Дата рождения:
04.08.1947 Велікарыта, в., Маларыцкі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерти:
25.09.1996
Краткая справка:
мастак, які працаваў у розных жанрах станковага жывапісу, кніжнай графіцы, экслібрысе, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1992)
Имена на других языках:
Selyashtchuk Mikalai Mikhailavitch (не определен); Селещук Николай Михайлович (русский);
5894 символа
Справка
Мікалай Міхайлавіч Селяшчук – цікавы, яркі, шматгранны майстар, творчасці якога ўласцівы філасофскі падыход да кожнага твора, імкненне паказаць непаўторную сувязь вытокаў нацыянальнай культуры, беларускага фальклору і этнаграфіі з сучасным мастацтвам.
Нарадзіўся ён у в. Велікарыта Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і рабочых. Маляваннем захапляўся з дзяцінства. Некаторы час займаўся ў мастацкай студыі пад кіраўніцтвам П. Данелія. Пасля заканчэння ў 1964 г. сярэдняй школы працаваў у Брэсцкім гарнізонным Доме афіцэраў мастаком па рэкламе. У 1965 г. быў прыняты ў Мінскае мастацкае вучылішча на аддзяленне жывапісу. У 1968 г. паступіў на графічны факультэт Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Вучыўся ў П. Любамудрава і В. Шаранговіча. У 1976 г. пачаў працаваць мастацкім рэдактарам у выдавецтве «Вышэйшая школа».
Творчай дзейнасцю М. Селяшчук займаўся яшчэ ў студэнцкія гады. Працаваў у станковай і кніжнай графіцы (каляровая літаграфія, афорт), у розных жанрах жывапісу, экслібрысе. Удзельнічаў у мастацкіх выстаўкаў з 1966 г. У 1977 г. стаў членам Беларускага саюза мастакоў. Публіцыстычнасцю, антываенным гучаннем вызначаюцца раннія творы М. Селяшчука – графічныя лісты «Дыктатар» і «Ваенная заалогія» (1976); лірызмам прасякнута серыя «Успаміны дзяцінства» (1978), лісты «Успаміны», «Няўлоўныя мелодыі вечара» і «Травы дзяцінства» (усе 1979) і інш. Шмат увагі ўдзяляў мастак кніжнаму афармленню. Багаццем фантазіі, вытанчанасцю і дасканаласцю малюнка вылучаюцца ілюстрацыі да кніг «Васількі» А. Кулакоўскага (1981), «Пара любові і жалю» Я. Янішчыц (1983), «Усміхніся мне» Я. Сіпакова (1984), «Скарб» З. Бядулі (1986), «Сымон-музыка» Я. Коласа (1990) і інш. Дзіцячая кніга давала магчымасць фантазіраваць, паглыбляцца ў казачны свет. На малюнках да кніжак «Індыкала-кудыкала» Р. Барадуліна (1986), «Рак-вусач» Я. Коласа (1989), «Бацькаў дар» (1985), «Прагны багацей» (1985), зборніка «Сказки белорусских писателей» (1988) і іншых героі ў нацыянальных строях лёталі ў паветры, раскрывала пялёсткі папараць-кветка, кампазіцыя магла быць асіметрычнай, колеравая гама насычанай і яркай. У графічных работах М. Селяшчук імкнуўся паказаць непарыўную сувязь вытокаў беларускай нацыянальнай культуры і сучаснага мастацтва, улічваў псіхалогію, густ чытача, ствараў гістарычны фон, на якім дзейнічаюць героі твораў. Асобнай старонкай творчасці мастака з’яўляўся экслібрыс. Першыя кніжныя знакі ён выканаў у тэхніцы лінагравюры, потым афорта і літаграфіі. Асноўная лінія кніжнага знака майстра – добра перапрацаваны літаратурны матэрыял, ілюстрацыйнасць, лірызм і паэтызацыя вобразаў.
