Сярод дойлідаў, якія актыўна і таленавіта стваралі архітэктурнае аблічча сучаснага Мінска, дастойнае месца належыць Ігару Іванавічу Есьману. Нарадзіўся архітэктар у Мінску ў сям’і будаўніка. Вучыўся ў Мінскім архітэктурна-будаўнічы тэхнікуме, на архітэктурным аддзяленні будаўнічага факультэта Беларускага політэхнічнага інстытута (БПІ). Яго педагогамі былі мастакі І. Ахрэмчык, П. Крохалеў, А. Малішэўскі. Навуку дойліда ён асвойваў у знакамітых архітэктараў – У. Караля, Г. Заборскага, В. Гусева, У. Вараксіна і архітэктара-мастака Я. Печкіна. Першым месцам яго працы пасля заканчэння БПІ (1959) стаў Інстытут будаўніцтва і архітэктуры АН БССР. У 1960 г. ён перайшоў у “Мінскпраект” (галоўны архітэктар праектаў з 1960 г., з 1989 г. – кіраўнік майстэрні).
Сярод найбольш вядомых работ Ігара Іванавіча гэтага часу – Інстытут тэхнічнай эстэтыкі (1964). У 1962–1965 гг. у суаўтарстве з іншымі спецыялістамі распрацаваны індывідуальны праект вучэбных карпусоў Педагагічнага інстытута замежных моў (цяпер – Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт). Потым былі створаны праекты жылых дамоў па Партызанскім праспекце (1965) і па вуліцы Рэспубліканскай (1966), комплексу адміністрацыйных будынкаў па вуліцы Някрасава (1968), экперыментальнага дзіцячага сада-ясляў у мікрараёне “Серабранка-5” (1970), вучэбнага корпуса (1981) і інтэрната (1979–1986 гг., абодва ў суаўтарстве) архітэктурна-будаўнічага факультэта БПІ, будынка турыстычнай гасцініцы “Арбіта” па вул. Прытыцкага (1980). У складзе аўтарскага калектыву Ігар Іванавіч працаваў над праектам станцыі метро “Пушкінская” (1985) і інш.
І.І. Есьман прымаў удзел у стварэнні помніка на ўшанаванне памяці Героя Савецкага Саюза Б. Акрэсціна і лётчыкаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі. Яго суаўтарам быў скульптар В. Палійчук. Помнік устаноўлены ў Мінску па вул. Кульман (1965, рэканструяваны ў 1972 г.). Сярод адметных дасягненняў архітэктара ў галіне канструктарскіх адкрыццяў – вынаходства ўнікальнай завесы (завесы Есьмана), здольнай паварочвацца на 180 градусаў у абодва бакі. Тэхнічнае вынаходніцтва атрымала Еўрапатэнт і патэнты Беларусі, СССР, ЗША, Аўстраліі, залатыя медалі і ганаровыя граматы на трох міжнародных выстаўках: Жэнеўскай (1994), Брусельскай (1995) і Франкфурта-на-Майне (1998).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.