Бася Залманаўна Разенблат (па мужу Карпілава) нарадзілася 20 сакавіка 1921 г. у г. Баку (Азербайджанская Рэспубліка).
З сямі гадоў Бася разам з бацькамі пачала наведваць спектаклі Бакінскага опернага тэатра (цяпер Азербайджанскі дзяржаўны акадэмічны тэатр оперы і балета імя М.Ф. Ахундава). Дзяўчынцы падабаўся балет, таму ў 1929 г. яна паступіла ў балетную студыю пры Бакінскім тэатры. У 1934 г. Народны камісарыят асветы і дырэкцыя тэатра прапанавалі таленавітай дзяўчынцы прадоўжыць вучобу ў Маскве. Юная танцоўшчыца была прынята адразу на пяты курс навучання ў Дзяржаўны маскоўскі харэаграфічны тэхнікум пры ДАВТ (цяпер Маскоўская дзяржаўная акадэмія харэаграфіі).
Пасля заканчэння вучылішча ў 1939 г. Бася Разенблат стала салісткай Маскоўскага мастацкага балета пры Музычным тэатры імя У.І. Неміровіча-Данчанкі (цяпер Маскоўскі акадэмічны музычны тэатр (МАМТ) імя К.С. Станіслаўскага і У.І. Неміровіча-Данчанкі).
Свае карэктывы ў кар'еру балерыны ўнесла вайна: Б. Разенблат эвакуіравалася ў родны горад. У 1941–1944 гг. яна з'яўлялася артысткай джаза, прымала ўдзел у шматлікіх канцэртах у клубах і на ваенных караблях у складзе Ансамбля Каспійскай ваеннай флатыліі, пры Доме ваенна-марскога флоту ў Баку.
За працу ў гады Вялікай Айчыннай вайны Бася Залманаўна была ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі «За абарону Каўказа», «За Перамогу над Германіяй».
У перыяд з 1944 да 1961 г. Бася Карпілава (Разенблат) з'яўлялася салісткай Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР (цяпер Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь). Артыстка яркай творчай індывідуальнасці спалучала выразную драматычную ігру з тэхнічна складаным імклівым танцам, валодала вялікім сцэнічным тэмпераментам, жаноцкай абаяльнасцю. Танец яе прывабліваў непасрэднасцю, выразнасцю, багаццем мімікі, натуральнасцю жэстаў.
У ліпені 1945 г. у вызваленым Мінску адбылася прэм'ера першага балетнага спектакля – «Арлекінады» Р. Дрыго. Зварот тэатра да гэтага балета быў выкліканы яго светлым жыццярадасным зместам, а таксама наяўнасцю ў трупе салістаў, здольных справіцца з сур'ёзнымі тэхнічнымі задачамі. Крытыка адзначыла выкананне новай салісткай Б. Разенблат вядучай партыі дасціпнай свавольніцы Каламбіны.
Удалым прыкладам пастаноўкі на сцэне Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР з'явіўся спектакль «Бахчысарайскі фантан» Б. Асаф'ева. У гэтым балеце артыстка выконвала партыю страснай усходняй прыгажуні Зарэмы.
У 1950 г. былі адноўлены спектаклі «Салавей» М. Крошнера і «Чырвоны мак» Р. Гліэра. Упершыню пастаўленыя да вайны, яны зноў ішлі на мінскай сцэне. Бася Карпілава выконвала ў іх вядучыя партыі Марылькі («Салавей») і Тао Хоа («Чырвоны мак»).
У 1940–1950 гг. тэатрам было пастаўлена 25 балетаў. У 17 з іх танцавала Б. Карпілава. Яна выконвала партыі Лізы («Марная засцярога» П.Л. Гертэля), Кітры («Дон Кіхот» Л. Мінкуса), Лаўрэнсіі («Лаўрэнсія» А. Крэйна), Адыліі, Фларыны, Машы («Лебядзінае возера», «Спячая красуня», «Шчаўкунок» П.І. Чайкоўскага), Гюльнары («Карсар» А. Адана) і інш.
У 1951 г. тэатрам быў пастаўлены балет Ц. Пуні «Эсмеральда». Партыю галоўнай гераіні танцавала Бася Карпілава. Вобраз Эсмеральды стаў адным з лепшых у творчасці балерыны. На думку крытыкаў, гэта была адна з лепшых інтэрпрэтацый вобраза гераіні на беларускай сцэне. Эсмеральда Карпілавай па ходу спектакля з маладзенькай, жыццярадаснай цыганкі пераўтваралася ў мужную жанчыну, якая нават пад пагрозай смерці заставалася вернай свайму каханню. Асабліва хвалявала фінальная сцэна пакарання Эсмеральды смерцю: не толькі гледачы, але і калегі балерыны былі глыбока ўражаны ўбачаным. Бася Карпілава – балерына, якая добра адчувала эмацыянальны змест музыкі, мела выдатныя акцёрскія здольнасці і сумела стварыць драматычны, яркі і запамінальны вобраз вулічнай танцоркі.
У 1951 г. адбылася прэм'ера першага балетнага спектакля для дзяцей «Доктар Айбаліт» І. Марозава. Партыю Ванечкі лёгка, выразна і весела выканала Бася Карпілава. З гумарам стылізаваныя вобразы звяроў і птушак з вядомай усім дзецям казкі пра доктара-чараўніка выклікалі вялікую цікавасць у дзяцей, прынеслі поспех спектаклю.
Новыя грані акцёрскага майстэрства танцоўшчыцы раскрыліся ў балеце «Падстаўная нявеста» Г. Вагнера (1958). Увасабляючы манерную і неразумную прадстаўніцу правінцыяльнага «вышэйшага свету» Рузю, Б. Карпілава праявіла выдатныя камедыйныя здольнасці.
За гады працы ў Дзяржаўным тэатры оперы і балета БССР Б. Карпілава стала адной з вядучых балерын трупы. Тэатразнаўца Ю. Чурко, у 1954–1961 гг. салістка тэатра, пісала аб ёй: «Жизнерадостность, чувство юмора, пленительное кокетство органично сочетались у нее с умением создавать образы глубокого драматического звучания».
У 1961 г. Бася Залманаўна Карпілава атрымала ганаровае званне «Заслужаная артыстка БССР».
Да 1983 г. яна працавала трэнерам па харэаграфіі беларускіх фігурыстаў, выступала ў якасці харэографа драматычных спектакляў Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Я. Купалы (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы), супрацоўнічала з Дзяржаўным рускім драматычным тэатрам БССР (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага).
Зараз Бася Залманаўна жыве ў Мінску і знаходзіцца на заслужаным адпачынку.
Інфармацыя падрыхтавана ў 2011 г.