Дата рождения: 21.02.1901
Дата смерти: 23.03.1964
Краткая справка: артыст балета, балетмайстар, які пэўны час быў мастацкім кіраўніком балета Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР, заслужаны артыст Расіі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1947, 1949)
Имена на других языках: Вайнонен Василий Иванович (русский);
Васіль Іванавіч Вайнонен нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу. Яго бацька, абрусеўшы фін, належаў да мяшчанскага саслоўя (працаваў ювелірам у майстэрні Іванова). Маці, простая руская жанчына, даглядала чатырнаццаць дзяцей. Васіль быў апошнім дзіцем у гэтай вялікай сям’і і рана прывучыўся да сялянскай працы: бацька памёр за некалькі дзён да яго нараджэння і маці засталалася з дзецьмі адна. Матрона Трафімаўна служыла ў доме былой актрысы Імператарскага Міхайлаўскага тэатра мадэмуазэль Бернар. Дзякуючы ёй хлопчык пазнаёміўся з чароўным светам тэатра. У 1911 г. па яе рэкамендацыі Васіль Вайнонен быў залічаны на балетнае аддзяленне Імператарскага Санкт-Пецярбургскага тэатральнага вучылішча (цяпер Акадэмія Рускага балета імя А.Г. Ваганавай).
У 1919 г. ён скончыў вучылішча (клас У.І. Панамарова) і быў залічаны ў трупу Ленінградскага тэатра оперы і балета імя С.М. Кірава (цяпер Марыінскі тэатр), у якім працаваў да 1938 г. спачатку артыстам, потым балетмайстрам. Васіль Вайнонен ад прыроды быў адораны музыкальнасцю, добрай тэхнікай і абвостраным адчуваннем рытму. Спачатку яму давяралі невялікія характарныя партыі: Арап у спектаклі «Петрушка» І. Стравінскага, Сатыр у балеце «Времена года» А. Глазунова, «Уральскі танец» у балеце «Канёк-Гарбунок» і нш. Да пачатку 1930-х гг. станцаваў шэраг вядучых балетных партый.
Работу балетмайстра Васіль Вайнонен пачаў у 1920-я гг. з пастаноўкі невялікіх канцэртных нумароў. Першую сваю пастаноўку «Ноктюрны» (1923) на музыку Ф. Шапэна ён стварыў у стылі Айседоры Дункан, узяўшы з класічнага танца тыя рухі, якія стваралі ўражанне натуральнасці і імправізацыі. З цягам часу Васіль Вайнонен праславіўся менавіта як непераўзыдзены імправізатар, харэаграфічныя знаходкі нараджаліся ў яго з незвычайнай лёгкасцю: «Гавот» на музыку Ж.-Б. Люлі быў пастаўлены літаральна за адну рэпетыцыю. У 1927 г. Вайнонен стварыў рускі матроскі танец «Яблычка» на мелодыю папулярнай масавай песні. Танец «Яблычка» быў настолькі папулярным, што адначасова выконваўся на 2–3 канцэртных пляцоўках штодзень.
У канцы 1920-х гг. Васіль Вайнонен ужо меў аўтарытэт і лічыўся перспектыўным маладым харэографам, яго сталі запрашаць на пастаноўкі танцаў у операх. Той час патрабаваў эксперыментаў – узнікла неабходнасць у стварэнні сучаснага балетнага спектакля. У 1929 г. Ленінградскі тэатр оперы і балета імя С.М. Кірава абвясціў конкурс на лепшы балетны сцэнарый, прысвечаны сучаснасці. У якасці аўтара музыкі выступіў Д. Шастаковіч, адным з харэографаў спектакля быў Васіль Вайнонен. Так пачалася гісторыя балета «Золотой век», які быў пастаўлены ў 1930 г.
