З высокім прафесіяналізмам, сур’ёзнасцю і дакладнасцю створаны музычныя творы заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Рыгора Фёдаравіча Суруса. Многія з іх выконваліся не толькі ў гарадах нашай краіны, але і ў канцэртных залах Расіі, Літвы, Азербайджана, Чэхаславакіі, ЗША і інш. Для творчасці кампазітара характэрны шырокі вобразна-тэматычны і жанравы дыяпазон – ад героікі да лёгкага гумару, ад акадэмічнасці да эстраднасці і фалькларызму, ад інструментальных мініяцюр да буйных музычна-тэатральных кампазіцый.
Нарадзіўся Р. Сурус у г. Улан-Удэ (Бурація). У 1944 г. сям’я пераехала ў Рослаўль, дзе ў 1959 г. ён скончыў школу. Пасля заканчэння Мінскага музычнага вучылішча імя М.І. Глінкі вучыўся на кампазітарскім факультэце Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А.В. Луначарскага па класе кампазіцыі прафесара А. Багатырова (1963–1969). З 1969 па 1972 г. выкладаў у Сярэдняй спецыяльнай музычнай школе пры кансерваторыі. Закончыў асістэнтуру-стажыроўку пры Ленінградскай кансерваторыі пад кіраўніцтвам прафесара А. Лемана (1973).
У пачатку творчага шляху ў цэнтры ўвагі Р. Суруса – інструментальная музыка, асабліва фартэпіянная. Асноўнае месца ў ёй заняла мініяцюра, прадстаўленая ў п’есах, прэлюдыях, якія ён пачаў пісаць яшчэ ў студэнцкія гады. Тады ж былі створаны і першая саната, і першыя сімфанічныя творы. Найбольшую вядомасць набыла Сімфаньета для камернага аркестра (1970). Сярод асноўных твораў Р. Суруса вылучаюцца музычныя камедыі «Несцерка» (1975, пастаўлена ў 1979 і 1982 гг.) і «Судны час» (1983, пастаўлена ў 1984 г.); балет «Кірмашовыя забавы» (1993); сюіта «Сваток» (1972), паэма «Памяці герояў» (1975); творы для сімфанічнага аркестра «Сімфанічныя варыяцыі» (1966), «Святочная ўверцюра» (1979), канцэрт «На Купалле» (1995), сімфонія-канцэрт «Каляды. Ражаство» (2000); канцэрты: для скрыпкі з аркестрам (1972), «Юнацкі» для фартэпіяна з аркестрам (1987); творы для аркестра беларускіх народных інструментаў, для эстраднага аркестра, у тым ліку «Святочны вальс» (1975, пералажэнне для духавога – 1987), «Восеньскі накцюрн» (1977), «Лірычны экспромт» і «Рамантычны вальс» (1984), «З добрай раніцай» і «Успамін» (1985), «Аднойчы вечарам», «Зорны вальс», «Бэзавы сад» (усе 1986); творы для фартэпіяна, баяна, цымбалаў, скрыпкі, флейты, кларнета; вакальныя і харавыя творы а капэла на беларускія тэксты (налічваецца больш за 20), у тым ліку кантата «Шлюбная» (1998), апрацоўкі беларускіх народных песень, рамансы, песні. Ён аўтар музыкі для рамансаў «Зімовая дарога» (1963) і «Цёплы вечар» (1966) на словы М. Багдановіча. Пісаў таксама музыку для дзяцей. Сярод твораў для маленькіх слухачоў вылучаецца вясёлая і гумарыстычная кантата «Упарты Фама» (1969).
Музыка Р. Суруса адметная сваёй сувяззю з фальклорнымі крыніцамі. Аўтар імкнецца да прыгожай і рэльефнай меладычнай лініі, яскравага тэматычнага матэрыялу. Умела выкарыстоўвае дынаміку рытмаў, поліфанічную тэхніку, сінтэзуе традыцыйныя і новыя сродкі музычнай выразнасці. Па сваім гучанні і настроі сустракаюцца стрыманыя і суровыя, лірычна-пранікнёныя і задушэўныя, драматычна напружаныя і экспрэсіўныя творы. Яго буйныя работы вызначаюцца канцэптуальнасцю, драматургіяй. У паэме «Памяці герояў», якая была напісана да 30-годдзя Перамогі, літаратурнай асновай сталі дакументальныя надпісы на помніках Мамаевага кургана ў Валгаградзе, Марсавага поля ў Санкт-Пецярбургу, на сценах Брэсцкай крэпасці. Паэма ўражвае публіцыстычнасцю і грамадзянскім пафасам.
Для творчасці кампазітара ўласціва аптымістычнае адчуванне сённяшняга дня, жаданне выказаць думкі і пачуцці свайго сучасніка. Арыгінальныя музычныя прыёмы Р. Суруса, чысціня і прыгажосць лірычных вобразаў захапляюць не толькі прафесійных майстроў, але і аматараў музыкі. Творы аўтара атрымалі ўсеагульнае прызнанне, яны трывала ўвайшлі ў канцэртную практыку, педагагічны рэпертуар; некаторыя з іх адзначаны дыпломамі фестываляў і конкурсаў. Рыгор Сурус – лаўрэат Усесаюзнага фестывалю (1973), Усесаюзнага і Рэспубліканскага конкурсаў (1977), Усесаюзнага конкурсу «Па месцах баявога паходу» (1980), Усесаюзнага агляду-конкурсу музычных спектакляў (1981), 1-га Нацыянальнага фестывалю «Музыка і тэатр» (1996). З'яўляецца лаўрэатам прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1999), узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2014).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г.