ліён і прыбыў у невядомае Гродна, каб арганізаваць і ўзначаліць тут медыцынскую школу. З сабой ён узяў багаты гербарый з 300 раслін і добрую бібліятэку. Па дарозе спыняўся ў сваіх калег у Швейцарыі, Германіі і Аўстрыі, дзе працягваў папаўняць свой багаж неабходнымі для далейшай працы рэчамі. Прыбыўшы ў Гродна, вучоны з вялікай энергіяй і настойлівасцю ўзяўся за новую справу і вельмі адказна аднёсся да ўласных абавязкаў. Перш за ўсё ён пачаў ствараць батанічны сад, які ўжо праз некалькі гадоў быў прылічаны разам з Лонданскім і Пецярбургскім да найлепшых у Еўропе і атрымаў пачэсную назву “Каралеўскі”. Насенне і саджанцы сюды дасылаліся з Англіі, Аўстрыі, Расіі. У 1778 г. калекцыя саду налічвала ўжо каля 2000 айчынных і экзатычных відаў раслін (у тым ліку з Паўднёвай Амерыкі). Звыш 500 з высаджаных мясцовых раслін мелі практычнае прызначэнне: з іх вырабляліся разнастайныя лекі для шпіталя і аптэкі пры Гродзенскай медыцынскай акадэміі. Адначасова Ж. Э. Жылібер выкладаў медыцыну, хірургію, ветэрынарыю і прыродазнаўства. Пры акадэміі быў створаны асобны анатамічны тэатр – адін з лепшых у медыцынскіх навучальных установах Еўропы, у якім студэнты вывучалі “ўнутраны свет” чалавека і разнастайных жывёл. Намаганнямі вучонага ўзнік і першы ў Беларусі дзяржаўны заалагічны музей. Яго галоўнай гордасцю быў зубр, які жыў у прасторным вальеры. Працягваў Ж. Э. Жылібер у Беларусі і сваю навуковую дзейнасць. Разам з іншымі выкладчыкамі і студэнтамі ён арганізаваў некалькі экспедыцый па наваколлях Гродна, Беластока, Варшавы, Нясвіжа, Навагрудка, Вільні, Шчорсаў, Вішнева, у час якіх збіраў разнастайныя расліны, рабіў гербарый, папаўняў заалагічныя і мінералагічныя калекцыі. Сабраныя звесткі сталі асновай для падрыхтоўкі яго 5-томнай працы “Флора Літвы” (1781–1782).
Пасля таго, як А. Тызенгаўза ў выніку магнацкіх інтрыг звольнілі з пасады гродзенскага старасты, Ж. Э. Жылібер у 1781 г. пакінуў горад над Нёманам і перабраўся разам са сваімі вучнямі ў Вільню. З сабой ён вывез калекцыю мінералаў, бібліятэку ў 3000 тамоў, хірургічныя інструменты, астранамічныя і фізічныя прылады, большасць каштоўных раслін батанічнага саду. У Вільні працягваў сваю навуковую працу, узначаліў кафедру натуральнай гісторыі і батанікі на факультэце медыцыны пры Віленскім універсітэце, дзе выкладаў батаніку, заалогію, медыцыну і мінералогію. За кароткі час залажыў яшчэ адзін батанічны сад, узяўшы за аснову расліны, прывезеныя з Гродна, і стварыў заалагічны кабінет. Да двух тамоў “Флоры Літвы”, якія выйшлі ў Гродне, дадаліся тры наступныя.
Па шэрагу абставін асабістага і прафесійнага характару ў 1783 г. Ж. Э. Жылібер быў вымушаны пакінуць Вільню і вярнуцца ў Францыю. Працаваў эпідэміёлагам у Ліёнскім шпіталі, выкладаў у Цэнтральнай школе прыродазнаўчых навук. Таксама ўзначаліў таварыства медыкаў і здароўя, заснаваў Ліёнскі батанічны сад.
Дзейнасць Ж. Э. Жылібера пакінула значны след у гісторыі беларускай навукі і медыцыны. Медыцынская акадэмія, створаная і паднятая вучоным на міжнародны ўзровень, займала асаблівае месца, паколькі ў той час на ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай па сутнасці не было ніводнай навучальнай установы, якая б рыхтавала лекараў для ўсёй краіны. Батанічны сад, закладзены Ж. Э. Жыліберам у Гродне, стаў першым ва ўсёй Рэчы Паспалітай.
За сваё жыццё вучоны, тонкі назіральнік і вопытны прыродазнавец, апублікаваў каля 160 прац, прысвечаных эпідэміялогіі, заалогіі і батаніцы. Без сумнення, найбольш значнай з іх з’яўляецца “Флора Літвы” – адна з першых друкаваных прац, прысвечаных флоры Беларусі. Актыўная дзейнасць Ж. Э. Жылібера паклала пачатак фларыстычным даследаванням ў нашай краіне, а яго працы і гербарый (першы дасканала вядомы з тэрыторыі Беларусі), які захаваўся, з’яўляюцца каштоўнымі крыніцамі ведаў аб раслінах, што раслі на беларускіх землях больш за 200 гадоў назад.