Рамантычнасць светаадчування, тонкае пачуццё каларыту, разгорнутая апавядальная алегорыя, ёмістая метафара і сімволіка – адметныя рысы жывапісных палотнаў мастака. Яны, па словах крытыкаў, нагадваюць дзіўны, загадкавы тэатр. Пазнавальнасцю, падкрэсленай дакументальнасцю і драматызмам характарызуюцца карціны «Матылькі тут не жывуць» (1982), «Бацька памёр» (1982–1988), «Вярнуліся» (1985) і інш. Вобразы прыроды ў палотнах «Стары парк» (1980), «А калі гэта ўзнікне перад табой» (1981), «Зміраюся з табой і цішынёй» (1989) вабяць вытанчанай прыгажосцю. Для найбольш моцнага эфекту М. Селяшчук у работах выкарыстоўваў элементы сюррэалізму, фантасмагорыю і гратэск. Дзякуючы гэтым сродкам у карцінах «Пярэварацень» (1991), «Метамарфозы» (1992), «Люблю цябе сустракаць» (1994) перададзены драматычныя калізіі жыцця. У некаторых палотнах – «Вясна» і «Свята» (1991), «Саната мора» і «Гірлянда маўчання» (1992), «Травы Палесся» (1994) – адлюстравана традыцыйная тэма барацьбы дабра і зла. Узнёслымі і рамантычнымі намаляваны цудоўныя жаночыя вобразы ў карцінах «Лета» (1987), «Канец сезона туманаў» (1985–1988), «Прынцэса» (1994), «Спякотны вечар з вясёлкай на крэсле» (1995). Нягледзячы на мноства сяброў, якія акружалі мастака, ён адчуваў сябе адзінокім, што не магло не адбіцца на творах. Менавіта таму адну з карцін партугальскага цыкла ён назваў «Пачуццё адзіноты» (1979). У творчасці М. Селяшчук звяртаўся да партрэтнага жывапісу. Работы ў гэтым жанры ўражваюць прафесійным майстэрствам. У карцінах «Вячэрняе сонца. Аўтапартрэт» (1981), «Анжэла» (1982), «Партрэт дэлегата ХІХ з’езда камсамола, кінаактрысы Святланы Сухавей» (1983), «З сямейнага альбома» (1986), «Партрэт дзяўчынкі» (1992) і іншых мастак імкнуўся падкрэсліць жыццярадаснасць, валявыя якасці, актыўнасць сваіх герояў.
На працягу двух дзесяцігоддзяў М. Селяшчук стварыў некалькі соцень карцін, ілюстрацый да кніг, афортаў і экслібрысаў, шэраг чкіхх экспанаваўся на шматлікіх выстаўках у розных краінах свету. Мастак неаднаразова ўзнагароджваўся дыпломамі і прэміямі рэспубліканскіх, усесаюзных і замежных конкурсаў. У 1989 г. за афармленне кнігі «Індыкала-кудыкала» Р. Барадуліна атрымаў залаты медаль і дыплом біенале кніжнай ілюстрацыі ў Браціславе. У 1992 г. стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі за серыю графічных лістоў «Святы» («Каляды», «Гуканне вясны», «Вербніца»), цыкл карцін «Мая Беларусь», ілюстрацыі да кніг «Сымон-музыка» Я. Коласа і «Сказки белорусских писателей». У гэтым жа годзе біяграфічным цэнтрам Кембрыджскага ўніверсітэта быў прызнаны Чалавекам года ў галіне культуры. Жывапісныя і графічныя работы М. Селешчука захоўваюцца ў Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве, зборах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску і калекцыі Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага рускага мастацтва ў Нью-Джэрсі (ЗША), музеях у Мальбарку (Польшча) і Шлесбурку (Германія), бібліятэцы Кірыла і Мяфодзія (Балгарыя), а таксама ў прыватных калекцыях у Беларусі, Грэцыі, Францыі, Фінляндыі, Канадзе, ЗША, Ізраілі, Літве, Чэхіі, Славакіі, Расіі, Германіі.
25 верасня 1996 г. М. Селяшчук трагічна загінуў у Італіі. Ён пахаваны ў в. Камяніца-Жыравецкая Брэсцкага раёна.