Работы сямейнай пары Есьмана Ігара Іванавіча і Есьман Ларысы Аляксандраўны ўжо даўно сталі неад’емнай часткай архітэктурнага аблічча беларускай сталіцы. Іх імёны заўсёды стаяць побач у энцыклапедычных і даведачных выданнях, а пачатак творчага шляху супадае ў часе. Ураджэнцы Мінска, яны абодва ў адзін год (1959) скончылі Беларускі політэхнічны інстытут.
Ларыса Аляксандраўна адразу пасля навучання была накіравана ў інстытут “Мінскпраект”, які стаў адзіным месцам яе працы. Тут яна прайшла ўсе ступені прафесійнага росту – старшы архітэктар, кіраўнік групы, галоўны архітэктар. Яе першай працай стала праектаванне квартала Грушаўскага пасёлка. Потым яна прымала ўдзел ў распрацоўцы праекта мікрараёна са складанай па рэльефе тэрыторыяй па вул. Харкаўская (1962). Сумесна з Э. А. Афанасьевай ёю вялася праца над вялікай самастойнай тэмай – праектам дэталёвай планіроўкі жылога раёна на былых палях фільтрацыі, які пазней атрымаў назву Серабранка (1967). З 1966 г. Л. А. Есьман – член Саюза архітэктараў БССР.
У хуткім часе Ларысу Аляксандраўну ўключылі ў склад аўтарскага калектыву, які распачаў працу над “Генеральным планам Мінска на 1980 г.” (зацверджаны ў 1965 г.). Пазней яна яшчэ два разы вярталася да гэтай тэмы, прымаючы ўдзел у карэктуры генеральнага плана сталіцы (1971) і распрацоўцы “Генеральнага плана Мінска на 2000 г.” (зацверджаны ў 1982 г.). У 1985 г. за гэту працу аўтарскаму калектыву была прысуджана прэмія Савета Міністраў БССР.
Адначасова ў 1970–1980 гг. пры непасрэдным удзеле Л. А. Есьман былі створаны праекты дэталёвай планіроўкі жылых раёнаў сталіцы: Паўднёвы Захад-1 (1974), Уручча (1982), Дварышча (1983), Сухарава (1985), Лошыца (1988), Новы двор (1989) і інш. Паралельна распрацоўвалася дэтальная планіроўка цэнтра горада: “Гісторыка-архітэктурны апорны план”, “Схема ахоўных зон памятнікаў гісторыі, культуры, архітэктуры і прыроды”, “Схема турысцкіх маршрутаў”. Па заказе мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта створаны “Праект размяшчэння праваслаўных храмаў на тэрыторыі Мінска”, а ў 1992 г. – “Схема размяшчэння культавых аб’ектаў розных канфесій г. Мінска”.
Да канца 1990-х гг. Ларыса Аляксандраўна ўдзельнічала ў стварэнні праграмы “Канцэпцыя развіцця цэнтра Мінска” (раздзел “Выяўленне гістарычных заканамернасцяў развіцця цэнтра”).
Л. А. Есьман з’яўляецца аўтарам артыкулаў у раздзеле “Архітэктура” энцыклапедычнага даведніка “Мінск” (1983).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.