Краткая справка:
спявак (літычны барытон), музычны дзеяч, педагог, заснавальнік і мастацкі кіраўнік творчага калектыву "Беларуская капэла", заслужаны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1990), спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1999) і шматлікіх міжнародных конкурсаў
Варианты имени:
Скарабагатаў Віктар Іванавіч
Имена на других языках:
Скоробогатов Виктор Иванович (русский);
3518 символов
Справка
Беларускі народ акрамя агульнавядомай часткі музычнай культуры XX ст. мае яшчэ і вялікую творчую спадчыну папярэдніх эпох, якую адкрыў і падаў у належным выглядзе сучаснаму слухачу Віктар Іванавіч Скорабагатаў.
Нарадзіўся ён у Мінску, у сям’і, дзе надавалася вялікая ўвага духоўнасці і культуры. Скорабагатавы пераехалі ў Беларусь з Браншчыны пасля Вялікай Айчыннай вайны. Бацькі пачалі адразу выхоўваць у дзяцей пачуццё павагі да традыцый беларускага народа. Адкрыць прыроджаны талент Віктару дапамагла настаўніца спеваў. Менавіта яна прывяла хлопчыка ў музычную школу, пасля заканчэння якой ён паступіў у 1972 г. у Беларускую кансерваторыю. Вучыўся ў выдатнага педагога і рэжысёра С. А. Штэйна, дзякуючы якому прыйшоў добра падрыхтаваным у Дзяржаўны тэатр оперы і балета БССР (зараз Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь).
Пачатак працы супаў з часам росквіту опернага тэатра. На маладога спевака звярнулі ўвагу, і ўжо праз два гады В. І. Скорабагатаў стаў вядучым салістам. Вобразы, створаныя ім на сцэне, самыя розныя – гераічныя, драматычныя, лірычныя, вясёлыя, камічныя, сатырычныя, наіўныя. Іх шмат, усіх не пералічыць, але кожны запамінальны: Жорж Жэрмон (“Травіята” Дж. Вердзі), Валянцін (“Фаўст” Ш. Гуно), Анегін, Ялецкі, Раберт (“Яўген Анегін”, “Пікавая дама”, “Іаланта” П. Чайкоўскага), Ніклаус (“Казкі Гофмана” Ж. Афенбаха), Малатэста (“Дон Паскуале” Г. Даніцэці), Фігара, граф Альмавіва, Папагена (“Вяселле Фігара”, “Чароўная флейта” В. А. Моцарта) і інш. Сярод партый нацыянальнага рэпертуару – Беларэцкі (“Дзікае паляванне караля Стаха” У. Солтана), Бусыга (“У пушчах Палесся” А. Багатырова).
Прырода шчодра надзяліла В. І. Скорабагатава фенаменальнай памяццю, сцэнічнымі здольнасцямі і рэдкім па тэмбры лірычным барытонам. Аднак па-за ўсім гэтым стаяла яшчэ карпатлівая цяжкая праца – праца майстра, улюбёнага ў сваю справу, неабыякавага да лёсу музычнай культуры краіны. Верагодна, таму В. І. Скорабагатаў заняўся рэжысурай. У 1999 г. ён паставіў спектакль – забытую оперу “Фаўст” А. Радзівіла.
Віктар Іванавіч Скорабагатаў не толькі выдатны оперны спявак і цікавы рэжысёр. Ён адзін з буйнейшых камерных выканаўцаў, рэпертуар якога складаюць больш за 600 твораў айчыннай і сусветнай класікі розных гістарычных і эстэтычных кірункаў. Дзякуючы артысту ў беларускім выканальніцкім мастацтве з’явіўся першы праект з 10 канцэртных праграм “Анталогія беларускай вакальнай музыкі XVI–XX ст.”. Яго вынікам сталі заснаванне штогадовага фестывалю “Адраджэнне беларускай капэлы” і стварэнне творчага калектыву “Беларуская капэла”, мастацкім кіраўніком якога з’яўляецца В. І. Скорабагатаў. Канцэрты капэлы адбываюцца пры перапоўненых залах. У іх удзельнічаюць лепшыя салісты, вакалісты, мастацкія калектывы. Кожнае выступленне – гэта заўсёды адкрыццё новага, невядомага дагэтуль, яшчэ адна старонка беларускай гісторыі, музычнага летапісу Беларусі.
Віктар Іванавіч Скорабагатаў таксама даследуе старадаўнюю музыку, творчасць малавядомых беларускіх кампазітараў, з’яўляецца аўтарам кніг па гісторыі беларускага музычнага мастацтва, галоўным рэдактарам серый нотных выданняў “Музыка старажытных сядзібаў” і “Беларускі гістарычны нотазбор” (абедзве з 1995 г.). Ён лаўрэат і дыпламант шматлікіх рэспубліканскіх, міжнародных конкурсаў вакалістаў. Віктар Іванавіч узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі (1990) і спецыяльнай прэміяй і грантам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1999) у намінацыі “Музычнае мастацтва”.