Вялікім поспехам балетмайстра стала пастаноўка народна-гераічнага балета «Полымя Парыжа» Б. Асаф’ева (1932), прысвечанага падзеям Вялікай французскай рэвалюцыі. Упершыню ў гісторыі балета паказ рэвалюцыйнага дзеяння адбываўся праз іскрамётныя рытмы, экспрэсію, вялікую ўнутраную сілу масавага танца. Балет «Полымя Парыжа» быў пастаўлены Васілём Вайноненам у Вялікім тэатры ў Маскве (1933, 1947, 1960) і ў Будапешце (1950). За гэты спектакль балетмайстру была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР (1947).
У далейшым В. Вайнонен часта звяртаўся да рэвалюцыйнай і ваеннай тэматыкі. У Ленінградскім тэатры оперы і балета ім былі пастаўлены балеты «Партызанскія дні» (1937) і «Міліца» (1947) на музыку Б. Асаф’ева. «Партызанскія дні» – аповед аб легендарных днях баёў за Савецкую ўладу ў гады грамадзянскай вайны. Балет «Міліца» прысвечаны вызваленчай барацьбе народаў Югаславіі супраць нямецкіх захопнікаў.
Дзякуючы сваёй харэаграфічнай фантазіі ў 1934 г. Васіль Вайнонен змог прапанаваць новую рэдакцыю балета П. Чайкоўскага «Шчаўкунок» (у 1939 г. паставіў балет у Вялікім тэатры ў Маскве, у 1950 – у Будапешце). Балетмайстар стварыў урачысты, пранізаны святлом спектакль. Ён імкнуўся, каб «Шчаўкунок» быў зразумелым для маленькіх гледачоў і стварыў не толькі новую харэаграфію балета, але і знайшоў новае сцэнарнае вырашэнне: гледачы бачаць падзеі вачыма дзяўчынкі Машы, галоўнай гераіні спектакля. У 1956 г. балет «Шчаўкунок» быў пастаўлены ў Дзяржаўным тэатры оперы і балета БССР (цяпер Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь). У 2011 г. адбылася пастаноўка гэтага балета на сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра.
Свае карэктывы ў творчую працу майстра ўнесла вайна: летам 1941 г. Васіль Іванавіч з групай артыстаў Маскоўскай філармоніі эвакуіраваўся на Урал у г. Перм, выступаў у шпіталях у складзе канцэртнай брыгады пад кіраўніцтвам Д.М. Жураўлёва.
У 1944 г. Васіль Вайнонен быў запрошаны на пасаду мастацкага кіраўніка балета Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР. Балетмайстру давялося працаваць у вельмі складаных умовах: будынак тэатра быў напалову разбураны, маёмасць была разрабавана і знішчана акупантамі, спектаклі праходзілі ў будынку Акруговага Дома афіцэраў (цяпер Цэнтральны Дом афіцэраў). Па ўспамінах сведкаў, пра цяпло і сытнасць можна было толькі марыць. Не хапала кватэр, і артысты жылі прама ў тэатры. Рэпетыцыйны зал абаграваўся «буржуйкай», якая няшчадна дыміла, а ў перапынках, нягледзячы на моцны мароз, даводзілася насцеж адчыняць вакно. Па вечарах рэпетыравалі без электрычнасці, і Вайнонен з капцілкай у руках поўзаў па падлозе зала за артыстамі, каб разгледзець, як яны выконваюць рухі. Артысты хварэлі, было шмат траўмаў, але ніхто не скардзіўся – кожны адчуваў неабходнасць хутчэйшага адраджэння тэатра і дзеля гэтага ахвяраваў усім.
