Дата начала: 29.05.1992 Мінск, г.
Краткая справка: творчы калектыў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь
Названия на других языках: "Белорусская капелла" (русский);
Творчы калектыў у складзе Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь створаны ў 1992 г. па ініцыятыве спевака, педагога, музычнага дзеяча В. Скорабагатава У склад капэлы ўваходзяць музыканты (аркестр і салісты), спевакі (хор і салісты), артысты балета.
У аснову арганізацыі «Беларускай Капэлы» закладзены прынцыпы еўрапейскай капэлы XVII – XVIII cтст. і капэл беларускай арыстакратыі (нясвіжскай – князёў Радзівілаў, слонімскай – князя М.К. Агінскага, гродзенскай – графа А. Тызенгаўза, ружанскай – князёў Сапегаў). Творчы калектыў падняў новы пласт нацыянальнай культуры, зрабіўшы кірункамі сваёй дзейнасці аднаўленне ў тэатральна-канцэртнай практыцы беларускай музычнай спадчыны, адраджэнне нацыянальнай музычнай культуры мінулага, збіральніцтва і даследаванне старадаўняй беларускай музыкі з мэтай яе прапаганды (выданне нот і грампласцінак), прапаганда сучаснай, пераважна авангарднай музыкі.
Дзвесце гадоў назад на тэрыторыі сучаснай Беларусі існавала развітая музычная інфраструктура. Дзейнічалі 26 оперна-балетных тэатраў, каля 30 сімфанічных капэл, сотні асобных музыкантаў. У Магілёўскай капэле працаваў Дж. Паізіела, у Гродне – І.Л. Стэфані, у Нясвіжы – Я.Д. Голанд і г. д. Праз два месяцы пасля венскай прэм'еры араторыі «Стварэнне свету» І. Гайдна адбылася яе прэм'ера ў Слоніме. Прычына тут не толькі ў тым, што гетман М.К. Агінскі любіў музыку, асабліва еўрапейскія навінкі – пра гэта сведчыць і яго нотная бібліятэка, – але і ў тым, што менавіта ён падказаў сюжэт араторыі свайму вялікаму сябру.
Выкананне музычнай спадчыны павінна быць арганічнай часткай сучаснага культурнага працэсу. Для гэтага спатрэбілася адрадзіць капэлу як інстытут мастацкага жыцця, як гэта было ў XVIII ст. у Беларусі, Германіі, Францыі, Аўстрыі, наогул, ва ўсёй Еўропе.
Творчы калектыў і яго мастацкі кіраўнік В. Скорабагатаў пачыналі са стварэння архіва капэлы, збірання музычных твораў і вывучэння музычнай спадчыны Беларусі. Гэта і тое, што можна знайсці ў нашай краіне, а таксама і вяртанне таго, што апынулася за мяжой – арыгіналаў ці ксеракопій. Архіў ставіў мэтай збіранне і вывучэнне біяграфічных дакументаў пра дзеячаў музычнага мастацтва Беларусі мінулых часоў, cтварэнне паказальнікаў літаратуры пра іх творчасць, нотаграфію, іканаграфію, выданне твораў, дакументальных матэрыялаў.
Рэпертуар «Беларускай Капэлы» ўзнаўляе музычную атмасферу даўнейшай Беларусі, калі тут ставіліся оперы і балеты італьянскіх, нямецкіх, французскіх і іншых кампазітараў. Свайго месца ў кантэксце еўрапейскай культуры мы не зразумеем да таго часу, пакуль не будзем дакладна ведаць пра тую культуру, нашчадкамі якой з'яўляемся.
З 1991 г. пачалі праводзіцца фестывалі «Адраджэнне беларускай капэлы». На першым з іх гучала старадаўняя беларуская царкоўная музыка і музыка свецкага побыту эпохі барока і класіцызму. У канцэртным выкананні была паказана опера «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р. Вардоцкага, зробленая па матывах школьнай оперы XVIII cт. Вялікую цікавасць выклікала выкананне «Гімнаў у гонар Еўфрасінні Полацкай», створаных у XII ст. Фестываль надаў старадаўняй беларускай музыцы статус класічнай, якой, як раней лічылася, у нас не было.