У снежні 1944 г. прэм’ерай новай беларускай оперы «Алеся» Я. Цікоцкага тэатр пачаў сваё новае творчае жыццё. У ліпені 1945 г. адбылася бліскучая танцавальная прэм’ера першага пасляваеннага сезона – балетны спектакль «Арлекінада» Р. Дрыго ў пастаноўцы Васіля Вайнонена. Балетмайстар з уласцівым яму тонкім густам і прафесіяналізмам стварыў маляўнічы, поўны гумару і выдумкі спектакль. Уся атмасфера балета была прасякнута святлом, глыбокім аптымізмам, відовішчнасцю, радасным пачуццём любові да жыцця. Вясёлыя прыгоды дзвюх закаханых пар адбываліся на фоне яскравага танцавальнага карнавалу, удзельнікамі якога былі самыя разнастайныя маскі – ад рэальных персанажаў да свавольных чарцей і амураў. Чуллівыя серэнады змяняліся бравурнымі варыяцыямі, дзе вядучыя балерыны З. Васільева і А. Нікалаева дэманстравалі віртуозную тэхніку, выконваючы рухі з арсеналу мужчынскай тэхнікі. Па ўзмаху чароўнай палачкі балкон разам з Каламбінай апускаўся да ног закаханага ў яе Арлекіна, а сумны П’яро падносіў сваё трапяткое сэрца какетлівай П’ярэце.
Зварот тэатра да гэтага твора быў выкліканы яго светлым жыццярадасным зместам, а таксама наяўнасцю ў трупе салістаў, здольных справіцца з сур’ёзнымі тэхнічнымі задачамі, масавыя сцэны таксама адпавядалі магчымасцям кардэбалету тэатра.
Мінчане сустрэлі спектакль вельмі цёпла: «Арлекінада» ішла з нязменным аншлагам па 2–3 разы на тыдзень. Нягледзячы на тое, што спектакль «Арлекінада» атрымаў станоўчую ацэнку як у друку, так і ў гледача, сцэнічнае жыццё яго не было даўгавечным: нешматлікая трупа не магла ўтрымліваць на належным прафесійным узроўні штодзённы рэпертуар і інтэнсіўна працаваць над новым. І ўсё ж спектакль адыграў пэўнае значэнне ў развіцці беларускага балетнага мастацтва.
Важнай падзеяй у музычна-тэатральным жыцці Беларусі стала пастаноўка ў студзені 1949 г. балета «Князь-возера» В. Залатарова. Літаратурнай асновай сталі матывы беларускіх народных легенд і паданняў пра паходжанне Князь-возера, папараць-кветку і г. д. Галоўная, вядучая ідэя спектакля – перамога дабра над злом, маральная перавага народа над прыгнятальнікамі. Асабістая драма галоўных герояў Васіля і Надзейкі паказвае трагічнае мінулае беларускага народа. Васіль Вайнонен разам з драматургам М. Клімковічам працаваў над стварэннем лібрэта. Цеснае ўзаемадзеянне аўтараў спектакля, узаемаразуменне ў абранні жанру абумовілі адзінства ўсіх кампанентаў спектакля. Балет «Князь-возера» стаў яскравым прыкладам пераўтварэння і развіцця прынцыпаў рускай школы на беларускім нацыянальным матэрыяле.
У 1946–1950 і ў 1954–1958 гг. Васіль Вайнонен займаў пасаду балетмайстра ў Вялікім тэатры ў Маскве. У 1948 г. ён ажыццявіў пастаноўку танцаў у оперы Б. Сметаны «Прададзеная нявеста». За гэты спектакль у 1949 г. ён у другі раз атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР.
Творчасць Васіля Іванавіча Вайнонена заўсёды вызначалася наватарствам, характэрнымі рысамі яго пастановачных прыёмаў былі збліжэнне з рэальнасцю, шырокае выкарыстанне масавых танцаў, фальклору. Бездакорным стылем вылучаліся ўсе мініяцюры, створаныя Вайноненам, асабліва вызначаліся пастаноўкі жаночых танцаў: ажурныя, лёгкія, тонкія. Усе творы балетмайстра ўвайшлі ў залаты фонд савецкай харэаграфіі. Па ўсеагульным меркаванні, ён з’яўляўся вялікім мастаком танца, высокая харэаграфічная культура спалучалася ў яго творчасці з багатай фантазіяй і невычарпальнай вынаходлівасцю. Творчыя метады Васіля Вайнонена істотна ўзбагацілі балетнае мастацтва, пашырылі дыяпазон яго магчымасцей.
У 1939 г. Васілю Іванавічу Вайнонену было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны артыст РСФСР».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.