Другі фестываль (1992) быў прысвечаны творам замежных аўтараў XVIII cт., якія мелі дачыненне да Беларусі і ўплывалі на яе культуру. Ён ужо атрымаў статус міжнароднага. На фестывалі прагучалі араторыя І. Гайдна «Стварэнне свету», опера-буф Дж. Паізіела «Уяўная каханка», праграмы «Манюшка на Радзіме» і «Шляхамі Марка Сакалоўскага». Як спроба адраджэння беларускіх прыдворных музычна-тэатральных традыцый XVIII cт. прагучаў «Балетны дывертысмент». Гэта сінтэтычны спектакль, у якім аб'яднаны дэкламацыя, афарбаваная сучаснай іранічнай інтанацыяй і фарсавымі элементамі, стылізаваны танец, спевы, тэатралізаванае выкананне музыкі. Музычная аснова спектакля – творы Я.Д. Голанда, М. Радзівіла, Э. Ванжуры, В. Казлоўскага. Сцэнарый напісаў кампазітар Я. Паплаўскі паводле дыдактычнай паэмы «Тэагонія» Гесіёда, пастаноўку ажыццявіў А. Ляляўскі. У спектаклі прымаў удзел ансамбль салістаў «Класік-Авангард».
Трэці фестываль «Адраджэнне беларускай капэлы» (1993) быў прысвечаны сучаснай музыцы розных краін і меў авангардную скіраванасць. На яго запрашаліся выканаўцы з Расіі, Фінляндыі, Галандыі, Ізраіля, а таксама кампазітары, чыя музыка была прадстаўлена ў фестывальных праграмах. Сучасная беларуская музыка падавалася ў кантэксце еўрапейскай культуры.
Чацвёрты фестываль (1994) быў прысвечаны музычнаму рамантызму; пяты (1995) – рэлігійнай музыцы розных канфесій, што існавалі ў Беларусі; шосты (1996) – музыцы XVI – XVII cтcт.; сёмы (1997)– нямецкаму кампазітару Я.Д. Голанду, які з 1782 г. па 1802 г. працаваў у Нясвіжы ў князя К.С. Радзівіла ў якасці прыдворнага кампазітара і дырыжора нясвіжскай капэлы.
У наступных фестывальных мерапрыемствах выконваліся творы С. Манюшкі, В. Казлоўскага, К. Горскага, братоў А. і М. Ельскіх, Ф. Міладоўскага, Ю. Крашэўскага, а таксама сучасныя беларускія творы, значная частка якіх прысвячалася А. Міцкевічу. Да фестывалю, прысвечанаму творчасці М.К. Агінскага, быў створаны аднаактовы балет «Паланэз» на музыку кампазітара В. Кузняцова (па матывах твораў М.К. Агінскага). Спектакль таксама паказваўся ў Польшчы.
Па ініцыятыве «Беларускай Капэлы» зроблены сучасныя аўтарскія версіі зборніка лірычных кантаў «Куранты» В. Капыцько, канцэртны варыянт створаны Д. Смольскім. Значнай тэатральнай акцыяй «Беларускай Капэлы» стала пастаноўка на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь спектакля па оперным творы «Фауст» А. Радзівіла ў 1999 г. (лібрэта І. Гётэ ў перакладзе В. Сёмухі). Паставіў спектакль В. Скорабагатаў.
Кожны фестываль, арганізаваны тэатральна-канцэртным аб'яднаннем «Беларуская Капэла», з'яўляецца падзеяй у культурным жыцці краіны. Багацейшая музычная спадчына, якую пакінулі нам мінулыя стагоддзі, вяртаецца і знаходзіць свайго ўдзячнага слухача.
У 1995–2005 гг. творчы калектыў разам з фірмай «Дудуткі-тур» і выдавецтвам «Паліфакт» праводзіў «Фэст старасвецкай культуры ў Дудутках». Таксама аб'яднанне з'яўляецца з 1993 г. адным з заснавальнікаў Міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі «Магутны Божа».
«Беларуская Капэла» заснавала серыі нотных выданняў: «Музыка старажытных сядзібаў» (з 1995 г.), «Беларускі гістарычны нотны збор» (з 1996 г.), «Мікола Равенскі. Збор твораў» (з 2005 г.).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.